1 да Карынфянаў 15 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я абвяшчаў вам, ды якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
 
Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я вам раней вясціў і якое вы прынялі ды ў якім трываеце,

якім і збаўляецеся, калі ўдзе́ржыце, якім словам я абвяшчаў яго вам, калі толькі не надарма паве́рылі.
 
і праз якое збаўляецеся, калі яго захаваеце такім, якім я вясціў вам, інакш уверылі вы надарма.

Бо я сьпярша́ пераказаў вам, што і сам прыняў, што Хрыстос паме́р за грахі нашыя паводле Пісаньня,
 
Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашы грахі паводле Пісання,

і што Ён быў пахаваны і ўскрос на трэці дзень, паводле Пісаньня,
 
і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,

і што зьявіўся Кіфе, пасьля-ж дванаццацём;
 
і што з’явіўся Кіфу, і затым дванаццаці,

пасьля зьявіўся бале́й чым пяцістам братом зара́з, з якіх большая частка й дагэтуль жывуць, некаторыя-ж паўміралі;
 
што пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова; большасць з іх жыве дасюль, некаторыя і паўміралі;

пасьля зьявіўся Якубу, дый усім Апосталам;
 
пасля паказаўся Якубу, пазней усім Апосталам,

а пасьля ўсіх зьявіўся і мне́, быццам адкіненаму.
 
напрыканцы, як неданоску, ужо па ўсіх, паказаўся таксама мне.

Бо я — найме́ншы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я перасьле́даваў царкву Божую,
 
Бо я найменшы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я пераследаваў Царкву Божую.

але з ласкі Бога ёсьць тым, чым есьць, і ласка Яго, што́ ўва мне́, ня была дарэмнай, але я бале́й за іх усіх папрацаваў; дый ня я, але ласка Божая, што са мною.
 
Але з ласкі Бога ёсць тым, кім ёсць, ды дадзеная мне ласка Яго не была дарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, дый не я, аднак, але ласка Божая са мною.

Дык ці я, ці яны, мы гэтак навучаем, а вы гэтак паве́рылі.
 
Дык ці я, ці яны, мы так прапаведуем, каб вы так паверылі.

Калі-ж аб Хрысьце́ апавядаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык я́к некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасе́ньня мёртвых?
 
Калі аб Хрысце прапаведуецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык як некаторыя паміж вас кажуць, што няма ўваскрэсення мёртвых?

Калі няма ўваскрасе́ньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;
 
Калі няма ўваскрэсення мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос.

а калі Хрыстос не ўваскрос, дык і навука наша дарэмная, дарэмная і ве́ра вашая.
 
А калі Хрыстос не ўваскрос, дык дарэмнае навучанне наша, ды дарэмная таксама вера ваша.

Да таго мы аказаліся-б і ілжывымі сьве́дкамі Божымі, бо сьведчылі аб Богу, што Ён ускрасіў Хрыста, Якога не ўскрашаў, калі паме́ршыя не ўскрасаюць.
 
А мы аказаліся б фальшывымі сведкамі Бога, бо мы сведчым пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.

Калі-ж мёртвыя не ўскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;
 
Калі памерлыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос.

а калі Хрыстос не ўваскрос, дык ве́ра вашая пустая: вы йшчэ ў грахох вашых.
 
А калі Хрыстос не ўваскрос, неразумная вера ваша, і вы дасюль застаецеся ў грахах сваіх.

Дык і паме́ршыя ў Хрысьце́ пагіблі.
 
Дык тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, загінулі.

А калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяе́мся на Хрыста, дык найбольш нешчасьлівыя з усіх людзе́й.
 
Калі ў гэтым жыцці толькі мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы найнешчаслівейшыя з усіх людзей.

Але цяпе́р Хрыстос уваскрос з мёртвых, першако́м сярод паме́ршых стаўся.
 
Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых — першынец сярод памерлых.

Бо, як сьме́рць праз чалаве́ка, гэтак праз чалавека і ўваскрасе́ньне мёртвых.
 
Бо як праз чалавека смерць, так праз чалавека і ўваскрэсенне з мёртвых;

Бо, як у Адаме ўсе́ паміраюць, гэтак у Хрысьце́ ўсе́ ажывуць,
 
бо як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць.

