Дзеі 15 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.
Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі».
Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.
Калі распачалася звада і немалая спрэчка Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшын у Ерузалем.
І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.
Яны ж, пасланыя Касцёлам, праходзілі праз Феніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне язычнікаў. І вельмі ўзрадавалі ўсіх братоў.
А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.
Калі прыйшлі ў Ерузалем, былі прынятыя Касцёлам, Апосталамі і старэйшынамі. Яны распавялі, што Бог учыніў з імі.
Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.
Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і сказалі: «Трэба абрэзаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!»
Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.
Тады сабраліся Апосталы і старэйшыны, каб вырашыць гэтую справу.
Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;
Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: «Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі.
і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;
Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога.
і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
Ён не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.
Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?
Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?
Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.
Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны».
Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.
Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.
А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:
Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: «Браты, паслухайце мяне.
Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;
Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя.
і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
«потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,
“Потым вярнусяі адбудую заняпалы шацёр Давіда,адбудую руіны яго і пастаўлю нанова,
каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».
каб астатнія людзі шукалі Пана,і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, —кажа Пан, які чыніць гэтыя справы,
Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.
вядомыя спрадвеку”.
Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,
Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога,
а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:
але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганьвання ідаламі, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві.
бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.
Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожны шабат абвяшчае і чытае ў сінагогах Закон Майсея».
Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,
Тады Апосталы і старэйшыны разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабам.
напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.
А праз іх выслалі такі ліст: «Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў з язычнікаў у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі!
Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;
Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы.
дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,
Таму мы згодна вырашылі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі,
людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
якія аддаюць сваё жыццё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста.
І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.
Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі.
Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:
Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна:
устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».
устрымлівайцеся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы».
І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.
Пасланыя прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы людзей, аддалі ліст.
А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.
Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму настаўленню.
Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.
Юда і Сіла, якія самі былі прарокамі, многімі прамовамі настаўлялі і ўмацоўвалі братоў.
Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;
Прабыўшы там пэўны час, браты адпусцілі іх з супакоем да тых, хто іх паслаў.
але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.
[отсутсвует]
А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.
Але Павел і Барнаба заставаліся ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі іншымі слова Пана.
Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.
Праз некалькі дзён Павел сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем нашых братоў ва ўсіх гарадах, дзе мы абвяшчалі слова Пана, і паглядзім, як яны маюцца».
Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,
Тады Барнаба хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам.
але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.
Але Павел палічыў, што не трэба браць з сабой таго, хто адышоў ад іх у Памфіліі і не спадарожнічаў ім у працы.
Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;
Адбылася спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным. Тады Барнаба ўзяў з сабою Марка і паплыў на Кіпр,
а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,
а Павел выбраў сабе Сілу і, калі браты даручылі яго ласцы Пана, вырушыў.
і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
Праходзіў ён праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касцёлы.