Ёва 22 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І адказваў Таманіцянін і сказаў:
 

хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому.
 

Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці?
 

Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою?
 

Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю.
 

Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку.
 

Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба;
 

а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй.
 

Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі.
 

За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах,
 

альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе.
 

Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока!
 

І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру?
 

Хмары — заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле.
 

Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя,
 

якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разьлілася пад аснову іхнюю?
 

Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны?
 

А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне!
 

Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго:
 

вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь.
 

Зблізіся ж зь Ім — і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро.
 

Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё.
 

Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго
 

і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў — золата Афірскае.
 

І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе,
 

бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё.
 

Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае.
 

Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло.
 

Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам,
 

выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.