1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
Дасягайце любові; імкніцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.
Імкніцеся да любові, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, каб праракаваць.
Бо хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу; бо ніхто не разумее: ён у ду́ху гаворыць тайны;
Бо хто гаворыць мовамі, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.
а хто прарочыць, той лю́дзям гаворыць для ўмацава́ння, і падтрымкі, і суцяшэ́ння.
Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаванне, і для заахвоты, і для суцяшэння.
Хто гаворыць мовамі, той настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
Хто гаворыць мовамі, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.
Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён і тлумачыць будзе, каб царква атрымала настаўле́нне.
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба пры тым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты, і буду гаварыць мовамі, то якую карысць прынясу вам, калі не прамоўлю вам або адкраве́ння, або ведаў, або прароцтва, або павучэ́ння?
Цяпер жа, браты, калі прыйду да вас, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.
Нават бяздушныя рэчы, якія маюць гуча́нне, — ці жалейка, ці гуслі — калі не пададу́ць выразных гукаў, то як даведацца, што́ іграюць на жалейцы ці на гуслях?
Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?
І калі труба падасць няя́сны гук, то хто стане рыхтавацца да бітвы?
Калі гэтак труба падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?
Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўляць незразумелыя словы, то як даведацца, што́ вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!
Колькі ёсць розных гаворак на свеце, і ніводнай з іх няма без значэння;
Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная з іх не без голасу.
але калі я не разумею гаворкі, то для таго, хто гаворыць, я — чужаземец, і той, хто гаворыць, — чужаземец для мяне.
Калі я, аднак, не буду разумець значэння слоў, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
Так і вы, імкну́чыся да духоўнага, намагайцеся ўзбагаціцца ім дзеля ўмацавання царквы.
Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца ім для пабудовы царквы.
А таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб мог тлумачыць.
Таму: хто гаворыць мовамі, хай моліцца, каб патлумачыць.
Бо калі я малюся мовамі, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца без плоду.
Калі я малюся мовамі, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.
Што ж рабіць? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
Бо калі ты будзеш благаслаўляць духам, то я́к той, хто займае месца недасведчанага, скажа «амінь» на тваю падзяку́ Ён жа не разумее, што́ ты гаворыш.
Дарэчы, калі ты будзеш дабраслаўляць у духу, як жа на тваё дабраславенне скажа «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?
Ты добра ўзносіш падзяку, але іншы не атрымлівае настаўлення.
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.
Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
Дзякую Богу майму, што я больш за вас усіх гавару мовамі.
але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым дзесяткі тысяч слоў мовамі.
Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.
Браты! не будзьце дзе́цьмі розумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а розумам будзьце сталымі.
Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
У законе напісана: «іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюць Мяне, кажа Гасподзь».
У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншымі, але яны і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Госпад.
Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для веруючых, а для няверуючых; а прароцтва не для няверуючых, а для веруючых.
Дык вось, мовы ёсць знак не для веруючых, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для веруючых.
Калі ўся Царква збярэцца разам і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць недасве́дчаныя альбо няверуючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яцелí
Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?
Калі ж усе прарочаць, а ўвойдзе нехта няверуючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,
А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
і гэтак тайны сэрца яго выяўля́юцца, і ён, упаўшы ніц, паклоніцца Богу і ўсклікне: «сапраўды, з вамі Бог».
і гэтак тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»
Дык што ж, браты́ Калі вы збіра́ецеся разам, і ў кожнага з вас ёсць псалом, ёсць павучэнне, ёсць мова, ёсць адкравенне, ёсць тлумачэнне, — усё няхай будзе дзеля ўмацавання.
Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мовы, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.
Калі хто гаворыць мовамі, то няхай гавораць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.
Калі хто гаворыць мовамі, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.
Калі ж не будзе тлумачальніка, то маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;
Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.
калі ж другому, які сядзіць, будзе адкравенне, то першы няхай замаўчыць.
Калі ж каму іншаму з тых, што сядзяць, будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.
Бо ўсе можаце адзін за адным прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе атрымлівалі суцяшэнне.
Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.
І духі прарочыя падпарадкоўваюцца прарокам,
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
таму што Бог — не бязладдзя Бог, а міру. Так адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых.
бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,
Жанчыны вашы ў цэрквах няхай маўчаць, бо не дазволена ім прамаўляць, а належыць падпарадкоўвацца, як і закон кажа.
жанчыны вашы ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.
Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў; бо непрыстойна жанчыне прамаўляць у царкве.
Калі яны хочуць нечаму навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчынам прамаўляць у царкве.
Хіба ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?
Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
Калі хто лíчыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразумее: тое, што́ я пішу вам, — гэта запаведзі Гасподнія;
Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загады Госпада.
а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.
А калі хто гэтага не разумее, хай не разумее.
Дык вось, браты мае́, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце і гаварыць мовамі;
Так, вось, браты, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.
толькі ўсё павінна адбывацца добрапрыстойна і ў належным парадку.
Хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.