Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады Паўла, уцеміўшыся ў сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты, я з усім добрым сумленьням жыў перад Богам дагэтуль».
 
Павал жа, гледзячы адважна на Раду, прамовіў: "Мужы браты! Да сёньняшняга дня я жыў на віду Бога з чыстым сумленьнем".

Найвышшы ж сьвятар Ананя расказаў тым, што стаялі ля яго, біць яго па вуснах.
 
Тады першасьвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.

Тады Паўла сказаў яму: «Бог вытне цябе, пабеленая сьцяна; ты ж сядзіш, судзячы мяне з права, і напярэк праву расказуеш мяне біць».
 
Тады Павал сказаў яму: "Хай ўдарыць цябе Бог, сьцяна пабеленая: То ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону".

Прытомныя ж сказалі: «На найвышшага сьвятара Божага вернеш?»
 
А каторыя пры ім стаялі, сказалі: "Першасьвятару Божаму ты дакараеш?"

І сказаў Паўла: «Я ня ведаў, браты, што ён найвышшы сьвятар; бо напісана: "Ня гукай ліха на дзяржаўцу люду свайго"».
 
Сказаў Павал: "Ня ведаў, браты, што гэта першасьвятар. Бо напісана: "Начальніку народу твайго не дакарай".

Паўла ж, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарысэяў, загукаў у сынэдрыёне: «Мужы браты, я фарысэй, сын фарысэяў, мяне судзяць за спадзеву а ўскрысеньне мертвых!»
 
І Павал, ведаючы, што адна частка садукеяў, а другая — з фарысэяў складаецца, закрычаў перад Радай: "Я — фарысэй, мужы браты, і сын фарысэяў! Стаю перад судом за тое, што спадзяюся ўваскрасеньня памёршых".

Як жа ён сказаў гэта, паўстала нязгода памеж фарысэяў і садукеяў, і збор падзяліўся;
 
Калі гэта сказаў, узьнялася звадка паміж фарысэямі і садукеямі, ды дайшло да разьдзяленьня паміж сабраўшыхся.

Бо садукеі кажуць, што няма ўскрысеньня, ані ангіла, ані духа; а фарысэі вызнаюць абое.
 
Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа, а фарысэі прызнаюць адно і другое.

І быў вялікі вераск, і кніжнікі фарысэйскае часьці, стаўшы, сьперачаліся, кажучы: «Мы не знаходзім ліха ў гэтым чалавеку. Калі дух гукаў яму альбо ангіл, не ваюйма з Богам».
 
І зрабіўся вялікі гармідар, і ўскочылі некаторыя з кніжнікаў спаміж фарысэяў, і зацята крычалі: "Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго дух або анёл".

Як жа вялікая сумятня паўстала, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлы, расказаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго з пасярод іх і прывесьці да гораду.
 
І калі дайшло да вялікага замяшаньня, трыбун, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам зыйсьці, і ўзяць яго спасярод іх, і завесьці ў крэпасьць.

Наступное ж ночы Спадар стаў ля яго й сказаў: «Асьмелься, бо як ты сьветчыў празь Мяне ў Ерузаліме, так маеш сьветчыць і ў Рыме».
 
У наступную ноч аб'явіўся яму Госпад і сказаў: "Адвагі! Трэба бо, каб ты і ў Рыме сьведчыў пра Мяне, так як (сьведчыў) у Ерузаліме".

А як разаднела, Жыды змовіліся, пастанавіўшы пад праклёнам, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўлы.
 
А як настаў дзень, сабралася зборышча Юдэяў, каторыя пакляліся ня есьці, і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла.

Было ж балей за сорак, што задзіночыліся гэтай змоваю.
 
Такую змову зрабіла болей за сорак чалавек, што гэтак запрысягліся.

І пайшлі яны да найвышшых сьвятароў а старцоў, кажучы: «Мы прысягнулі праклёнам нічога не паспытацца, пакуль не заб’ем Паўлы.
 
Яны пайшлі да першасьвятароў і старшыняў і сказалі: "Мы прысяглі нічога ня браць у вусны, пакуль не заб'ём Паўла.

Дык вы цяпер асьветча тысячніку і сынэдрыёну, каб ён вывеў яго да вас, быццам хочаце дакладней разгледзіць справу ягоную; мы ж, уперад чымся ён дабліжыцца, гатовы забіць яго».
 
Цяпер вы, разам з Радай, пераканайце трыбуна, каб прывесьці яго да вас пад выглядам падрабязнейшага абсьледаваньня яго справы, а мы гатовыя забіць яго перш, чым дойдзе".

Але сын сястры Паўлавае, пачуўшы праз змову, прышоў, і ўвыйшоў да гораду, і наказаў Паўлу.
 
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўла, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасьць, і расказаў пра гэта Паўлу.

