Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора.
 
І зноў пачаў Ён вучыць у берага мора, і збіраецца да Яго вялікі натоўп, Ён ступіў у човен, і сеў там, а народ заставаўся на ўзбярэжжы,

Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім:
 
І Ён вучыў іх многамі праз прыповесці, і казаў ім у Сваёй навуцы:

«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
 
«Слухайце, вось выйшаў сейбіт сеяць.

І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго.
 
І было так, калі ён сеяў, упала адно зярнятка ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі, і падзяублі яго.

Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая.
 
А другое ўпала на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу паўзыходзіла, бо глеба была неглыбокая;

А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла.
 
І калі ўзышло сонца — выгарала, і таму што не мела карэння, засохла.

Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну.
 
А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні, і заглушылі яго, і плоду яно не дало.

Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў».
 
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плён, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прынеслі, і па трыццаці, і па шастідзесяці, і па ста».

І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
 
І казаў ім: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»

А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці.
 
І калі Ён застаўся адзін сярод Сваіх Дванаццаці вучняў, тыя спыталіся ў Яго, пра прыповесці.

І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,
 
І адказаў ім: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Царства Божага; тым жа, па-за вамі, прыйдзецца пазнаваць праз прыповесці,

каб яны глядзелі і не бачылі,слухалі і не разумелі,каб не навярнулісяі каб не было адпушчана ім».
 
таму і кажу ім прыповесцямі, бо яны гледзячы не бачаць, слухаючы не чуюць, сэрдцам не разумеюць, і не абарочваюцца, для таго каб было даравана ім.

І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?
 
І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесці, а як зразумееце ўсе прыповесці?

Сейбіт сее слова.
 
Сейбіт сее слова.

Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх.
 
Дык вось тыя, што ўскрай дарогі, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае у іх.

Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго,
 
І гэтак жа пасеяныя на камяністым грунце, яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго,

але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца.
 
не маюць кораня ў сабе і дачасна; пасля, калі надыходзіць уціск альбо ганенне, адразу надломваюцца і гіне слова.

Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова,
 
адсутнічае

але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
 
Ды турботы веку, зман багацця, ды спакуса да чаго-небудзь іншага, уваходзячы заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.

А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
 
А вось тыя, пасеяныя ў добрую зямлю: яны слухаюць слова і прымаюць і прыносяць пажытак па трыццаці і па шасцідзесяці і па ста».

І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку?
 
І казаў ім: «Хіба на тое прыносіцца свяцільня, каб паставіць яе пад пасудзну ці пад ложак? Але ж на тое, каб паставіць на падстаўку.

Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася.
 
Бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца, і нічога тайнага, што не выйдзе як яўнае.

Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
 
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам.
 
І казаў Ён ім: «Запомніце, што чуеце; якою мераю вы мерыце, такою мераю і вам будзе адмерана, і дададзена будзе вам.

Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».
 
Бо хто мае, таму будзе дададзена: а хто не мае, і нават тое, што мае, ад яго забярэцца».

І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю.
 
І казаў Ён: «Такое Царства Божае ёсць: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю,

Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае.
 
і ці спіць ён, ці ўстае, ці ўдзень, ці ўночы, насенне тое ўсходзіць і расце — хоць як, ён сам не ведае.

Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
 
Яго поле само з сябе прыносіць плён: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.

Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
 
Калі ж даспее плод, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво».

І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго?
 
І казаў Ён зноў: «З чым параўнаем Царства Божае ці праз якою прыповесць выявім яго?

Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі.
 
Ды яно як гарчычнае зерне, што пасеена ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі,

Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
 
а калі пасеянае ўздымаецца і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, то пад яго ценем могуць гняздацца птушкі нябёсныя».

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць.
 
І праз многія такія прыповесці казаў ім слова, наколькі яны маглі слухаць Яго.

І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
 
І праз усё гэта казаў Ісус праз прыповесці, толькі вучням Сваім, у адзіноце, растлумачыў усё.

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг».
 
І сказаў Ён Сваім вучням пад вечар: «Пераедзьм жа на другі бок».

І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны.
 
І яны, адпусціўшы натоўп, разам з Ім, у чоўне, накіраваліся да другога берага.

І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою.
 
І ўздымаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў човен, так што човен ужо напаўняўся.

А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?»
 
А Ён спаў на карме, на падушцы. Ды яны пачалі будзяць Яго, бо былі не ў бяспецы, усклікваючы Настаўніку, што гінуць.

Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша.
 
І прачнуўшыся, Ён пагразіў ветру і сказаў мору: «Маўчы, суцішся!» І суцішыўся вецер і настала вялікая ціша.

А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?»
 
І сказаў тады ім: «Што вы такія баязлівыя? Чаму веры не маеце?»

Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
 
І яны нацярпеўшыся страху вялікага, казалі адзін аднаму: «Што ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?»