Быццё 11 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.
 

Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.
 

І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.
 

І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.
 

І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.
 

І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;
 

сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.
 

І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.
 

Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.
 

Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;
 

пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.
 

Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.
 

Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.
 

Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.
 

Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.
 

Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.
 

Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.
 

Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
 

Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.
 

Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.
 

І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
 

Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.
 

І Сара была няплодная і бязьдзетная.
 

І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.
 

І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.