Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Такім чынам апраўданыя цераз веру (мы) маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.
цераз Якога і маем доступ вераю да гэтай Багадаці ў якой стаім і хвалімся надзеяй славы Бога.
І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
І ня толькі (гэтым), але хвалімся і пакутамі, ведаючы што, пакута ўтварае цярпеньне.
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,
А цярпеньне (утварае) досьвед, а досьвед (утварае) надзею.
а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.
А надзея (на Бога) ня прыводзіць да сораму (і расчараваньня), таму што любоў Бога выліта ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які даны нам.
Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.
Бо Хрыстос (тады), калі мы былí яшчэ нямоглымі ў вызначаны час памёр за грэшнікаў.
Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.
Бо наўрад ці памрэ хто за пра́ведніка, хíба што за дабрачынцу можа быць хто і адважыцца памерці.
А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.
Але Бог паказвае Сваю любоў да нас (тым), што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.
Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.
Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы Крывёю Ягонаю, будзем выратаваны Ім ад гневу.
Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;
Бо калі мы (яшчэ) будучы ворагамі прыміраны з Богам цераз сьмерць Сына Ягонага, тым больш, прыміраныя, будзем збаўлены жыцьцём Ягоным.
і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
І мала таго, але і хвалімся Богам цераз Госпада нашага Ісуса Хрыста, цераз Каторага цяпер мы атрымалі прымірэньне.
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
Пагэтаму, як цераз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет (кожнага чалавека) а цераз грэх — сьмерць, так і на ўсіх людзей перайшла сьмерць (таму што) у ім усе саграшылі.
Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.
Бо (і) да Закону грэх быў у сьвеце (ва ўсіх людзях), але грэх ня залічваецца, калі няма Закону,
Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,
але сьмерць валадарыла ад Адама аж да Масея і над ня саграшыўшымі, падобна праступку Адама, каторы ёсьць абраз Будучага (Адама).
але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.
(Ён прыйшоў) ня (спагнаць) за грэх, а прынёс Багадаць. Бо калі цераз грэх аднаго многія памерлі, дык Багадаць Бога яшчэ большая і дар цераз Багадаць аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, зьяўлена са збыткам для многіх.
І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны — апраўданьне.
І дар — ня як за аднаго саграшыўшага, таму што прыгавор з-за аднаго на засуджэньне (многіх); але дар Багадаці — на апраўданьне (многіх) ад многіх грахоў.
Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.
Калі ж цераз грэх аднаго (чалавека) сьмерць валадарыла цераз аднаго (чалавека), тым большы збытак Багадаці, і тыя, хто прынімае дар праведнасьці ў жыцьці (сваім) будуць валадарыць цераз Аднаго Ісуса Хрыста.
Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.
Пагэтаму як цераз грэх аднаго (чалавека) для ўсіх людзей засуджэньне, так і цераз праведнасьць Аднаго для ўсіх людзей апраўданьне на жыцьцё.
Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.
Бо як цераз няпаслушэнства аднаго чалавека грэшнікамі аб’яўленыя многія, так і цераз паслушэнства Аднаго праведнікамі будуць аб’яўлены многія.
А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,
Закон жа прыйшоў пасьля, (і) такім чынам узрасла (веліч) грэху. Калі ж узрос грэх, стала церазмерна збыткаваць Багадаць.
каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
Каб як грэх запанаваў на сьмерць, так і Багадаць каб запанавала праз праведнасьць Ісуса Хрыста, Госпада нашага, на жыцьцё вечнае.