Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Ісус жа, поўны Духа Сьвятога, зьвярнуўся да Ёрдану і быў паведзены Духам на пустыню.
Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;
Сорак дзён быў спакушаны д’явалам і нічога ня еў тых дзён; а па сканчэньню іх запрагнуў.
там сорак дзён Ён быў спакуша́ны ад д’ябла й нічога ня е́ў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;
І сказаў Яму д’явал: «Калі Ты Сын Божы, раскажы гэтаму каменю, каб стаў букаткаю».
і сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.
А Ісус адказаў яму, кажучы: «Напісана, што не адным хлебам будзе жыць людзіна, але кажным словам Божым».
Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазаконьне 8:3).
І, павёўшы Яго на высокую гару, ён паказаў Яму ўсі гаспадарствы сьвету ў часіне часу.
І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,
І сказаў Яму д’явал: «Усю гэтую ўладу дам Табе і славу іх, бо яна дана імне, і, каму я хачу, даю яе.
і сказаў Яму д’ябал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна адда́на мне́, і я, каму хачу, даю яе́.
Дык Ты, калі паклонішся імне, усе будзе Твае».
Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Тваё.
А Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Ідзі вон ад Мяне, шайтане, бо напісана: "Спадару Богу свайму кланяцца будзеш і Яму аднаму служыць".»
Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шата́н; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
Тады павёў Яго да Ерузаліму, і пастанавіў Яго на крэйцы сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, ськінься адгэтуль далоў;
І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
Бо напісана: "Ангілам Сваім раскажа празь Цябе, каб Цябе сьцераглі;
бо напісана: Ангелам сваім нака́жа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе́;
І на руках панясуць Цябе, каб ня выцяў аб камень нагі Свае".»
і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да ка́меня нагою Тваёю (Псальм 90:11−12).
І, адказуючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: "Не спакушай Спадара Бога Свайго".»
Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
І як д’явал скончыў усі спакусы, адышоў ад Яго да часу.
І, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.
А Ісус зьвярнуўся ў моцы Духа да Ґалілеі; і разышліся дзейкі празь Яго па ўсёй акалічнай зямлі.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане́.
І Ён вучыў у бажніцах іхных, і ўсі яго ўслаўлялі.
І вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў сла́ўлены.
І прышоў да Назарэту, ідзе быў выгадаваны, і ўвыйшоў, подле звычаю Свайго, у дзень сыботні да бажніцы, і ўстаў чытаць.
І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхава́ны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць.
І падана Яму кніга Ісаі прарокі. Рашчыніўшы кнігу, знайшоў месца, ідзе было напісана:
І падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў ме́сца, дзе́ было напісана:
«Дух Спадароў над Імною, бо памазаў Мяне абяшчаць дабравесьць бедным, паслаў Мяне ўздараўляць патрышчаных сэрцам, абяшчаць выбаўленьне палоненікам і зьвярненьне відзеньня нявісным, выпусьціць зьмяжджуленых на свабоду,
Дух Гасподні на Мне́: бо Ён памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю
Абяшчаць прымальны год Спадароў».
і абвяшчаць год Гасподні прые́мны (Ісая 61:1−2).
І, зачыніўшы кнігу, і аддаўшы паслугачаму, сеў; і вочы ўсіх, што былі ў бажніцы, былі ўцемленыя ў Яго.
І, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.
І Ён пачаў казаць ім: «Сядні споўнілася гэтае пісьмо ў вушох вашых».
І Ён начаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
І ўсі пасьветчылі Яму, і дзіваваліся із словаў ласкі, што выходзілі з вуснаў Ягоных, і гукалі: «Ці ня сын гэта Язэпаў?»
І ўсе́ засьве́дчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
І Ён сказаў ім: «Напэўна скажаце Імне прыказь гэтую: "Лекару, уздароў самога сябе; тое, што мы чулі, што сталася ў Капернауме, учыні таксама тутака, у родным месцу Сваім".»
Ён сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.
І сказаў: «Запраўды кажу вам: ніякага прарокі ня прыймаюць у родным краю сваім.
І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў ба́цькаўшчыне сваёй.
Але кажу вам праўду: шмат удоваў было ў Ізраелю за дзён Ільлі, як нябёсы былі зачыненыя тры гады шэсьць месяцаў, як вялікая галадоў была па ўсёй зямлі;
Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсей зямлі;
Але да ні воднае зь іх ня быў пасланы Ільля, адно да Сарэпты Сыдонскае да жонкі ўдавы.
і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
І шмат пракажаных было ў люду Ізраельскім за Елісэя прарокі, і ні водзін ізь іх не ачысьціўся, адно Нааман Сыранін».
Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэема́на Сірыйца.
І напоўніліся ўсі ў бажніцы гневам, пачуўшы гэта.
Пачуўшы гэтае, усе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
І, устаўшы, здалілі Яго вонкі зь места, і павялі аж на верх узгорку, на каторым места іхнае было пастаноўлена, каб ськінуць Яго;
і, устаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.
Але Ён, прайшоўшыся сярод іх, адышоў.
Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
І прышоў да Капернауму, места Ґалілейскага, і вучыў іх па сыботах.
І прыйшоў у Канэрнаум, места Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.
І дзіваваліся вельма з навукі Ягонае, бо ўладная была мова Ягоная.
І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
І быў у бажніцы чалавек, што меў нячыстага духа д’явальскага, і ён загукаў вялікім голасам,
І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа шатанскага і ён зае́нчыў моцным голасам:
кажучы: «Ах, што нам да Цябе, Ісусе Назарэцкі? Ты прышоў загубіць нас; знаю Цябе, хто Ты, сьвяты Божы».
Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назара́нін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты Божы.
Але Ісус зганіў яго, кажучы: «Змоўкні й выйдзі зь яго». І нячысьцік, кінуўшы яго пасярэдзіне, вышаў зь яго, не пашкодзіўшы яму.
Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
І ўсі былі зумеўшыся, і гукалі мяжсобку, кажучы: «Што за слова гэта! бо з уладаю а магутнасьцяй расказуе нячыстым духом, і яны выходзяць».
І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыка́звае нячыстым духам, і яны выходзяць?
І разыходзілася дзейка празь Яго па ўсіх месцах аколіцы.
І разьне́слася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцо́х.
І вышаўшы з бажніцы, Ён увыйшоў у дом Сымонаў; цешча ж Сымонава была хворая на вялікую гаручку; і прасілі Яго за яе.
Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; це́шча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.
І, стаўшы над ёю, Ён зганіў трасцу; і пакінула яе. І яна, якга ўстаўшы, паслугавала ім.
І, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
Заходам сонца, усі, што мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кажнага зь іх рукі, уздараўляў іх.
Пры за́хадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
І нячысьцікі таксама выходзілі із шмат каго, крычучы й кажучы: «Ты Хрыстос, Сын Божы». А Ён, ганячы, не дазваляў ім гукаць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ён Хрыстос.
Як жа быў дзень, Ён, вышаўшы, пайшоў на пустыннае месца, і гурба шукала Яго і, прышоўшы да Яго, зьдзержавала Яго, каб не адходзіў ад іх.
Калі-ж настаў дзе́нь, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́сца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
Але Ён сказаў ім: «Я маю шырыць дабравесьць гаспадарства Божага таксама іншым местам, бо на тое Я пасланы».
Але Ён сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.
І абяшчаў у бажніцах Ґалілейскіх.
І навучаў у школах Галіле́йскіх.