Дзеі 13 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Былі ж ув Антыёсе ў тамашняй царкве прарокі а вучыцелі: Варнава а Сымон, званы Чорным, а Луц Кірынеянін а Манайна, сугадунец Гірада чацьвертніка, а Саўла.
 
У Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сымон, званы Нігер, Люцыян Цырэнэец і Манаэн, каторы гадаваўся разам з Геродам тэтрархам, ды Саўл.

І як яны служылі Спадару а поставалі, Дух Сьвяты сказаў: «Выдзяліце Імне Варнаву а Саўлу да працы, да каторае Я пагукаў іх».
 
І калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і пасьцілі, сказаў ім Дух Сьвяты: "Вылучыце мне Барнабу і Саўла на дзейнасьць, на якую Я іх паклікаў.

Тады яны поставалі а маліліся і, узлажыўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
 
Тады з постам і малітваю ўсклалі на іx рукі і адпусьцілі.

Яны ж, будучы пасланыя Духам Сьвятым, зышлі да Сэлеўкі, а стуль паплылі на Кіпру;
 
І яны, ведзеныя Духам Сьвятым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль — на Кіпр.

І, быўшы ў Саляміне, абяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх; і мелі із сабою Яана за паслугачага.
 
І калі прыбылі ў Саляміну, вясьцілі слова Божае у сынагогах Юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.

І, прайшоўшы ўвесь абток аж да Пафу, знайшлі якогась чараўніка, хвальшывага прароку, Жыда, імям Варісус,
 
І, ідучы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага Юдэйскага прарока, на імя Барезус.

Што быў з проконсулам Сяргеям Паўлам, мужам асьвячоным. Гэты, пагукаўшы Варнаву а Паўлу, зычыў пачуць слова Божае.
 
Ён быў пры праконсуле Сяргею Паўле, чалавеку разважным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.

Але працівіўся ім чараўнік Еліма (бо гэткае імя ягонае ў перакладзе), сілаваўся адвярнуць проконсула ад веры.
 
Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя ягонае, і імкнуўся праконсула адвярнуць ад веры.

Але Саўла, каторы таксама Паўла, напоўнены Духам Сьвятым, узорыўшыся ў яго, сказаў:
 
Тады Саўл, каторы такжа завецца Паўлам, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеў на яго пільна і сказаў:

«О поўны ўсялякае ашукі а ўсялякага падходу, сын нячысьціка, непрыяцель усялякае справядлівасьці! ці не перастанеш ты крывіць простыя сьцежкі Спадаровы?
 
"О ты, сыне д'ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасьці, вораг усякай справядлівасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простых дарог Госпадавых?

І цяпер во рука Спадарова на табе, і ты будзеш нявісны, не абачыш сонца да пары». І якга паў на яго туман а цемнь, і ён, хістаючыся, шукаў павадыроў, што павялі б яго за руку.
 
Вось жа цяпер дакране цябе рука Госпадава; і будзеш сьляпы, і нейкі час ня будзеш бачыць сонца". І зараз жа найшла на яго цемра і сьлепата, і ён хадзіў кругом, шукаючы, каб хто яго вёў за руку.

Тады проконсул, абачыўшы сталае, уверыў, зумяваючыся з навукі Спадаровае.
 
Бачачы, што здарылася, праконсул уверыў, зьдзіўлены навукай Госпадавай.

І, адплыўшы з Пафу, Паўла а бытыя зь ім прыбылі да Перґі ў Памфілі; але Яан адлучыўся ад іх і зьвярнуўся да Ерузаліму.
 
Адплыўшы з Пафы, Паўла і яго таварышы прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адыйшоўшы ад іх.

Яны ж, праходзячы ад Перґі, прыбылі да Антыёхі Пісыдзкае і, увыйшоўшы да бажніцы ў сыботні дзень, селі.
 
Яны ж прайшлі Пэргэ і дайшлі да Антыёхіі Пісідзкай; і ў суботу ўвайшлі ў сынагогу, і там паселі.

Па чытаньню Закону а прарокаў, начэльнікі бажніцы паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты, калі вы маеце якое слова дамяненьня люду, кажыце».
 
Па прачытаньні Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі па іх і сказалі: "Калі маеце мужы, браты, нейкае слова заахвоты для народу, прамоўце!"

Тады Паўла, устаўшы й даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраеляне і ўсі, што баіцеся Бога, слухайце!
 
