Дзеі 4 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддуке́і,
І калі яны прамаўлялі да народу, да іх падступілі святары, начальнік храмавай варты і садукеі,
узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаве́дуюць у Ісусе ўваскрасе́ньне із мёртвых;
раздражнёныя тым, што яны вучаць народ і абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых,
і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо ве́чар.
і наклалі на іх рукі і змясцілі пад варту да раніцы: бо ўжо быў вечар.
Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уве́равалі; і было гэткіх людзе́й лікам каля пяцёх тысячаў.
Але многія з тых, што слухалі слова, уверавалі, і лік гэтых людзей дасягнуў [каля] пяці тысяч.
І сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
І сталася: на другі дзень сабраліся ў Іерусаліме іх начальнікі, і старэйшыны, і кніжнікі,
і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
і Ганна, першасвятар, і Каіяфа, і Іаан, і Аляксандр, і тыя, што былі з першасвятарскага роду,
дый, паставіўшы гэных пасярод сябе́, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
і, паставіўшы іх пасярэдзіне, яны спыталіся: Якою сілаю альбо якім імем вы гэта зрабілі?
Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
Тады Пётр, напоўніўшыся Святым Духам, сказаў ім: Начальнікі народа і старэйшыны [Ізраільскія]!
Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалаве́ку, чым ён аздароўлены,
Калі нас сёння дапытваюць за дабрадзейства хвораму чалавеку, чым гэты чалавек выратаваны,
дык няхай ве́дама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэ́я, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
то няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, Гэтым імем стаіць гэты чалавек перад вамі здаровы.
Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
Ён — камень, пагрэбаваны вамі, будаўнікамі, які стаў асноваю вугла.
і ні ў кім іншым няма́шака збаўле́ньня, бо й няма іншага імя пад не́бам, да́дзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
І няма ні ў кім іншым выратавання, бо няма пад небам іншага імя, дадзенага людзям, якім мы павінны быць выратаваны.
Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
І, бачачы адвагу Пятра і Іаана і зразумеўшы, што яны людзі невучоныя і простыя, яны здзіўляліся і пазнавалі іх — што яны былі з Ісусам.
Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалаве́ка, не маглі нічога сказаць насупраць.
І, бачачы, што стаіць з імі выздаравелы чалавек, нічога не маглі запярэчыць.
Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, ра́дзіліся паміж сабою,
І, загадаўшы, каб яны выйшлі з сінедрыёна, пачалі раіцца адзін з адным,
кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
кажучы: Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо дзівосны знак, які адбыўся праз іх, вядомы ўсім жыхарам Іерусаліма, і мы не можам гэтага адмаўляць.
Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб дале́й не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзе́й.
Але, каб гэта яшчэ больш не пашыралася ў народзе, [давайце] прыстрашым іх, каб яны больш не казалі пра гэтае імя нікому з людзей.
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
І, паклікаўшы іх, загадалі зусім не казаць і не вучыць у імя Ісуса.
Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас бале́й, чым Бога?
Але Пётр і Іаан сказалі ім у адказ: Ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога, — памяркуйце самі;
Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
бо не можам мы не казаць пра тое, што бачылі і чулі.
Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе́ славілі Бога за тое, што сталася.
І тыя, яшчэ прыстрашыўшы, адпусцілі іх, не знаходзячы нічога, каб пакараць іх, з-за народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
Бо больш за сорак гадоў было таму чалаве́ку, з якім стаўся цуд аздараўле́ньня.
бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім адбыўся гэты цуд выздараўлення.
Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
Калі ж іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і расказалі, што ім казалі першасвятары і старэйшыны.
Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валада́ру! Ты Бог, што ўчыніў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
І тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Уладару, Ты [Божа], Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
Які праз Святога Духа, праз вусны нашага бацькі Давіда, Твайго слугі, сказаў: «Чаго ўзбунтаваліся13 язычнікі, і народы задумалі марнае?
Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
Паўсталі зямныя цары, і начальнікі сабраліся разам супроць Госпада і супроць Яго Хрыста»
Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
Бо яны папраўдзе сабраліся ў гэтым горадзе на Твайго Святога Сына Ісуса, Якога Ты памазаў, і Ірад, і Понцій Пілат разам з язычнікамі і людзьмі Ізраіля,
каб учыніць тое, чаму стацца напе́рад назначыла рука Твая й рада Твая.
каб зрабіць тое, чаму Твая рука і Твая задума прадвызначыла адбыцца.
І цяпе́р, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усе́й адвагай гаварыць слова Тваё
І цяпер, Госпадзе, паглядзі на іх пагрозы і дай Тваім слугам з усёй адвагаю прамаўляць Тваё слова,
ды працягні руку Тваю на аздараўле́ньне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
калі Ты працягваеш [Тваю] руку на вылячэнне і каб адбываліся знакі і цуды імем Твайго Святога Сына Ісуса.
І, як памаліліся, захісталася ме́сца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
І, калі яны памаліліся, месца, дзе яны сабраліся, здрыганулася, і ўсе напоўніліся Святым Духам і сталі казаць слова Божае з адвагаю.
У грамады́-ж ве́руючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці свае́й не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
І ва ўсім мностве, што ўверавала, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога са сваёй маёмасці не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
І з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядо́цтва ўваскрасе́ньня Госпада Ісуса, і ла́ска вялікая была на ўсіх іх.
І Апосталы з вялікай сілаю сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса [Хрыста], і вялікая ласка была на ўсіх іх.
І ня было сярод іх нікога, хто цярпе́ў бы недастатак, бо хто ме́ў зямлю ці дамы́, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
Бо не было між іх нікога ў нястачы; бо ўсе, што былі ўладальнікамі зямель ці дамоў, прадавалі і прыносілі цану прададзенага
і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму дава́лася тое, што яму было патрэбна.
і клалі ў нагах Апосталаў, і яно раздавалася кожнаму, хто ў чым меў патрэбу.
Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
І Іосіф14, празваны апосталамі Варнавам, што ў перакладзе азначае «сын суцяшэння», лявіт, кіпрыёт родам,
ме́ўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нага́м Апосталаў.
у якога было поле, прадаў яго, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.