Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Саўла ж згадзіўся на забіцьцё яго. І таго дня паўстала вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме, і ўсі, з выняткам апосталаў, рассыпаліся па краінах Юдэі а Самары.
А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэньнем апосталаў, расьсеяліся па Юдэі і Самарыі.
Сьцепана ж пахавалі набожныя людзі і справілі вялікае галашэньне па ім.
А багабойныя людзі пахавалі Сьцяпана і зрабілі вялікае галашэньне па ім.
А Саўла пустошыў царкву, уходзячы ў дамы ў вадзін за адным і выцягуючы мужчынаў і жанкі, аддаваў іх у вязьніцу.
Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы і арыштоўваючы мужчын і жанчын, і аддаючы іх у вязьніцу.
Тыя ж, што рассыпаліся, хадзілі, абяшчаючы дабравесьць слова.
А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі, абвяшчаючы слова (Божае).
Вось, Піліп, зыходзячы да места Самары, абяшчаў ім Хрыста.
Філіп так прыбыў у горад Самарыйскі і вясьціў ім Хрыста.
І ўважалі гурбы згодна на тое, што казаў Піліп, чуючы й бачачы знакі, каторыя ён чыніў;
І грамады аднадушна слухалі, што казаў Філіп, бо ня толькі чулі словы, але і бачылі знакі, якія ён рабіў.
Бо із шмат каго нячыстыя духі выходзілі, крычачы вялікім голасам, і шмат хто паляржаваны а кульгавы ўздараўляўся.
З многіх вось апанаваных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спараліжаваных і кульгавых было аздароўлена.
І вялікая радасьць была ў тым месьце.
І вялікая радасьць сталася ў тым горадзе.
Чалавек жа якісь, імям Сымон, быў уперад у тым месьце, чаруючы й зумяваючы народ самарскі, кажучы, што ён сам нейкі вялікі.
А ў горадзе быў адзін чалавек, імем Сымон, каторы раней займаўся чарадзействам і зьдзіўляў народ Самарыі, хвалячыся, што ён нехта вялікі.
На яго зважалі ўсі ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: «Гэта моц Божая вялікая».
І паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, і казалі: "Ён — моц Божая, што завецца Вялікая".
Зважалі на яго, бо ён даўгі час зумяваў іх чарамі сваімі.
І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.
Але, як паверылі Піліпу, каторы абяшчаў дабравесьць праз гаспадарства Божае а імя Ісуса Хрыста, хрысьціліся мужчыны й жанкі.
Але калі ўверылі Філіпу, які абвяшчаў Каралеўства Божае і імя Езуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прыймалі хрост.
І сам Сымон таксама ўверыў і, будучы ахрышчаны, дзяржаўся Піліпа; і, бачачы знакі а вялікія чудосы чыненыя, зумяваўся.
Тады і Сымон сам уверыў і па атрыманьні хросту далучыўся да Філіпа. І дзівіўся ён надта, бачачы чыненыя цуды і знакі вялікія.
Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самара прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру а Яана,
Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі туды Пятра і Яна.
Каторыя, зышоўшыся, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Сьвятога;
Яны прыбылі і маліліся за Самаран, каб атрымалі Духа Сьвятога,
Бо Ён ня зыходзіў яшчэ на іх, адно яны былі ахрышчаныя ў імя Спадара Ісуса.
бо яшчэ ніхто з іх ня быў атрымаўшы, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Езуса.
Тады ўзлажылі на іх рукі свае, і яны прынялі Духа Сьвятога.
Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Сьвятога.
Сымон жа, абачыўшы, што ўскладаньням рук апостальскіх даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, кажучы:
Калі Сымон убачыў, што апосталы ўскладаньнем рук удзяляюць Духа Сьвятога, прынёс ім грошы,
«Дайце й імне гэтую ўладу, каб тый, на каго ўзлажу рукі, адзяржаў Духа Сьвятога».
просячы: "Дайце і мне гэту ўладу, каб калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Сьвятога".
Але Пётра сказаў яму: «Срэбла твае хай будзе на загубу з табою, бо ты падумаў, што дар Божы можа быць адзяржаны за грошы.
Пётар жа сказаў яму: "Хай серабро тваё ідзе на гібель разам з табой, бо ты маніўся за грошы набыць дар Божы!
Ты ня маеш дзелі ані жэрабя ў гэтым, бо сэрца твае не пасьцівае перад Богам.
Ня маеш ты часткі і долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё крывадушнае перад Богам.
Дык пакайся за гэтую нягоднасьць сваю і малі Спадара, можа дараваны будзе табе гэты замер сэрца твайго;
Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасьць і малі Бога, можа Ён даруе табе ліхі твой намер.
Бо я бачу цябе ў жоўці гарчыні і ў путах несправядлівасьці».