Тады падняўся Павал, і, даўшы знак рукою маўчаць, прамовіў: "Слухайце, мужы Ізраэльскія ды тыя, што баіцёся Бога!

Бог люду гэтага Ізраельскага абраў айцоў нашых і павышыў люд гэты ў быцьцю іх у зямлі Ягіпецкай, і высокім плячом вывеў іх ізь яе,
 
Бог гэтага народу Ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі зямлі Эгіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.

І каля Сараку год часу цярпеў іх на пустыні.
 
І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іхнія абычаі ў пустыні.

І, выгубіўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, даў зямлю іхную ім на спадак на працягу каля чатырыста а пяцьдзясят год.
 
Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім

І даваў ім судзьдзяў аж да прарокі Самуйлы.
 
меней болей праз чатырыста пяцьдзесят гадоў. Потым даваў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.

І тады прасілі караля, і Бог даў ім Саўлу Кісянка, мужа з плямені Веняміновага, на сорак год.
 
І калі пазьней прасілі караля, даў ім Бог Саўла, сына Ціса, з пакаленьня Бэн'яміна на сорак гадоў.

І, аддаліўшы яго, узьняў ім Давіда за караля, катораму, даючы сьветчаньне, сказаў: "Я знайшоў Давіда Есянка, мужа подле сэрца Свайго, каторы будзе чыніць волю Маю".
 
А калі яго адкінуў, паставіў ім каралём Давіда, пра якога даў сьведчаньне, кажучы: "Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, каторы ва ўсім споўніць волю Маю".

З насеньня гэтага чалавека Бог, подле абятніцы, прывёў Ізраелю Спаса Ісуса.
 
З яго патомства, паводле абяцаньня, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Езуса,

Перад Яго прыходам Яан абяшчаў хрэст каяты ўсяму люду Ізраельскаму.
 
перад прыходам якога Ян прапаведываў хрост навяртаньня ўсяму народу Ізраэля.

А як Яан канчаў дзеяльнасьць сваю, ён сказаў: «За каго маеце мяне? Я ня тый, але вось, Ён ідзець за імною, Катораму я ня гожы разьвязаць вобую з ног Ягоных».
 
А пад канец свайго шляху Ян казаў: "Я ня той, за каго вы мяне ўважаеце. Але пасьля мяне прыйдзе Той, катораму я ня варты разьвязаць сандалаў на нагах".

Мужы браты, сынове люду Абрагамовага, і багабойлівыя з памеж вас! нам слова спасеньня гэтага было паслана.
 
Мужы браты, сыны роду Абрагама, і тыя з-паміж вас, што баяцца Бога! Нам паслана слова збаўленьня гэтага.

Бо жыхары Ерузаліму й начэльнікі іхныя, не пазнаўшы Яго й засудзіўшы, выпаўнілі гукі прароцкія, чытаныя кажную сыботу.
 
Жыxары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, споўнілі прадказаньні Прарокаў, чытаныя кожную суботу,

І, не знайшоўшы прычыны сьмерці, прасілі Пілата зьнішчыць Яго.
 
і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай сьмерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.

А як споўнілі ўсе напісанае празь Яго, зьнялі Яго зь дзерва й паклалі да гробу.
 
А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зьнялі Яго з крыжа і палажылі ў магілу.

Але Бог ускрысіў Яго зь мертвых.
 
Але Бог уваскрасіў Яго з памёршых,

Ён зьяўляўся шмат дзён тым, што прышлі зь Ім із Ґалілеі да Ерузаліму, каторыя цяпер сьветкі Ягоныя да люду.
 
і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, якія цяпер сьведчаць аб Ім перад народам.

І мы абяшчаем вам дабравесьць, што абятніцу, учыненую айцом,
 
І мы абвяшчаем вам добрую вестку, што абяцаньне, дадзенае бацькам

Бог выпаўніў нам, дзяцём іхным, ускрысіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псальме: "Ты Сын Мой, сядні Я нарадзіў Цябе".
 
Бог споўніў адносна нас, іх дзяцей, уваскрашаючы Езуса, як напісана ў другім Псальме: "Ты — Сын Мой. Я сёньня нарадзіў Цябе".

А што ўскрысіў Яго зь мертвых, каб ужо не зьвярнуўся да раскладу, дык кажа гэтак: "Я дам вам сьвятыя а верныя дабраславенствы Давідавы".
 
А што Яго ўваскрасіў з памёршых і што Ён ня мае спарахнець, так сказаў: "Дам вам сьвятасьці Давіда напэўна".

