Якава 4 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Скуль войны й бітвы у вас? Ці ня згэтуль: з раскошаў вашых, што ў чле́нах вашых ваююць?
 
Адкуль узнікаюць войны ды адкуль сваркі між вамі? Не адкуль інакш, як з пажадлівасці вашай, што бунтуецца ў членах вашых.

Жадаеце й ня ма́еце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце дасягнуць; сварыцёся і ваюеце, ды ня маеце, бо ня просіце.
 
Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце здабыць; сварыцеся ды ваюеце. Не маеце, бо не ўпрошваеце,

Просіце і не дастаецё, бо просіце блага, каб ужыць на раскошы вашыя.
 
просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, каб толькі задаволіць сваю пажадлівасць.

Бясчэсныя й бясчэсьніцы! Ці ня ве́даеце, што дружба са сьве́там ёсьць варожасьць да Бога? Дык, хто хоча быць другам сьве́ту, той робіцца ворагам Богу.
 
Чужаложнікі, ці вы не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам ёсць варожасць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага веку, той робіцца ворагам Бога.

Ці вы думаеце, што надарма́ кажа Пісаньне: да завісьці любіць дух, што жыве́ ў нас?
 
Можа ўважаеце, што дарма Пісанне кажа: «Зайздросна любіць Дух, Які жыве ў нас»?

і тым большую дае́ ласку, дык і сказана: Бог гордымі брыдзіцца, а пакорным ласку дае́ (Прыповесьцяў 3:34).
 
Дык большую дае ласку паводле таго, як кажа: «Бог супрацівіцца пыхлівым, а пакорлівым ласку дае».

Дык пакарыцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас.
 
Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас.

Бліжэй падыйдзе́це да Бога, і прыблізіцца да вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
 
Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Абмыйце рукі, грэшнікі, ачысціце сэрцы, двудушнікі.

скрушайцеся, плачце й галасіце: някай сьме́х ваш абе́рнецца ў плач, і радасьць — у гора.
 
Смуткуйце, жальцеся і плачце: хай смех ваш абернецца ў жалобу, а радасць — у тугу.

Скарыцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
 
Спакарыцеся перад абліччам Госпада, і Ён падыме вас.

Не абмаўляйце, браты, адзін аднаго: хто брата абмаўляе й асуджа́е брата свайго, той абмаўляе закон і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, то ты не́ выпаўніцель закону, але судзьдзя.
 
Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той ачарняе закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выканавец закону, але суддзя.

Адзін законадаўца можа збавіць і загубіць; а хто ты, што судзіш другога?
 
Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?

А ну цяпер вы, што кажаце: сягоньня ці заўтра вырушым у такое й такое ме́ста і пражыве́м там адзін год, і будзем таргаваць і зарабляць, —
 
А ну цяпер вы, што кажаце: «Сёння або заўтра пойдзем у той ці іншы горад, і пражывём там год, і зоймемся гандлем, і атрымаем прыбытак»;

вы, якія ня ве́даеце, што будзе заўтра: бо што такое вашае жыцьцё? Па́ра, што зьяўляецца на малы час, а потым зьнікае.
 
вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё ваша. Бо [яно —] пара, што на хвіліну з’яўляецца, а потым прападае.

Заме́ст таго, каб вам гаварыць: калі Госпад захоча й будзем жывыя, дык зробім тое ці другое, —
 
Замест таго казаць бы вам: «Калі Госпад захоча, будзем жыць і рабіць тое ці іншае».

вы вось праз пыху сваю пуста хваліцеся. Усякае гэткае пустахвальства ёсьць зло.
 
Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.

Дык вось, хто ве́дае, як рабіць дабро, ды ня робіць, грэх таму.
 
Таму той, хто ўмее рабіць дабро і не робіць, грэх таму!