1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,
 

бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.
 

Бо калі будуць казаць: «мір і бяспека», тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.
 

Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;
 

бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.
 

Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.
 

Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.
 

Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,
 

таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
 

Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.
 

Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.
 

Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,
 

і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.
 

Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.
 

Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.
 

Заўсёды радуйцеся.
 

Няспы́нна маліцеся.
 

За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.
 

Духа не гасíце.
 

Прароцтвамі не пагарджа́йце.
 

Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.
 

Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.
 

Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 

Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.
 

Браты! маліцеся за нас.
 

Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.
 

Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.
 

Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.