Марка 16 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Калі мінуў шабат, Марыя Магдалена, Марыя Якубава і Саламея купілі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Езуса.
 

Вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца,
 

і гаварылі між сабою: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?»
 

І паглядзеўшы, убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі.
 

Увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся.
 

А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго.
 

Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам”».
 

Яны выйшлі і пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх і здзіўленне. Нікому таксама нічога не расказалі, бо баяліся.
 

Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў.
 

Яна пайшла і расказала тым, хто быў з Ім, якія смуткавалі і плакалі.
 

А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.
 

Пасля гэтага Езус з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску.
 

Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але ім таксама не паверылі.
 

Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны былі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага.
 

Ён сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню.
 

Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.
 

Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі;
 

змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць».
 

Пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога.
 

А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.