Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
У тыя дні, як сабралося дужа многа народу і ня ме́лі што е́сьці, Ісус, клíкнуўшы ву́чняў Сваіх, кажа ім:
У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
Шкада Мне́ народу, што ўжо тры дні са Мною і ня ма́е што́ е́сьці.
«Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.
І, калі пушчу іх дамоў ня е́ўшы, аслабе́юць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
І вучні Ягоныя адказалі Яму: скуль мог бы хто тут у пустыні накарміць іх хле́бам?
І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»
І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: се́м.
І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».
І сказаў народу се́сьці на зямлю; і, узяўшы се́м хлябоў ды падзя́каваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі народу.
І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.
І ме́лі яны не́калькі рыбак; і, пабагаславіўшы, сказаў раздаць і тыя.
І мелі яны некалькі рыбаў. І, дабраславіўшы іх, сказаў раздаць і тыя.
І е́лі, і насыціліся, і набралі астаўшыхся кускоў се́м карабоў.
І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.
Еўшых жа было каля чатырох тысячаў. І распусьціў іх.
А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.
І, ураз увайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі, прыйшоў у ме́жы Далмануфскія.
І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.
І вы́йшлі фарысэі ды пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ад Яго знако́ў з не́ба, спакуша́ючы Яго.
І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.
І Ён, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: на што род гэты дамагаецца знако́ў? Запраўды́ кажу́ вам, ня будзе да́дзены знак роду гэтаму.
І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам, знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».
І, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у чо́вен і паплыў на той бок.
І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.
І забыліся ўзяць хле́ба, і ня ме́лі з сабою ў чаўне́ хле́ба, апрача аднаго бо́хана.
І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.
Ён загадаў ім: глядзіце, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай.
І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай».
І разважалі між сабою, кажучы: гэта што хле́ба ня маем.
І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».
І, ве́даючы, Ісус кажа да іх: ці-ж яшчэ ня ця́міце й не разуме́еце? Ці йшчэ скамяне́ўшы ма́еце сэрца вашае?
І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?
Маючы вочы, ня бачыце? Маючы вушы, ня чуеце? дый не памятаеце?
Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?
Калі Я пяць хлябо́ў паламаў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кускоў назьбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
А калі се́м для чатырох тысячаў, колькі карабоў назьбіралі вы астаўшыхся кускоў? Сказалі: се́м.
«А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».
І сказаў ім: як жа не разуме́еце?
І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»
І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрану́цца да яго.
І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
І, узяўшы сьляпога за руку, вы́веў яго за сяло і, плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі ды спытаўся, ці што бачыць?
І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.
І той, зірнуўшы, адказаў: бачу людзе́й, што як дрэвы ходзяць.
І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».
Потым ізноў палажыў рукі на вочы яму ды зрабіў, каб бачыў. І паздараве́ў ды стаў бачыць усё ясна.
Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.
І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не захо́дзь у сяло́ і не кажы́ нікому ў сяле́.
І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў сёлы Кеса́рыі Піліпавай. І дарогаю Ён пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго лічаць Мяне́ людзі?
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»
Яны адказалі: за Іоана Хрысьціцеля; другія-ж за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».
Ён жа кажа ім: а вы за каго лічыце Мяне́? І Пётр адказаў Яму, кажучы: Ты — Хрыстос.
І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»
І загадаў ім, каб нікому не гаварылі аб Ім.
І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
І пачаў навучаць іх, што трэба, каб Сын Чалаве́чы многа вы́цярпеў, каб адцура́ліся ад яго старшы́ны і архірэі і кніжнікі, ды каб быў забіты і цераз тры дні ўваскро́с.
І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і праз тры дні ўваскрос.
І гаварыў аб гэтым адкрыта. І Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў кары́ць Яго.
І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.
А Ён, агляну́ўшыся й ба́чучы вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: адыдзі ад Мяне́, сатана́, бо думаеш не аб Божым, але аб чалаве́чым.
Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».
І, паклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хочя ісьці за Мною, адракíся ад самога сябе́ і вазьмí крыж свой ды йдзі сьле́дам за Мною;
І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
бо хто хоча душу сваю спасьцí, загу́біць яе́; але хто загу́біць душу сваю за Мяне́ і Эва́нгельле, той спасе́ яе́.
Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе.
Бо што за кары́сьць чалаве́ку, калі-б здабыў уве́сь сьве́т, а душы́ сваёй шкоду ўчыніў бы?
Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
Або што́ дасьць чалаве́к за душу сваю?
Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
Бо хто пасаро́міцца Мяне́ і Маіх слоў перед родам гэтым блудным ды грэшным, дык і Сын Чалаве́чы пасаро́міцца яго, як пры́йдзе ў славе Айца Свайго з а́нгеламі сьвятымі.
Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».