Псалтыр 138 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Давідава. Хвалю цябе ўсім сэрцам сваім, перад магутнымі буду пяяць Табе;
 

Буду кланяціся да сьвятога палацу Твайго і хваліці імя Твае за міласэрдзе Твае й за праўду Тваю; бо Ты ўзьвялічыў слова Свае над кажнае імя Свае.
 

У дзень, калі, як я загукаў, Ты адказаў імне і падмацаваў мяне сілаю ў душы маёй.
 

Будуць хваліць Цябе, СПАДАРУ, усі каралёве земныя, як пачуюць словы вуснаў Тваіх,
 

Будуць апяваць дарогі СПАДАРОВЫ, бо вялікая чэсьць СПАДАРОВА.
 

Дарма што высокі СПАДАР, а нізкога бача, але пыхатага пазнаець здалеку.
 

Калі я буду хадзіць сярод атугі, Ты пажвавіш мяне, на гнеў непрыяцеляў маіх Ты выцягнеш руку Сваю, і правіца Твая вывальне мяне.
 

СПАДАР зьдзее дзеля мяне. СПАДАРУ, міласэрдзе Твае на векі; спраў рук Сваіх не пакінь.