і кожны ў сваім парадку: пярша́к Хрыстос, потым Хрыстовыя ў прыход Ягоны.
 
Але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстос, затым тыя, што Хрыстовы, у час прыйсця Яго;

А тады кане́ц, калі Ён аддасьць Царства Богу і Айцу, калі зьніштожыць усякае начальства і ўсякую ўладу і сілу,
 
потым канец, калі перадасць Ён валадарства Богу і Айцу ды калі знішчыць усякае начальства, усякую ўладу ды моц.

бо Яму нале́жыць цараваць, дакуль пакладзе́ ўсіх ворагаў пад ногі Свае́.
 
Бо Яму належыць валадарыць, аж дакуль пакладзе пад ногі Свае ўсіх ворагаў.

Апошні вораг зьнішчыцца — сьме́рць,
 
Апошні вораг будзе знішчаны — смерць.

бо ўсё пакарыў пад ногі Яго; калі-ж сказана, што Яму ўсе пакорна, дык ясна, што апрача Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
 
Бо Ён ўсё пакарыў пад ногі Яго. Калі сказана: «Усё падначалена Яму», то, канешне, акрамя Таго, Хто Яму ўсё падначаліў.

Калі-ж усё пакарыць Яму, тады й Сам Сын пакарыцца Пакарыўшаму Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.
 
А калі ўжо ўсё будзе Яму падначалена, тады і Сам Сын падначаліцца Таму, Хто Яму падначаліў усё, каб Бог быў усім ва ўсіх.

Іначай што́ будуць рабіць Тыя, што хрысьцяцца дзеля мёртвых, калі мёртвыя зусім не ўскрасаюць? чаго хрысьціцца дзеля мёртвых?
 
Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост дзеля памерлых? Калі памерлыя наогул не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост дзеля іх?

Чаго і мы кожную гадзіну ў небясьпе́цы?
 
Дык нашто і мы ставім сябе штохвіліну пад небяспеку?

Я што-дня ўміраю: сцьвяржае гэта пахвала ваша, браты, якую ма́ю ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
 
Я штодня паміраю, і гэта праз ваша ўхваленне, браты, якое маю ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.

Калі-б я па-чалаве́чаму бароўся з зьве́рамі ў Эфэсе, дык якая мне́ карысьць, калі мертвыя не ўскрасаюць? Дык будзем е́сьці і піць, бо заўтра памрэм!
 
Калі я толькі, як чалавек у Эфесе, змагаўся з дзікімі звярамі, якая карысць мне з таго? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, дык будзем есці і піць, бо заўтра памром.

Не ашуківайце сябе́: благія сяброўствы псуюць добрыя абычаі.
 
Не падманвайце сябе: «Благія сяброўствы псуюць добрыя звычаі».

Працьверазіцеся праведна і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ве́даюць Бога, — кажу вам на сорам.
 
Ацверазіцеся як след і перастаньце грашыць! Бо ёсць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. На сорам вам кажу.

Але скажа хто-не́будзь: як ускрэснуць мёртвыя? ды ў якім це́ле прыдуць?
 
Але скажа нехта: «А як памерлыя ўваскрасаюць? У якім целе прыходзяць яны?»

Неразумныя! што́ ты се́еш, не ажыве́, калі не памрэ;
 
О неразумны! Дык жа тое, што ты сееш, не ажыве, калі перш не памрэ.

і што́ се́еш, се́еш ня будучае це́ла, а голае зе́рне, пшанічнае, ці якое іншае, як надарыцца;
 
І тое, што сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, але як звычайнае зерне, скажам, пшанічнае або якое іншае.

але Бог дае́ яму це́ла, як хоча, і кожнаму зярняці сваё це́ла.
 
Але Бог дае яму такое цела, якое захацеў; і кожнаму насенню сваё ўласнае цела.

Ня кожнае це́ла такое самае це́ла, але інакшае ў рыбаў, інакшае ў птушак.
 
Не кожнае цела тое самае цела, але адно ў людзей, іншае ў быдла, а яшчэ іншае ў птушак, ды іншае ў рыб.

