3 царстваў 4 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.
 
І цараваў цар Саламон над усім Ізраэлем.

І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;
 
І гэта кіраўнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока, святара,

Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;
 
Элігарэф і Ахія, сыны Сісы, пісара, Язафат, сын Ахілуда, дзееапісальнік.

Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар — сьвятары;
 
А Баная, сын Ёяды, быў кіраўніком войска, а Садок і Абіятар — святарамі.

Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара — сябар цара;
 
Азарыя, сын Натана, — над намеснікамі, Забуд, сын Натана, святар, — прыяцелем цара.

Ахісар — начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, — над падаткамі.
 
Ахісар — кіраўніком над домам, а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.

І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.
 
І меў Саламон над усім Ізраэлем дванаццаць намеснікаў, якія рупіліся пра харчы для цара і дому яго; бо кожны з іх дапамагаў неабходным адзін месяц у год.

Вось імёны іх: Бэн-хур — на гары Яфрэмавай;
 
І вось імёны іх: Бэнгур на гары Эфраім;

Бэн-Дэкер — у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;
 
Бэндэкар — у Мацы і ў Салебіме, і ў Бэтсамэсе, і ў Элоне і Бэтанане;

Бэн-Хэсэд — у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;
 
Бэнхасэд — у Арубоце, да яго належалі Соха і ўся зямля Хэфэр;

Бэн-Авінадаў — над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;
 
Бэнабінадаб, якому належала ўся ваколіца Дора, і ён меў за жонку Тафэт, дачку Саламона;

Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрэеля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;
 
Баана, сын Ахілуда, меў уладу над Танахам, Магедай і над усім Бэт-Санам, што блізка Сартана, ніжэй Езрагэля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхолы і аж за Екмаам;

Бэн-Гевэр — у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;
 
Бэнгабэр — у Рамоце Галаадскім меў паселішчы Яіра, сына Манасы, у Галаадзе; ён кіраваў усёй ваколіцай Аргоба, што ў Басане, у шасцідзесяці вялікіх гарадах мураваных, якія мелі медныя засаўкі на брамах;

Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;
 
Ахінадаб, сын Адо, кіраваў у Маханаіме;

Ахімаас — у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;
 
Ахімаас — у Нэфталі, але ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Саламона;

Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;
 
Баана, сын Хусая, кіраваў у Асэры і ў Балоце;

Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;
 
Язафат, сын Паруэ, — у Ісахары;

Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;
 
Сямэй, сын Эла, — у Бэньяміне;

Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.
 
Гебэр, сын Ура, — у зямлі Галаад, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана, так што быў адзін намеснік на ўсю краіну.

Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.
 
Юда і Ізраэль былі шматлікія, як пясок марскі; яны елі і пілі і радаваліся.

Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.
 

Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,
 

дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;
 

бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.
 

І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.
 

І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічных і дванаццаць тысяч для коньніцы.
 

І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.
 

І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.
 

І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум — і шырокі розум, як пясок на беразе мора.
 

І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.
 

Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.
 

І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;
 

і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.
 

І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.