Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці — намасьціць Яго.
І як прайшла субота, Марыля Магдаліна і Марыля Якубава і Сало́ма купілі духмяных масьцяў, каб пайшоўшы намасьціць Яго.
І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
І вельмі рана раніцай, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы на ўзыходзе сонца.
і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
І гаварылі між сабою: хто адкоціць нам ка́мень ад дзьвераў магілы?
І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
І зірнуўшы бачаць, што ка́мень адко́чаны, а быў ён надта вялікі.
І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.
І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў зьзяючую шату, і жахну́ліся.
А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
А ён кажа ім: ня жахайцеся. Шукаеце ўкрыжаванага Ісуса Назараніна? (Ён) уваскрэшаны. Яго няма тут. Вось мейсца, дзе паклалі Яго.
Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
Дык ідзеце, скажэце вучням Ягоным і Пятру: (Ён) ідзе ў Галілею раней за вас; там Яго ўбачыце, як (Ён) сказаў вам.
І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
І, выйшаўшы, адразу пабеглі ад магілы. І зьняла іх дрыготка і здранцьве́ньне, і нікому нічога ня сказалі, бо баяліся.
Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
Уваскросшы ж рана раніцай у першы дзень тыдня, (Ён) зьявіўся сьпярша Марылі Магдаліне, зь якое выгнаў сем дэманаў.
Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
Яна пайшоўшы абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, — не паверылі.
а тыя пачуўшы, што (Ён) жывы і быў бачаны ёю, ня паве́рылі.
Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
А пасьля гэтага зьявіўся ў іншым выглядзе, двум із іх на дарозе, калі (яны) ішлі ў селішча.
І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
І тыя, пайшоўшы, апавясьцілі астатнім, але і ім ня паве́рылі.
Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
Нарэшце (Ён) зьявіўся ім адзінаццацём узьлягаючым, і дакараў іх у нявер’і і жорсткасьці сэрца, што ня паве́рылі тым, што ўбачылі Яго ўваскросшага.
І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
І сказаў ім: пайшоўшы па ўсяму сьвету апавяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.
Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
Хто паверыць і будзе ахрышчаны, уратаваны будзе, а хто ня паверыць, засуджаны будзе.
Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
А паверыўшых будуць суправаджаць гэткія знакі: Імем Маім будуць выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі;
будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
будуць браць зьмеяў; і калі выпьюць што-небудзь сьмяротнае, ня пашкодзіць ім; на хворых ру́кі пакладуць, дык здаровымі будуць.
І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
Госпад жа пасьля гутаркі зь імі быў узьнесены на Неба, і сеў праваруч Бога.
А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.
А яны пайшоўшы апавяшчалі ўсюды Госпада, Які садзейнічаў і падмацоўваў слова суправаджаючымі знакамі. Амін.