1 Яна 4 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
Любасныя! ня кожнаму духу верце, але выспрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, таму што многія хвальшывыя прарокі прыйшлі ў сьвет.
Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
Па гэтаму вы пазнае́це Духа Бога: кожны дух, які прызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога;
а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
а кожны дух, які ня вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, але гэта ёсьць дух антыхрыста, пра каторага вы чулі, што ён надыходзіць, ды і цяпер (ён) ужо ёсьць у сьвеце.
Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
Дзеці! вы ад Бога, і перамаглі іх! таму, што Той, Каторы ў вас, большы за таго, каторы ў сьвеце.
Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
Яны — ад гэтага сьвету, таму і гавораць ад сьвету гэтага, і сьвет гэты слухае іх.
Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
Мы — ад Бога; хто ведае Бога, слухае нас; хто ня ёсьць ад Бога, нас ня слухае. З гэтага пазнаем Духа Праўды і духа заблуджэньня.
Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
Любасныя! будзем любіць адзін аднаго, таму, што любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога.
хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
Хто ня любіць, той ня спасьціг Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
У гэтым зьяўлена любоў Бога да нас, што Бог Сына Свайго Адзінароднага паслаў у гэты сьвет, каб мы ажылí празь Яго.
У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
У гэтым ёсьць любоў: ня што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго (як) ахвяру адкупляльную за грахі нашыя.
Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
Любасныя! калі так Бог палюбіў нас, (то) і мы павінны любіць адзін аднаго.
Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, (то) Бог прабывае ў нас, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.
Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
Па гэтым пазнаём, што прабываем у ім, і Ён у нас, што даў нам ад Духа Свайго.
І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
І мы ўбачылі і сьведчым, што Ба́цька паслаў Сына Збаўцу сьвету.
Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
Хто бы ні вызнаў, што Ісус ёсьць Сын Бога, Бог у ім прабывае, і ён у Богу.
І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
І мы паверылі і спасьціглі любоў (Бога), якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў, і хто прабывае ў любві (Бога), у Богу прабывае, і Бог у ім.
Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
Дзеля таго любоў (Бога) удаскана́лена ў нас, каб мы мелі сьмеласьць у дзень Суду, бо які Ён, такія і мы ёсьць у гэтым сьвеце.
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
Страху няма ў любві (Бога), але дасканалая любоў (Бога) вон выганяе страх, таму што страх мае (у сабе думку пра) пакараньне. А хто баіцца, ня дасканалы ў любові (Бога).
Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
Мы любім Яго, таму што Ён першы палюбіў нас.
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
Калі хто скажа: я люблю Бога, а брата свайго нянавідзіць — ён ёсьць ілжэц, таму што, хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, (то) Бога, Якога ня бачыць, як можа любіць?
І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
І (мы) маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.