Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І Пачулі апосталы а браты, каторыя былі ў Юдэі, што пагане таксама адзяржалі слова Божае.
 
Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, даведаліся, што і пагане прынялі слова Божае.

І як Пётра прышоў да Ерузаліму, абрэзаныя сьперачаліся зь ім,
 
Дзеля таго, калі Пётар прыбыў у Ерузалім, веручыя з абрэзаных дакаралі яго:

Кажучы: «Ты хадзіў да людзёў неабрэзаных і еў зь імі».
 
кажучы: "Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі".

Тады пачаў Пётра зьясьняць ім з парадку, кажучы:
 
Тады Пётар пачаў выясьняць па парадку, кажучы:

«У месьце Ёппе я маліўся і відзеў у захапленьню відзень: зыходзіла нейкая судзіна, бы вялікая пасьцілка, за чатыры рагі спушчаная зь неба далоў, і спусьцілася аж да мяне.
 
"Калі я быў у горадзе Ёппе і маліўся, у захапленьні ўбачыў зьяву, як нейкі прадмет, падобны на вялікі абрус, за чатыры канцы спускаўся з неба, аж спусьціўся каля мяне.

Уцеміўшыся ў яе, я зацеміў і абачыў чатыраногія земныя а дзікія зьвяры а паўзуны а птушкі нябёсныя.
 
І, прыглядаючыся да яго пільна, заўважыў на ім чацьвераногіх зямлі, зьвяроў і паўзуноў ды птушкі нябесныя.

І пачуў я таксама голас, кажучы імне: "Устань, Пётру, бі а еж".
 
Ды пачуў я голас, кажучы мне: "Устань, Пётар, забівай і еш!"

А я сказаў: "Ніякім парадкам, Спадару, бо збудзененае альбо нячыстае ніколі ня ўвыйшло ў рот мой".
 
Я адказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі штосьці паганага або нячыстага ня браў я ў свае вусны".

І ўдругава адказаў голас ізь неба: "Што Бог ачысьціў, не ўважай за збудзененае".
 
Але голас з неба азваўся паўторна: "Што Бог ачысьціў, ты не называй нячыстым!"

І гэта было трэйчы, і ўзноў паднялося ўсе на неба.
 
І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.

І гля, зараз тры чалавекі стаялі ля дому, у каторым я жыў, пасланыя да мяне з Цэсарэі.
 
І зараз жа перад домам, у якім мы прабывалі, паявіліся трох мужчын, пасланыя з Цэзарэі да мяне.

І Дух сказаў імне ісьці зь імі, ані ня сумляючыся. І пайшлі з імною таксама тыя шасьцёх братоў, і мы ўвыйшлі да дому таго чалавека.
 
І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсьць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.

І ён паведаў нам, як ён бачыў ангіла ў доме сваім, каторы стаяў і сказаў яму: "Пашлі да Ёппы і пазаві Сымона, каторага мянушка Пётра,
 
Ён вось нам расказаў, як убачыў анёла, які зьявіўся ў яго доме, і сказаў: "Пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, званага Пятром.

Каторы скажа словы табе, якімі спасешся ты а ўвесь дом твой".
 
Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой".

І як я пачаў казаць, паў на іх Дух Сьвяты, аднолькава, як і на нас спачатку.
 
Калі ж я пачаў навучаць, Дух Сьвяты зыйшоў на іх, як і на нас на пачатку.

І я ўспомнеў слова Спадарова, як Ён казаў: "Яан хрысьціў вадою, але вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым".
 
І прыпомніў я тады словы, сказаныя Госпадам: "Ян хрысьціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".

Дык калі Бог даў ім тый самы дар, як і нам, як мы ўверылі ў Спадара Ісуса Хрыста, хто ж я, каб мог перакажаць Богу?»
 
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, каторыя ўверылі ў Госпада Езуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу".

Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся й славілі Бога, кажучы: «Дык запраўды Бог і паганам даў каяту да жыцьця».
 
Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога, і казалі: "Дык і паганам даў Бог ласку навяртаньня дзеля жыцьця".

Прымеж тога тыя, што рассыпаліся навонкі з прычыны атугі, каторая сталася ў зьвязку ізь Сьцепаном, прайшлі да Фінікі а Кіпру а Антыёхі, нікому ня кажучы слова, адно толькі Жыдом.
 
А тыя, што былі расьсеяны дзеля перасьледваньня, узьнікішага з прычыны Сьцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпру, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адно толькі Юдэям.

Былі ж некатрыя зь іх Кіпране а Кірынеяне, што, прышоўшы да Антыёхі, гукалі й да Грэкаў, абяшчаючы дабравесьць праз Спадара Ісуса.
 
З іх жа некаторыя былі Кіпрыйцы і Цырэнэйцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і Грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Езуса.

І рука Спадарова была зь імі, і вялікі лік уверыў а навярнуўся да Спадара.
 
І рука Госпадава была з імі, і многія ўверылі і навярнуліся да Госпада.

І дзейкі празь іх дайшлі да вушэй царквы Ерузалімскае, і яны наслалі Варнаву да Антыёхі,
 
І вестка пра гэта дайшла да вушэй царквы ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

Каторы, прыбыўшы й абачыўшы ласку Божую, усьцешыўся і захочаваў усіх із станаўкім сэрцам трываць пры Спадару;
 
Калі ён прыбыў і ўбачыў ласку Божую, усьцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпадзе.

Бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога а веры. І вялікая грамада была дадана Спадару.
 
А быў ён чалавек добры і поўны Духа Сьвятога ды веры. І вялікая грамада прыхінулася да Госпада.

І пайшоў да Тарсу шукаць Саўлы,
 
Пасьля ён направіўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.

І, знайшоўшы, прывёў яго да Антыёхі. І так было ў іх, што цэлы год яны зьбіраліся ў царкве і вучылі вялікую грамаду; і вучанікі ўв Антыёсе ўпяршыню назваліся Хрысьцянмі.
 
І калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію, ды цэлы год працавалі разам у царкве, навучаючы вялікую грамаду людзей. І ў Антыёхіі першы раз вучняў назвалі хрысьціянамі.

Тых жа дзён прарокі зышлі зь Ерузаліму да Антыёхі.
 
У той вось час з Ерузаліму ў Антыёхію прыбылі прарокі.

І, устаўшы, адзін ізь іх, імям Агаў, даў зразумець Духам, што будзе вялікая галадоў па ўсёй зямлі, каторая й сталася за Кляўда.
 
І вось адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, прадказваў праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за Кляўдыя.

Тады вучанікі, кажны подле магчымасьці свае, пастанавілі паслаць памогу братом, што жыхарылі ў Юдэі;
 
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасьці мае ўспамагчы братоў, пражываючых у Юдэі.

Што й зрабілі, паслаўшы старшым Варнаваю а Саўлам.
 
Так яны і зрабілі, пасылаючы (дапамогу старшым) праз Барнабу і Саўла.