Яна 9 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І, праходзячы, абачыў чалавека, нявіснога ад нараджэньня.
 
Аднойчы, праходзячы, ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад нараджэньня.

І вучанікі папыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто ізграшыў, ён, ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся нявісны?»
 
Дык спыталіся Яго вучні Ягоныя: "Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"

Ісус адказаў: «Ані гэты ізграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб выяўлены былі ўчынкі Божыя на ім.
 
Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы Божыя выявіліся на ім.

Я маю спраўляць справы Таго, хто паслаў Мяне, пакуль ё дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня будзе спраўляць.
 
Я маю выконваць справы Таго, хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы рабіць.

Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятліня сьвету».
 
Пакуль Я на сьвеце, Я — сьвятло сьвету".

Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў балотца ізь сьліны, і памазаў балотцам, як масьцяй, вочы нявісному,
 
Гэта сказаўшы, плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,

І сказаў яму: «Ідзі, умыйся ў копані Сылоам (што перакладаецца: Пасланы)». Дык ён пайшоў, і ўмыўся, і прышоў празерыўшы.
 
кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Сілёэ", што значыць Пасланы. Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся бачачы.

Затым суседзі а тыя, што звычайна бачылі яго ўперад, што ён быў убогі, сказалі: «Ці ня тый ён, што сядзеў а прасіў?»
 
Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?"

Некатрыя казалі: «Гэта ён», а іншыя казалі: «Не, але падобны да яго»; тый жа сказаў: «Гэта я».
 
Адны казалі, што гэта ён, а іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я".

Тады яны сказалі яму: «Як твае вочы адчыніліся?»
 
Дык пыталіся тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"

Ён адказаў: «Чалавек, званы Ісус, зрабіў балотца, памазаў вочы мае і сказаў імне: "Ідзі да Сылоаму і ўмыйся". Затым я пайшоў, умыўся й празерыў».
 
І ён казаў: "Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілёэ і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і бачу".

Тады сказалі яму: «Ідзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».
 
Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".

Вядуць яго, былога нявіснога, да фарысэяў.
 
Дык завялі таго, што быў сьляпым, да фарысэяў.

А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў балотца і ачысьціў вочы яму.
 
А была субота, калі Езус зрабіў балота і вярнуў яму зрок.

І фарысэі ізноў пыталіся ў яго, як ён празерыў. І ён сказаў ім: «Ён паклаў балотца на вочы мае, і я ўмыўся, і бачу».
 
Дык ізноў пыталіся ў яго фарысэі, у які спосаб ён стаў бачыць". А ён сказаў ім: "Ён мне памазаў балотам вочы, я абмыўся і бачу".

Тады некатрыя з фарысэяў сказалі: «Гэны чалавек не ад Бога, бо сыботы не дзяржыць». Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія знакі?» І быў падзел памеж іх.
 
Дык казалі некаторыя з фарысэяў: "Чалавек той, што не беражэ суботы, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія знакі?" Гэтак дайшло да падзелу між імі.

Затым ізноў кажуць нявісному: «Што ты кажаш праз тога, што адчыніў вочы табе?» І ён сказаў: «Ён прарока».
 
Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты скажаш пра Таго, што табе зрок вярнуў?" Ён жа сказаў: "Гэта прарок!"

І ня верылі Юдэі узглядам яго, што ён быў нявісны і празерыў, пакуль не пагукалі бацькоў таго, што празерыў.
 
Юдэі аднак не паверылі яму, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.

І пыталіся ў іх, кажучы: «Гэта сын вашы, праз каторага вы кажаце, што ён быў нявісны? Дык як ён цяпер бача?»
 
Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён — ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?"

І адказалі бацькі ягоныя, і сказалі: «Мы ведаем, што гэты сын нашы і што ён радзіўся нявісны;
 
Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён — наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,

Але як ён цяпер бача, ня ведаем, альбо хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем; пытайцеся ў яго, ён вырослы, сам празь сябе скажа».
 
але якім чынам цяпер бачыць — ня ведаем, ня ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе расказвае".

Бацькі ягоныя казалі гэта, бо баяліся Юдэяў; бо Юдэі ўжо згадзіліся, што, калі б хто вызнаў Яго за Хрыста, тый меў бы быць вылучаны з бажніцы.
 
Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.

Затым бацькі ягоныя сказалі; «Ён вырослы, выпытавайце ў яго»
 
Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".

Дык удругава пагукалі чалавека, што быў нявісны, і сказалі яму: «Уздай хвалу Богу, мы ведаем, што гэны чалавек грэшны».
 
Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшны".

Ён жа адказаў: «Ці Ён грэшны, я ня ведаю; адно ведаю, што, будучы нявісны, цяпер бачу».
 
Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу".

І сказалі яму ізноў: «Што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?»
 
Дык пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"

Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы не пачулі? чаму ізноў хочаце чуць? ці ня зычыце вы стаць вучанікамі Ягонымі?»
 
Ён адказаў ім: "Я ўжо казаў вам, а вы ня слухалі, чаму зноў хочаце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"

І вылаялі яго, і сказалі: «Ты вучанік Гэнага, а мы Масеявы вучанікі.
 
Яны дакаралі яго і казалі: "Гэта ты — Яго вучань, а мы — вучні Майсея.

Мы ведаем, што Масеям казаў Бог, а праз Гэнага мы ня ведаем, скуль Ён».
 
Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты — ня ведаем".

Адказаў чалавек ім: «Гэта й дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адчыніў імне вочы.
 
А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".

Мы ведаем, што Бог грэшнікаў ня слухае; але калі хто баіцца Бога й волю Ягоную паўніць, таго слухае.
 
Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго спаўняе, таго выслухоўвае.

Ад веку ня чувана, каб хто адчыніў вочы нявісному ад нараджэньня.
 
Ад веку ня чута, каб хто народжанаму сьляпым вочы адкрыў.

Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы чыніць нічога».
 
Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".

Адказалі яны й сказалі яму: «У грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас?» І выкінулі яго вон.
 
У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго вон.

Пачуў Ісус, што выкінулі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Верыш ты ў Сына Людзкога?»
 
Пачуў Езус, што яго выкінулі вон, і, спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?"

Гэты адказаў і сказаў: «А хто Ён, Спадару, каб я ўверыў у Яго?»
 
Ён у адказ спытаўся: "А хто Ён, Госпадзе, каб я мог у Яго верыць?"

Сказаў яму Ісус: «І бачыў ты Яго, і Каторы гукае з табою — гэта Ён».
 
Сказаў яму Езус: "Ты ўжо бачыў Яго, і Той, хто з табою гаворыць, гэта Ён".

І ён сказаў: «Веру, Спадару!» і пакланіўся Яму.
 
Дык ён сказаў: "Веру, Госпадзе!" І, упаўшы, пакланіўся Яму.

І сказаў Ісус: «На суд прышоў Я на сьвет гэты, каб нявідомыя бачылі, а відучыя занявісьнелі».
 
І сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі".

І пачулі гэта тыя з фарысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: «Няго ж і мы нявісныя?»
 
Пачулі гэта некаторыя з фарысэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"

Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі нявісныя, ня мелі б грэху; цяпер жа вы кажаце: "Мы бачым", — грэх вашы застаецца.
 
Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак уважаеце, што бачыце, таму грэх трывае ў вас.