Псалтыр 34 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў зь сябе вар’ята, і гэты выгнаў яго ад сябе, і ён пайшоў.
 

Я буду славіць Ягову кожную часіну; хвала Яму будзе ўсьцяж на вуснах маіх.
 

Яговам будзе хваліцца душа́ мая; пакорныя мусяць гэта пачуць і ўзьвясялíцца.
 

Бу́дзьма славіць Ягову разам са мною, і ўзвышаць разам Імя Ягонае!
 

Я шукаў Ягову, і Ён пачуў мяне, і ад усіх маіх страхаў Ён уратаваў мяне.
 

Тыя, хто на Яго ўзіра́юцца, прасьвятляюцца, і аблічча іх ня пасарамляецца.
 

Вось убогі: ён гука́ў, і Ягова пачуў і выратаваў яго із усіх ягоных бедаў.
 

Ангел Яговы акаляе тых, што баяцца Яго (Ягову), і Ён (Ягова) вызваляе іх.
 

Паспытайце і ўбачце, што Ягова добры. Шчасьлівы той, хто ў Ім знаходзіць прытулак.
 

Бойцеся Яговы, (вы) сьвятыя Ягоныя, бо тыя, што баяцца Яго, ня маюць ні ў чым нястачы.
 

Маладыя ільвы церпяць нягоды і галадаюць, але тыя, што шукаюць Ягову, ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.
 

Хадзеце сюды, сынове, выслухайце мяне, я навучу вас баяцца Ягову.
 

Хто ёсьць чалавек, які любіць жыцьцё, які ахвотна хацеў бы доўгіх дзён жыцьця, каб убачыць добрае?
 

Устрымлівай язык свой ад благога і вусны свае ад слоў падступных.
 

Ухіляйся ад благога і рабі добрае, шукай міру і імкніся да яго.
 

Вочы Яговы накіраваны на справядлівых, і вушы Ягоныя на іхнае гуканьне.
 

Аблічча Яговы супраць тых, хто робіць ліхое, каб зьнішчыць зь зямлі і памяць пра іх.
 

Справядлівыя гукаюць да Яговы, і Ён чуе іх і вызваляе іх з усіх іхных бедаў.
 

Ягова блізкі да тых, у каго зламанае сэрца, і Ён выратуе тых, у каго дух разьбіты.
 

Шмат пакутаў у справядлівага, але Ягова з усіх іх вызваліць яго.
 

Ён пільнуе ўсе ягоныя косткі, каб ніводная зь іх ня была паламаная.
 

Бязбожніка заб’е ліха, і тыя, што нянавідзяць справядлівага, будуць абвінавачаны.
 

Ягова вызваляе ду́шы рабоў Сваіх, і тыя, што бяруць у Яго сховішча, ня будуць абвінавачаны.