Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,
Дык будзьце паслядоўнікамі Бога, як сыны найдаражэйшыя,
і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.
і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на водар прыемнасці.
А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;
Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых,
таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;
або разбэшчанасць ці ліхая гаворка, ці насмешка неадпаведная, але лепш падзяка.
бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
Вось гэта ведайце, разумеючы, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым.
Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:
Хай ніхто вас не зводзіць пустымі словамі; бо за гэта прыйшоў гнеў Божы на сыноў недаверства.
дык не майце нічога супольнага з імі.
Дык не станьцеся супольнікамі іх.
Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,
Бо былі вы калісьці цемраю, а цяпер вы — святло ў Госпадзе, дык і жывіце, як сыны святла.
бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;
Плод жа святла выяўляецца ва ўсякай дабраце, і справядлівасці, і праўдзе.
распазнавайце, што́ даспадобы Богу,
Выпрабоўвайце, што падабаецца Госпаду,
і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.
і не прымайце ўдзелу ў бясплённых справах цемры, але лепш выкрывайце.
Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.
Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі патаемна.
А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;
Усё, што выклікае дакаранні, выяўляецца ў святле,
таму ска́зана: «устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос».
бо ўсё, што выяўляецца, ёсць святло. Таму і сказана: «Устань, які спіш, і паўстань з мёртвых, і будзе свяціць табе Хрыстос».
Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,
Дык глядзіце, браты, асцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,
даражыце часам, бо дні ліхія.
выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.
Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.
Дзеля таго не будзьце неразважлівымі, але разумейце, што ёсць воля Госпада.
І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,
І не піце лішне віна, у якім распуста, але напаўняйцеся Духам,
звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
гаворачы між сабою псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі; спяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.
дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,
Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Хрыстовым.
Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
Жанчыны [падпарадкавайцеся] мужам сваім, як Госпаду,
бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.
бо муж — галава жанчыны, як Хрыстос — галава Царквы; Ён жа — Збаўца цела.
Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.
Але, як Царква падпарадкавана Хрысту, так і жонкі мужам сваім ва ўсім.
Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
Мужы, любіце жонак, як і Хрыстос любіць Царкву, і Самога Сябе выдаў за яе,
каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;
каб асвяціць яе, ачышчаючы лазняй воднаю ў слове,
каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.
каб паставіць Самому Сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна святая і беззаганная.
Так павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.
Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.
Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,
Бо ніхто ніколі не меў у нянавісці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстос Царкве,
таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.
бо мы — члены Цела Яго.
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.
Дзеля таго пакіне чалавек бацьку і матку і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.
Тайна гэтая вялікая; а гавару я ў адносінах да Хрыста і да Царквы.
Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысце і Царкве.
Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.
Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа.