Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Пазаўтра спраўлялі вясельле ў Кане Ґалілейскай, і маці Ісусава была тамака.
І на трэці дзень спраўлялася вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
І таксама Ісус і вучанікі Ягоныя былі пазваныя на вясельле.
Таксама Езус разам з вучнямі Яго быў запрошаны на вясельле.
І, як не ставала віна, маці Ісусава кажа Яму: «Віна ня маюць».
А калі не хапіла віна, сказала Яму Маці: "Віна ня маюць".
Ісус кажа ёй: «ІПто Імне й табе, жонка? яшчэ ня прышла гадзіна Мая».
І сказаў ёй Езус: "Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна".
Маці Ягоная кажа слугам: «Што Ён скажа вам, рабіце».
Сказала тады Маці Езуса слугам: "Зрабіце ўсё, што вам загадае".
І стаяла там, подле звычаю ачышчэньня юдэйскага, шэсьць каменных судзінаў да вады, што зьмяшчалі дзьве альбо тры меры кажная.
А стаяла там шэсьць каменных глякоў для абрадавага абмываньня па звычаю Юдэяў, і кожны з іх зьмяшчаў па два або па тры вядры.
Кажа ім Ісус: «Напоўніце судзіны вадою». І напоўнілі іх ушчырк.
Загадвае ім Езус: "Напоўніце глякі вадой". І напоўнілі іх аж па берагі.
І кажа ім: «Цяпер засіліце й нясіце да загадніка чэсьці». І панесьлі.
Затым сказаў ім Езус: "Зачэрпайце цяпер і занясіце маршалку вясельля". І занесьлі.
Як жа загаднік чэсьці паспытаўся вады, аберненае ў віно, — а ён ня ведаў, скуль яна была, але паслугачыя, што сілялі ваду, ведалі, — тады загаднік гукае маладога
А калі маршалак пакаштаваў вады, якая замянілася ў віно, — а ня ведаў, адкуль узялося віно, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — пазваў маршалак вясельля маладога
Й кажа яму: «Кажная людзіна найперш даець добрае віна, а як нап’юцца, тады горшае; ты дзяржаў добрае віно дагэтуль».
і сказаў яму: "Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты захаваў добрае віно аж да гэтага часу".
Гэты пачатак знакоў учыніў Ісус у Кане Ґалілейскай і зьявіў славу Сваю; і вучанікі Ягоныя ўверылі ў Яго.
Такі вось пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў славу сваю. Дык уверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Просьле гэтага зышоў Ён да Капернауму, Ён а маці Ягоная а браты Ягоныя а вучанікі Ягоныя; і прабылі там троху дзён.
Затым пайшоў сам і Маці, браты і вучні Яго ў Кафарнаўм. І там прабывалі некалькі дзён.
І блізка была Пасха юдэйская, і Ісус узышоў да Ерузаліму;
А надыходзіла Пасха Юдэйская, дык Езус пайшоў у Ерузалім.
І засьпеў у сьвятыні прадаўнікоў валоў а авец а галубоў, і пенезяменаў седзячых.
І знайшоў у сьвятыні прадаючых валоў, авец і галубоў і седзячых мяняльнікаў грошаў.
І, зрабіўшы пугу з аборак, усіх выгнаў ізь сьвятыні, і авечкі і валы; а грошы пенезяменам рассыпаў і сталы абярнуў.
І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са сьвятыні, таксама авечак і валоў, і грошы мяняльнікаў рассыпаў і сталы павыварочваў;
А прадаўніком галубоў сказаў: «Вазьміце гэта адгэтуль, не рабіце дому Айца Майго таварняю».
і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: "Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дому Айца Майго домам гандлю".
Вучанікі Ягоныя прыпомнелі, што напісана: «Рупатлівасьць праз дом Твой зьядае Мяне».
І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: "Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне".
Затым Юдэі, адказуючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш Ты нам, чаму гэта робіш?»
Тады Юдэі, чэпячыся, сказалі Езусу: "Які знак дасі нам у доказ, што гэта робіш?"
Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Разбурыце гэты Дом Божы, і за тры дні Я нанава пастанаўлю яго».
Езус у адказ гаварыў ім: "Зруйнуйце гэту сьвятыню, і Я ў тры дні адбудую яе".
Затым Юдэі сказалі: «Сорак шэсьць год гэты Дом Божы станавілі, а Ты нанава пастановіш Яго за тры дні?»
Дык сказалі тады Юдэі: "Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?"
Але Ён казаў праз Дом Божы цела Свайго.
Але Езус гаварыў пра сьвятыню цела свайго.
Затым, як Ён ускрэс ізь мертвых, вучанікі Ягоныя ўспомнелі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісьму а слову, што Ісус сказаў.
Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі сабе, што пра гэта казаў, і ўверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Езус.
І як Ён быў у Ерузаліме на сьвяце Пасхі, шмат хто ўверыў у імя Ягонае, бачачы знакі, каторыя Ён чыніў.
А калі быў Езус у Ерузаліме ў дзень сьвяточны на Пасху, многія ўверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія чыніў.
Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо знаў усіх,
Але сам Езус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх.
І затым не патрабаваў, каб хто сьветчыў праз чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
Ды ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў аб чалавеку, бо сам ведаў, што ёсьць у чалавеку.