Да Піліпянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Дык, калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце́, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая лучнасьць духа, калі ёсьць якое міласэрдзе і спачуваньне,
І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць,
то дапоўніце маю радасьць: каб тое самае думалі, тую-ж любоў ме́лі, былі аднадушныя і аднадумныя;
напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя,
нічога (не рабе́це) праз спрэчкі ці дзеля пустое пахвальбы, але ціхой мудрасьцяй лічы́це адзін аднаго вышэйшым за сябе́.
нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы,
Не аб сабе́ толькі кожны клапо́цься, але і аб другіх,
не аб сваім толькі клапоцячыся, але і аб тым, што належыць іншым.
бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце́ Ісусе:
Тыя ж адчувайце ў сабе думкі, што і Хрыстос Ісус,
Які, будучы ў пастаці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу;
Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам,
але панізіў Сябе́ Самога, прыняўшы абра́з раба́, стаўшыся на падабе́нства людзе́й і здаўшыся выглядам, як чалаве́к,
але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасць людзей; і па знешнасці прызнаваны за чалавека,
зьняважыў Сябе́, будучы паслухмяным ажно да сьме́рці і сьме́рці крыжовай.
упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай.
Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,
Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,
каб перад іме́ньнем Ісуса сукланілася ўсякае кале́на нябе́сных, зямных і падзе́мных,
каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,
і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад — Ісус Хрыстос, у славу Бога Айца.
і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца.
Дык вось, умілаваныя маі, як вы заўсёды слухалі ня толькі ў бытнасьць маю, але шмат бале́й цяпе́р, у час нябытнасьці мае́й, са страхам і дрыжэньнем аб збаўле́ньне свае́ старайцеся,
Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем клапаціцеся пра сваё збаўленне.
бо Бог ёсьць той, што робіць у вас і жаданьне і дзе́яньне з зычлівасьці Свае́й.
Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць.
Усё рабе́це без нараканьня і сумляваньня,
Усё рабіце без наракання і хістання,
каб вам быць бязьвіннымі і чыстымі, дзяцьмі Божымі беззаганнымі сярод перакорлівага і распуснага роду, між якім вы зьяеце, як сьве́тачы на сьве́це,
каб вы былі без заганы і простымі, дзяцьмі Божымі без віны між народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце,
маючы слова жыцьця, на пахвалу маю́ ў дзе́нь Хрыстовы, што я не надарма хадзіў і не надарма працаваў.
трымаючыся слова жыцця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.
Але, калі я й ро́блюся ахвяраю за жэртву й служэньне ве́ры вашай, я це́шуся і це́шуся супольна з вамі;
Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі.
з гэтага самага і вы це́шцеся, і це́шцеся супольна са мною.
З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасцю са мною.
Спадзяюся-ж у Госпадзе Ісусе хутка паслаць вам Цімахве́я, каб і я, даве́даўшыся аб вас, уце́шыўся духам.
Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас.
Бо ня маю нікога роўнага душою, хто гэтак шчыра рупіўся-б аб вас;
Бо нікога не маю такога аднадумнага, хто б так шчыра рупіўся пра вас.
бо ўсе шукаюць свайго, а не Ісуса-Хрыстовага.
Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста.
А яго дасьве́дчаньне ве́даеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне́ ў дабравешчаньні.
Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні.
Дык я спадзяюся паслаць яго зараз-жа, як толькі даве́даюся, што́ будзе са мною.
Такога вось спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне.
Бо я пэўны ў Госпадзе, што й сам хутка прыду.
Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, брата і супрацо́ўніка і супольніка майго ў барацьбе́, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй,
Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,
бо ён жадаў бачыць усіх вас і цяжка тужыў, што вы дачуліся аб хваробе яго.
бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу.
Бо ён быў хворы траха́ не сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня ме́ў я суму да суму.
Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў суму на суме.
Дык я хутчэй паслаў Яго, каб вы, угле́дзіўшы яго ізноў, уце́шыліся, дый каб я быў ме́нш сумны.
Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў.
Прыме́це-ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцяй, і гэтакіх у чэсьці ме́йце,
Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане,
бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьме́рці, ня дбаючы аб жыцьці, каб папоўніць нястачу служэньня вашага мне́.
бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.