І це́лы нябе́сныя, і це́лы зямныя: але інакшая слава нябе́сных, інакшая зямных;
 
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але адна слава нябесных, іншая зямных.

інакшая слава сонца, інакшая слава ме́сяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
 
І адна слава сонца, а іншая слава месяца, ды іншая слава зорак; і зорка ад зоркі адрозніваецца славай.

Гэтак і ўскрасе́ньне мёртвых: се́ецца на тле́ньне, устае́ ў нятле́ннасьці;
 
Падобна і з уваскрэсеннем мёртвых: сеецца на знішчэнне, а ўваскрасае ў незнішчальнасці;

се́ецца ў паніжэньні, устае́ ў славе; се́ецца ў бяссільлі, устае́ ў сіле;
 
сеецца ў паніжэнні, а ўваскрасае ў славе; сеецца ў кволасці, а ўваскрасае ў моцы;

се́ецца це́ла душэўнае, устае́ це́ла духоўнае. Ёсьць це́ла душэўнае і есьць це́ла духоўнае.
 
сеецца цела душэўнае, а паўстае цела духоўнае. Ёсць цела душэўнае, дык ёсць і духоўнае.

Так і напісана: стаўся пе́ршы чалаве́к Адам душою жывою (Быцьцё 2:7), а апошні Адам — дух жыцьцятворны.
 
Так вось і напісана: «Стаўся першы чалавек, Адам, жывою душою», а апошні Адам — Духам жыватворчым.

Але не́ духоўнае ране́й, а душэўнае; духоўнае пасьля.
 
Аднак перш не тое, што духоўнае, але тое, што душэўнае; духоўнае ж потым.

Пе́ршы чалаве́к з зямлі, зямны; другі чалаве́к — Госпад з не́ба.
 
Першы чалавек з зямлі, зямны, другі чалавек — Госпад з неба.

Які зямны, гэтакія і зямныя; і які нябе́сны, такія і нябе́сныя.
 
Які зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя,

І як мы насілі абра́з зямнога, будзем насіць і абраз нябе́снага.
 
і як насілі мы вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.

Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць цела і кроў унасьле́даваць Царства Божае, дый тле́ннасьць не насьле́дуе нятле́ннасьці.
 
Кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць успадкаеміць Валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае, не можа мець спадчыны ў незнішчальным.

Вось кажу вам тайну: бо ня ўсе́ мы памрэм, але ўсе́ пераме́німся —
 
Вось кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,

зьнячэўку, у імгне́ньне вока, пры апошняй трубе́; бо затрубіць, і мёртвыя ўскрэснуць нятле́ннымі, і мы пераме́німся,
 
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы; бо затрубіць, і паўстануць памерлыя незнішчальнымі, і мы будзем пераменены.

бо тле́ннаму гэтаму трэба апрануцца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў несьмяротнасьць.
 
Бо трэба, каб тое, што знішчальнае, прыадзелася ў незнішчальнасць і смяротнае прыадзелася ў несмяротнасць.

Калі-ж тле́ннае гэтае апранецца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнае гэтае апране́цца ў несьмяротнасьць, тады ста́нецца напісанае слова: праглынена сьме́рць перамогаю (Ісая 25:8).
 
А калі ўжо гэтае знішчальнае прыадзенецца ў незнішчальнасць, і смяротнае гэтае прыадзенецца ў несмяротнасць, тады збудуцца напісаныя словы: «Паглынута смерць перамогаю.

Сьме́рць! гдзе́ тваё джала? Пе́кла! гдзе́ твая перамога? (Осія 13:14.)
 
Пекла, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»

Джала-ж сьме́рці — грэх; а сіла грэху — закон.
 
Джала смерці — грэх, а сіла граху — закон.

Богу-ж падзяка, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
 
Богу ж падзяка, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя! будзьце цьвёрдыя, стойкія, у дзе́ле Гасподнім пасьпявайце заўсёды, ве́даючы, што праца ваша не дарэмная перад Госпадам.
 
Дзеля таго, браты мае ўлюбёныя, будзьце стойкімі, непахіснымі, заўсёды рупліва занятымі справай Госпада, ведаючы, што праца ваша недарэмная перад Госпадам.