Да Рымлянаў 15 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:
 

кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.
 

Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: «ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне».
 

А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.
 

А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,
 

каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.
 

Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных — дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,
 

а язычнікам — зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму».
 

І яшчэ сказана: «узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным».
 

І яшчэ: «хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы».
 

Ісая таксама кажа: «будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць».
 

А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.
 

І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;
 

але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты
 

быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшчэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.
 

І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;
 

бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,
 

сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.
 

Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,
 

а як напісана: «каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць».
 

Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.
 

А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,
 

як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.
 

А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;
 

бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.
 

Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.
 

Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,
 

і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.
 

Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога,
 

каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым,
 

каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі.
 

А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін.