2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Гэта ўжо другі ліст, умілаваныя, пішу вам; і ў іх дамяненьням узрушаю шчырую думку вашую,
Дарагія, пішу да вас ужо другі такі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум напамінам,
Каб вы памятавалі словы, уперад сказаныя сьвятымі прарокамі, і расказаньне Спадара а Спаса апосталамі вашымі.
каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і перададзеныя вам апосталамі прыказанні Госпада і Збаўцы.
Наўперад ведайце, што ў вапошніх днёх прыйдуць насьміханьнікі, подле собскіх жадаў сваіх ходзячыя
Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці
А кажучыя: «Ідзе абятніца прыходу Ягонага? бо адгэнуль, як пачалі паміраць айцове, ад пачатку стварэньня, усе застаецца таксама».
і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння».
Бо гэта схавана ад іх із собскае волі іхнае, што нябёсы здаўна, а зямля, трываючы словам Божым, з вады і ў вадзе,
Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
Катораю тагачасны сьвет, затоплены вадою, загінуў.
ды што праз яе тады той свет загінуў, затоплены вадою.
А цяперашнія нябёсы й зямля словам Ягоным захаваны, дзяржаны агню на дзень суду і загубы бязбожных.
А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам прызначаны агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
Але няхай ня будзе схавана ад вас, умілаваныя, тое адно, што ў Спадара адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень.
Няхай для вас, дарагія, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Не адвалакае Спадар з абятніцы, як некатрыя маюць за адвалоку, але доўга церпе нам, ня хоча, каб хто-колечы загінуў, але каб усі прышлі да каяты.
Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да вас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання.
Але дзень Спадароў прыйдзе, як злодзей ночы, тады з грукатам неба мінець, і навалы, разгарэўшыся, растопяцца, і зямля і ўчынкі на ёй згараць.
Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі ў агні знікнуць, а зямля і ўсё створанае на ёй згарыць.
Калі такім парадкам ўсе гэта растопіцца, дык якімі маеце быць вы ў сьвятым паступку й набожнасьці,
Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці,
Каторыя чакаеце й барзьдзіце да прыходу дня Божага, з каторага прычыны нябёсы, будучы запалены, растопяцца, і навалы, угарэўшыся, растаюць?
калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыпяцца.
Але мы, подле абятніцы Ягонае, чакаем новых нябёсаў і новае зямлі, у каторых прабывае справядлівасьць.
Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасць.
Дык умілаваныя, чакаючы гэтага, улягайце, каб бяз плямы й заганы знойдзены былі Ім у супакою;
Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі.
І цярплівосьць Спадара нашага майце за спасеньне, як і ўмілаваны брат наш Паўла, подле данае яму мудрасьці, напісаў вам,
І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш дарагі брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,
Як і ў вусіх лістох, кажучы праз тое ж, у каторых некатрыя рэчы цяжка разумець, каторыя ненавучаныя й неўмацаваныя перакручуюць, як і засталыя Пісьмы, на собскую згубу сваю.
як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі неадукаваныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
Дык, любовыя, ведаючы гэта наперад, сьцеражыцеся, каб, будучы зьведзены абмылаю нягодных, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання.
Але расьціце ў ласцы і ў знацьцю Спадара нашага а Спаса Ісуса Хрыста. Яму слава цяпер і ў дзень вечнасьці. Амін.
Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.