Дзеі 18 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф;
 
Пасля гэтага Павел пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт.

і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, — пайшоў да іх,
 
Знайшоўшы нейкага юдэя па імені Аквіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, — прыйшоў да іх.

і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было — рабіць намёты.
 
А паколькі займаўся тым жа рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам намётаў.

А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў.
 
Кожны шабат ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.

А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос.
 
Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся навучаннем і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй.

А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў.
 
А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім: «Кроў вашая на галаву вашую. Я — чысты. Цяпер іду да язычнікаў».

І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі.
 
Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго чалавека па імені Ціт Юст, які шанаваў Бога і дом якога быў побач з сінагогай.

А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся.
 
Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў у Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.

А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай,
 
Пан ноччу ў бачанні сказаў Паўлу: «Не бойся, але кажы і не маўчы,

бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе.
 
таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе».

І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.
 
І прабыў ён год і шэсць месяцаў, навучаючы іх Божаму слову.

Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча,
 
Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго ў суд,

кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе.
 
кажучы: «Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам».

Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас;
 
Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас,

але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым.
 
але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах».

І прагнаў іх ад судзілішча.
 
І выгнаў іх з суда.

А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта.
 
Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.

Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, — і зь ім Акіла і Прыскіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку.
 
Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла. У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.

Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.
 
А калі прыйшоў у Эфес, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сінагогу і размаўляў там з юдэямі.

Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
 
Калі ж яны прасілі пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,

а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе).
 
а на развітанне сказаў ім: «Я вярнуся да вас, калі захоча Бог». І адплыў з Эфеса.

Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію.
 
Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён увайшоў і прывітаў Касцёл, затым адышоў у Антыёхію.

І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў.
 
Правёўшы там пэўны час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс.
 
Нейкі юдэй па імені Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес.

Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.
 
Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна.

Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні.
 
Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, прынялі яго да сябе і растлумачылі яму шлях Божы.

А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою:
 
А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням, каб тыя прынялі яго. Калі ён прыйшоў, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы.

бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
 
Адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.