Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.
І выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; і ўсьлед за Ім ідуць вучні Ягоныя.
Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?
І, калі наста́ла субота, пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухаючыя былі зьдзіўленымі кажучы: адкуль у Яго гэта? і якая мудрасьць дадзена Яму, што нават гэткія цуды чыняцца Рукамі Ягонымі?
ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.
Ці ня цясьляр Ён, Сын Марылі, ды Брат Якуба і Ёсі, і Юды, і Сымона? І ці ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?
А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.
І казаў ім Ісус: ня бывае прарок ня шаноўным, хíба што на бацькаўшчыне сваёй, і сярод родзічаў і ў доме сваім.
І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.
І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі нямногіх хворых усклаўшы Ру́кі аздаравіў.
І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў.
І зьдзіўляўся зь няверства іхняга, і хадзіў па навакольных сёлах навучаючы.
І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.
І кліча дванаццацёх, і пачаў іх пасылаць па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі.
І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,
І загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні грошай у капшуку́.
а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.
Адно абувацца ў пасталы і ня апранаць дзьве адзежыны.
І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.
І калі хто ня прыйме вас і ня паслухае вас, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых у сьведчаньне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суду чым месту таму.
І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;
І, пайшоўшы, прапаведавалі каб пакаяліся.
выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.
І многіх дэманаў выганялі, і мазалі алеям многіх хворых і аздараўлялі.
Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, — бо імя Ягонае стала слыннае, — казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
І пачуў кароль Гірад — бо Імя Ягонае стала вядо́мым — і казаў: Яан Хрысьціцель зь мёртвых быў уваскрэшаны, і таму цуды дзеюцца ім.
Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.
Іншыя казалі: гэта Ільля, а іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.
А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых.
А Гірад пачуўшы сказаў: ён ёсьць Яан, якому я адцяў галаву. Ён уваскрэшаны зь мёртвых.
Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю.
Бо гэты Гірад, паслаўшы схапіў Яана і ўвязьніў яго ў цямніцу за Гірадзіяду, жонку Піліпа, брата ягонага, бо ўзяў яе за жонку.
Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго.
А Яан казаў Гіраду: нельга табе мець жонку брата твайго.
А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла.
Сама ж Гірадзіяда гневалася на яго і шукала яго загубіць, але ня магла;
Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.
а Гірад баяўся Яана ведаючы яго як чалавека праведнага і сьвятога, і сьцярог яго, і многае рабіў прыслухоўваючыся да яго, і слухаў яго з ахвотай.
Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, —
І настаў зручны дзень, калі Гірад з нагоды ўгодкаў сваіх учыніў гасьціну вяльможам сваім, і тысячаначальнікам і старэйшынам галілейскім.
дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
І ўвайшла дачка ёйная, Гірадзіяды, і танчыла, і дагадзіла Гіраду і тым, што ўзьляжалі зь ім; (і) сказаў кароль дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе;
І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.
і прысягнуў ёй: чаго ні папросіш у мяне дам табе, нават да паловы валадарства майго.
Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.
І яна выйшаўшы сказала матцы сваёй: чаго прасіць? а тая сказала: галаву Яана Хрысьціцеля.
І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.
І зараз жа хутка прыйшоўшы да караля яна настойліва папрасіла кажучы: хачу каб ты мне зараз жа даў на місе галаву Яана Хрысьціцеля.
Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.
І кароль вельмі моцна зажурыўшыся, але па прычыне прысягі і ўзьляжаўшых зь ім, ня захацеў ёй адмовіць.
І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.
І кароль адразу паслаўшы ката загадаў прынесьці галаву ягоную. А той пайшоўшы адсек галаву ягоную ў цямніцы.
Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
І прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе матцы сваёй.
Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.
І дачуўшыся, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі труп ягоны і паклалі яго ў магілу.
І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
І былí сабра́ныя каля Ісуса Апосталы і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
І сказаў ім: пайдзеце вы самі асобна ў пустэльнае мейсца і крыху адпачнеце. Бо прыхо́дзіла і адыхо́дзіла так многа, што яны ня маглі і паесьці.
І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.
І выправіліся ў пустэльнае мейсца ў чаўне адны.
Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.
Але людзі убачылі іх як яны выпраўляліся, і многія пазналі Яго; і пешшу з усіх местаў пабеглі туды і апярэдзілі іх і сабра́ліся да Яго.
Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.
І выйшаўшы Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі бяз пастуха; і пачаў іх навучаць многа.
І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
І як прайшло многа часу, вучні Ягоныя прыступіўшыся да Яго кажуць: мейсца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.
адпусьці іх, каб пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы купілі сабе хлеба, бо ня маюць чаго паесьці.
Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?
Ён жа адказаўшы сказаў ім: вы дайце ім паесьці. І кажуць Яму: можа нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім паесьці?
Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
Ён жа кажа ім: колькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзе́це. І даведаўшыся, кажуць: пяць (хлябоў) і дзьве рыбіны.
Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
І загадаў ім рассадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.
І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, паглядзеўшы на неба, багаславіў хлябы і паламаў (на кавалкі), і даў вучням Сваім, каб разда́лі ім, і дзьве рыбіны разьдзяліў усім.
І елі ўсе і наеліся;
І паелі ўсе, і былі насычаны.
і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;
І набра́лі кавалкаў хлеба і астаткаў ад рыбін дванаццаць поўных кашоў.
а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
А было еўшых хлябы каля пяцёх тысячаў мужчын.
І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.
І зараз жа прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен ды плысьцí напе́рад на той бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён распусьціць народ.
І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
І, як настаў вечар, човен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні: бо вецер быў ім супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падходзіць да іх ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
А яны ўбачыўшы Яго ідучага па моры, палічылі, што гэта здань, і залямантавалі.
Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
Бо ўсе Яго ўбачылі і перапало́халіся. Дык адразу загаварыў да іх і кажа ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.
І ўвайшоў да іх у човен; і вецер аціх. І ад такога дзіва яны былі ня ў сабе, і вельмі даваліся дзіву.
Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.
Бо ня зразуме́лі (яны цуда) над хлябамі; бо сэрца іхнае было ачарсцьвелым.
І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.
І пераплыўшы прыбылí ў зямлю Генісарэту і прыста́лі да берагу.
Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,
А калі выйшлі яны з чаўна, адразу пазнаўшы Яго,
абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.
аббегшы ўсю тую ваколіцу, пачалí прыно́сіць на насілках хворых (туды) дзе як чуваць было́, што (Ён) там знаходзіцца.
І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.
І куды б (Ён) ня прыходзіў: ці то ў сёлы, ці то ў месты альбо вёскі, — на вуліцах клалі хворых і прасілі Яго, каб дакрануцца хаця бы да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, хто дакраналіся да Яго, былі аздароўлены.