Я бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах сапсуцьця".
Сымон жа, адказуючы, сказаў: «Маліце за мяне Спадара, каб нічога ня стрэла мяне з тога, што вы сказалі».
І Сымон адказаў: "Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога таго, што вы казалі".
Дык яны, пасьветчыўшы й сказаўшы слова Спадарова, зварачаліся да Ерузаліму й абяшчалі дабравесьць шмат сёлам самарскім.
І апосталы, даўшы сьведчаньне (аб Хрысьце) і абвясьціўшы Слова Божае, вярталіся ў Ерузалім, эвангелізуючы ў многіх вёсках Самаранскіх.
А Піліпу Ангіл Спадароў мовіў, кажучы: «Устань а йдзі на паўдня, на дарогу, што зыходзе ад Ерузаліму да Ґазы, яна ж пустая».
І анёл Госпадаў сказаў Філіпу: "Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, каторая ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна цалкам пустая".
І ён устаў і пайшоў. І вось, Ефіоплянін, легчанец, Міністра Кандакі, караліцы Ефіопскае, што быў над усім скарбам ейным, каторы прыяжджаў пакланіцца ў Ерузаліме,
Ён падняўся і пайшоў. Акурат тады пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім муж Этыёпскі, эўнух, урадовец Кандакі, каралевы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў.
І зварачаючыся і седзячы на цялежках сваіх, чытаў прароку Ісаю.
Ён вось вяртаўся ў сваім возе, чытаючы прарока Ісаю.
Дух жа сказаў Піліпу: «Дабліжся а прылучыся да гэтых цялежак».
Дык Дух кажа Філіпу: "Падыйдзі і далучыся да гэтага возу".
І, падбегшы, Піліп пачуў, што ён чытае прароку Ісаю, і сказаў: «Гля, ці разумееш, што чытаеш?»
Калі Філіп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, дык запытаўся ў яго: "Ці разумееш, што чытаеш?"
А ён сказаў: «Як магу, калі хто не пакажа імне». І папрасіў Піліпа ўзыйсьці й сесьці зь ім.
Той адказаў: "Як магу разумець, калі ніхто мне ня выясьніў?" І запрасіў Філіпа ўзьлезьці ў воз і сесьці побач.
Месца ж Пісьма, каторае ён чытаў, было гэткае: «Яго вялі як авечку на зарэз; і як ягнё безгалосае ў прытомнасьці стрыгучага яго, так Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
А месца Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: "Як авечка на зарэз ведзена ды як ягня безгалосае перад тым, хто яго стрыжэ, так Ён не адкрыў вуснаў сваіх.
У паніжэньню Ягоным суд ад Яго адабраны быў. І хто зьясьніць род ягоны? бо жыцьцё Ягонае ўзята ізь зямлі».
У паніжэньні Яго адмовілі Яму справядлівасьць. Пра род Ягоны хто раскажа? Бо з зямлі ўзята жыцьцё Яго".
А легчанец, адказуючы Піліпу, сказаў: «Калі ласка, праз каго прарока кажа гэта? празь сябе самога ці праз каго іншага?»
Эўнух папытаўся ў Філіпа: "Прашу цябе, выясьні, пра каго тут кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго другога?"
І Піліп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы з гэтага Пісьма, абяшчаў яму дабравесьць празь Ісуса.
Тады Філіп, адчыніўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісаньня гэтага, абвяшчаў яму Езуса.
І, як ехалі далей дарогаю, прыехалі да аднае вады, і легчанец кажа: «Во вада, што перакажае імне хрысьціцца?»
І калі ехалі па дарозе, пад'ехалі да вады. Дык кажа эўнух: "Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?"
Піліп жа сказаў яму: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён, адказуючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ё Сын Божы».
Дык сказаў Філіп: "Калі верыш усім сэрцам, дык можна". І, адказваючы, сказаў (эўнух): "Веру, што Езус Хрыстос ёсьць Сын Божы".
І казаў спыніць цялежкі; і зышлі абодва ў ваду, Піліп а легчанец; і ахрысьціў яго.
І казаў затрымацца, і яны абодва, Філіп і эўнух, увайшлі ў ваду, і (Філіп) ахрысьціў яго.
Як жа яны вышлі з вады, Дух Спадароў няў Піліпа, і легчанец ня бачыў яго болей, бо паехаў сваёй дарогаю, цешачыся.
А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Філіпа, і эўнух ня бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.
А Піліп апынуўся ўв Ашдодзе і, праходзячы, абяшчаў дабравесьць усім местам, пакуль прышоў да Цэсарэі.
А Філіп апынуўся ў Азоце, і, праходзячы праз ўсе гарады, эвангелізаваў, аж пакуль да Цэзарэі.