Затым кажа таксама ў іншым псальме: "Ты не дазволіш Сьвятому Свайму бачыць раскладу".
 
І ў іншым месцы кажа: "Не дасі сьвятому Твайму бачыць зьнішчэньне".

Бо Запраўды Давід у сваім веку, паслужыўшы подле волі Божае, заснуў, і даданы да айцоў сваіх, і бачыў расклад.
 
Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленьню, заснуў з волі Божай і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў спарахненьне.

А Тый, Каторага Бог ускрысіў, не абачыў раскладу.
 
Але Той, каго Бог уваскрасіў, ня бачыў зьнішчэньня.

Дык няхай будзе ведама вам, мужы браты, што перазь Яго абяшчаецца вам дараваньне грахоў;
 
Мужы браты, хай будзе вам ведама, што абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў праз Яго; ад усіх грахоў, ад якіх не маглі быць апраўданы ў Законе Майсея,

І ў вусім, у чым вы не маглі аправіцца Законам Масеявым, правіцца Ім кажны вернік.
 
у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.

Дык глядзіце, каб ня прышло на вас сказанае ў прарокаў:
 
Дык глядзіце, каб ня споўніліся на вас словы Прарокаў:

"Глядзіце, грэбаваньнікі, і падзівуйцеся й загіньце; бо Я раблю работу за вашых дзён, работу, якой вы ніяк не паверылі б, калі б хто павядаў вам празь яе"».
 
"Глядзіце вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся ды адыйдзіцеся, бо ў дні вашыя спаўняецца дакон, катораму вы б ня ўверылі, калі б вам хтосьці аб ім гаварыў".

А як выходзілі, прасілі казаць ім тыя словы ў наступную сыботу.
 
Калі ж яны выходзілі, прасілі іх, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.

І як збор бажніцы быў распушчаны, шмат хто із Жыдоў а з набожных нававернікаў пайшлі за Паўлам а Варнаваю, каторыя, гукаючы да іх, пераконавалі іх трываць у ласцы Божай.
 
А як разыйшлася сынагога, многа Юдэяў і пабожных празэлітаў праводзілі Паўла і Барнабу, каторыя заахвочвалі іх да трываньня ў ласцы Божай.

А ў наступную сыботу блізу ўсе места зьберлася слухаць слова Божае.
 
А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божае.

Але Жыды, абачыўшы гурбы, напоўніліся завідасьцяй і перачылі таму, што сказаў Паўла, працівячыся й блявузґаючы.
 
Калі ж Юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасьць, і, блюзьнячы, пярэчылі таму, што навучаў Павал.

Паўла ж а Варнава гукалі адважна й сказалі: «Надабе было, каб слова Божае перш вам было казана; але ад часу як вы адпіхаеце яго ад сябе і ўважаеце самы сябе за нягожых вечнага жыцьця, вось, мы зварачаемся да паганаў;
 
Тады Павал і Барнаба сказалі адважна: "Перш вам належалася вясьціць слова Божае, але калі вы яго адкідваеце ды самі сябе ўважаеце за нягодных жыцьця вечнага, ды мы зьвернемся да паганаў.

Бо так Спадар расказаў нам: "Я пастанавіў Цябе за сьветла паганам, каб Ты быў на спасеньне да канца зямлі"».
 
Бо гэтак загадаў нам Госпад: "Устанавіў Я цябе сьвятлом для паганаў, каб быў ты збаўленьнем аж па скрай зямлі".

І пагане, слухаючы гэта, цешыліся а ўслаўлялі слова Спадарова, і ўверыла іх толькі, колькі было наканавана да жыцьця вечнага.
 
Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцьця вечнага, уверылі.

І слова Спадарова шырылася па ўсім краю.
 
І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.

Але Жыды падвучылі набожныя выдатныя жанкі і першых места, і ўзьнялі перасьледаваньне на Паўлу а Варнаву, і выгналі іх із граніцаў сваіх.
 
Тым часам Юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчынаў ды знаных грамадзянаў і ўчынілі перасьледаваньне Паўла і Барнабы, ды выкінулі іх са сваіх межаў.

Яны ж, атрусіўшы на іх пыл із ног сваіх, пайшлі да Іконі.
 
А яны, абтросшы на іх пыл ад ног сваіх, направіліся ў Іконію.

Вучанікі ж напоўніліся радасьцяй а Духам Сьвятым.
 
Вучні ж былі поўныя радасьці і Духа Сьвятога.