Паўла ж, пагукаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: «Вазьмі гэтага маладзёна да тысячніка, бо ён мае штось наказаць яму».
 
Павал жа пазваў аднаго з сотнікаў і сказаў: "Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць".

Дык ён, узяўшы яго, прывеў да тысячніка й кажа: «Вязень Паўла пагукаў мяне і прасіў завесьці да цябе гэтага маладзёна, каторы мае штось сказаць табе».
 
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і сказаў: "Вязень Павал пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака. Ён мае нешта табе сказаць".

Тысячнік жа, узяўшы яго за руку і адышоўшы на бок, папытаўся: «Што ты хочаш сказаць імне?»
 
Трыбун узяў яго за руку і, адвёўшы на бок, запытаўся: "Што маеш мне сказаць?"

Тады ён сказаў: «Жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты вывеў Паўлу заўтра да сынэдрыёну, быццам дакладней выпытаць празь яго;
 
Ён адказаў: "Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўла ў Раду пад выглядам падрабязьнейшага абсьледаваньня яго справы.

Але ты ня дайся ўмовіць ім, бо зь іх цікуюць на яго больш за сорак чалавекаў, каторыя пастанавілі пад праклёнам ня есьці ані піць, пакуль не заб’юць яго; і цяпер гатовы, чакаючы твае загады».
 
Ты, аднак, ня вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны запрысягліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго, і ўжо прыгатаваныя, чакаючы на твой дазвол".

Тады тысячнік адпусьціў маладзёна, расказаўшы яму: «Нікому не кажы, што ты паведаў імне гэта».
 
Дык трыбун адпусьціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў, што пра гэта яго паведаміў.

І, пагукаўшы двух сотнікаў, сказаў: «На трэйцюю гадзіну ночы прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, семдзясят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў, ісьці аж да Цэсарэі.
 
І, паклікаўшы двух сотнікаў, загадаў: "Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў і семдзесят коньнікаў, ды дзьвесьце дзіднікаў, каб у тры гадзіны ночы ішлі ў Цэзарэю.

І жывёла хай будзе прыгатавана, каб, пасадзіць Паўлу на іх і прывесьці бясьпечна да Хвэлікса, вайводы».
 
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўла на яе, здаровага даставілі намесьніку Фэліксу".

Напісаў і ліст гэткае хормы:
 
Напісаў прытым ліст такога зьместу:

«Кляўд Ліс Найпачэсьліўшаму Вайводзе Хвэліксу — здарованьне.
 
"Кляўды Лізі высокадастойнаму намесьніку Фэліксу прывітаньне.

Мужа гэтага Жыды, няўшы, зараз маніліся забіць; я насьпеў із жаўнерамі і выратаваў з рук іхных, даведаўшыся, што ён Рымлянін.
 
Гэтага чалавека схапілі Юдэі і хацелі забіць. Я ж, пасьпяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — Рымлянін.

І, зычачы даведацца, у чым вінавалі яго, прывёў яго да сынэдрыёну іхнага,
 
Хочучы пазнаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, даставіў яго ў іх Раду,

І знайшоў, што яго вінуюць у нейкіх пытаньнях права іхнага, але няма ў ім ніякае віны, гожае сьмерці альбо зялезаў.
 
і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, а не ў злачынстве, або ў чым вартым сьмерці або вастрогу.

Адзяржаўшы ж ведамку праз змову на сьмерць на гэтага чалавека, я без адвалокі паслаў яго да цябе, расказаўшы й жалабнікам гукаць перад табою, што ё супроці яго. Заставайся здароў!»
 
Калі ж мне паведамілі аб змове на гэтага чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы вінавацеляў, каб падалі абвінавачваньне на яго перад табой".

Дык жаўнеры, за расказаньням ім, узялі Паўлу й прывялі яго ночы да Антыпатрыды.
 
Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўла і ноччу павялі яго ў Антыпатрыду.

А назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, зьвярнуліся да гораду.
 
Назаўтра, пакінуўшы коньнікаў з ім, каб праводзілі яго, самі вярнуліся ў крэпасьць.

А тыя, прышоўшы да Цэсарэі і аддаўшы ліст вайводзе, пастанавілі Паўлу таксама яму.
 
Тыя ж прыбылі ў Цэзарэю, і аддалі ліст намесьніку, ды паставілі Паўла перад ім.

Прачытаўшы ліст, папытаўся, зь якое краіны ён быў, і даведаўшыся, што зь Кілікі, сказаў:
 
А ён, прачытаўшы ліст, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,

«Я выслухаю цябе, як пазоўнікі твае таксама стануць. І расказаў яго сьцерагчы ў доме Гірадавым.
 
сказаў: "Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае вінавацелі". І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Герода.