Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Як Ісус скончыў словы гэтыя, то адышоў з Ґалілеі і прышоў да граніцаў юдэйскіх, на тый бок Ёрдану.
I было: калі закончыў Ісус гэтыя словы, адышоў Ен з Галілеі і прыйшоў у межы Іузейскія на той бок Іярдана;
За ім пайшло шмат грудоў, і Ён уздаравіў іх там.
I ішло ўслед за ім шмат народу, і Ен вылечваў іх там.
І прыступіліся да Яго фарысэі, і, спакушаючы Яго, казалі Яму: «Ці з кажнае прычыны дазволена камусь адпушчаць жонку сваю?»
I падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы Яму: ці з усякай прычыны можна разводзіцца мужу з жонкаю сваёю?
Ён, адказуючы, сказаў ім: «Ці ня чыталі вы, што Тый, Хто стварыў іх на пачатку, мужчынаю й жонкаю ўчыніў іх.
Ен жа сказаў ім у адказ: ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку «стварыў іх мужам і жонкаю»;
І сказаў: ’Затым пакіне чалавек айца й маці, і прыліпне да жонкі свае, і будуць двое адным целам’;
I сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і зробяцца яны абое адным целам.
Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык, што Бог злучыў, таго людзіна хай не разлучае».
Так што ўжо яны не двое, але адно цела: дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
Яны кажуць Яму: «Як жа Масей расказаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе?»
Яны кажуць Яму: чаму ж Майсей казаў даваць разводны ліст і адпускаць яе?
Ён кажа ім: «Масей з прычыны калянасьці сэрца вашага дазволіў вам адпушчаць жонкі вашыя; а спачатку ня было гэтак.
Ен жа кажа ім: Майсей з-за вашага нячулага сэрца дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, спачатку ж не было так.
Але Я кажу вам, што хто адпусьце жонку сваю не за бязулства і ажэніцца з другой — чужаложа; і хто жэніцца з адпушчанай — чужаложа.
Але Я кажу вам: хто развядзецца са сваёй жонкай не з віны распусты і ажэніцца з другою, чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разведзенаю, чыніць пералюб.
Кажуць Яму вучанікі Ягоныя: «Калі такая справа чалавека із жонкаю, то валей не жаніцца».
Кажуць Яму вучні Яго: калі такі мужаў абавязак перад жонкаю, лепей не жаніцца.
Але Ён сказаў ім: «Ня ўсі зьмяшчаюць гэтае слова, адно каторым гэта дана;
Ен жа сказаў ім: не ўсе ўсведамляюць гэтае слова, але каму дадзена.
Бо ё легчанцы, што нарадзіліся таковымі із жывата маці; і ё легчанцы, каторых людзі вылягчалі; і ё легчанцы, што самы сябе вылягчалі дзеля гаспадарства нябёснага. Хто можа зьмяшчаць, няхай зьмяшчае».
Бо ёсць няздатныя да жаніцьбы, якія з матчынага лона такімі нарадзіліся; і ёсць спакладанцы, выпакладаныя людзьмі; і ёсць спакладанцы, якія самі сябе выпакладалі для Небёснага Царства. Хто можа зразумець, няхай зразумее.
Тады прывялі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучанікі ж сварыліся на іх.
Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ен усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім.
Але Ісус сказаў: «Пусьціце дзеці, не перакажайце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ё гаспадарства нябёснае».
Ісус жа сказаў: пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо Нябеснае Царства належыць такім.
І, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль.
I, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І вось, хтось, падышоўшы, сказаў Яму: «Вучыцелю добры! што добрага імне зрабіць, каб мець жыцьцё вечнае?»
I вось адзін, падышоўшы, сказаў Яму: дасканалы Настаўнік! што добрае я павінен зрабіць, каб мець жыццё вечнае?
Ён жа сказаў яму: «Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго — Бога. Калі ж хочаш увыйсьці ў жыцьцё, дзяржы расказаньні».
Ен жа сказаў яму: чаму ты мяне завеш дасканалым? Ніхто ж не дасканалы, як толькі адзін Бог. Калі ж ты хочаш увайсці ў тое жыццё, выконвай запаведзі.
Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьветч хвальшыва;
Той кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: не забівай; не чыні пералюбу; не крадзі; не сведчы фальшыва;
Сьці айца й маці, і любі прыяцеля свайго, як самога сябе».
Шануй бацьку свайго і маці; і любі свайго бліжняга, як самога сябе.
Маладзён кажа Яму: «Усе гэта рабіў я з маладосьці свае; чаго яшчэ не стаець імне?»
Кажа Яму юнак: усяго гэтага я пільнаваўся з малых год; чаго яшчэ не стае?
Ісус сказаў яму: «Калі хочаш быць дасканальным, пайдзі, прадай маемасьць сваю і раздай убогім; і будзеш мець скарб на нябёсах; і прыходзь а йдзі за Імною».
Сказаў яму Ісус: калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды ідзі ўслед за Мною.
Пачуўшы слова гэтае, маладзён адышоў смутны, бо ён меў вялікую маемасьць.
Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адышоў засмучаны: бо ён меў вялікае багацце.
Ісус жа сказаў вучанікам Сваім: «Запраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства нябёснае.
Ісус жа сказаў Сваім вучням: папраўдзе кажу вам: цяжка будзе багатаму ўвайсці ў Нябеснае Царства.
І ўзноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці пераз вушка голкі, чымся багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства Божае».
Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ў Божае Царства.
Пачуўшы гэта, вучанікі Ягоныя вельмі зумеліся й сказалі: «Дык хто ж можа спасьціся?»
Вучні ж, пачуўшы, моцна здзівіліся, кажучы: дык хто можа ўратавацца?
А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: «Людзём гэта немагчыма, але Богу ўсё магчыма».
А Ісус, паглядзеўшы, казаў ім: людзі не могуць гэтага, а Бог усё можа.
Тады Пётра, адказуючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што ж нам будзе?»
Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам? Мар.10:28;
І сказаў ім Ісус: «Запраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Імною, у вадраджэньню, як сядзе Сын Людзкі на пасадзе славы Свае, сядзеце й вы на двананцацёх пасадах судзіць двананцаць пакаленьняў Ізраелявых.
Ісус жа сказаў ім: папраўдзе кажу вам, што вы, Мае паслядоўнікі, пры аднаўленні свету, калі сядзе Сын Чалавечы на пасадзе славы сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых.
І кажны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстры, альбо айца, альбо маці, альбо жонку, альбо дзеці, альбо землі, дзеля імені Майго, адзяржыць сто разоў, і жыцьцё вечнае спадзець яму.
I кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля імя Майго, у сто разоў больш займее і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.
Шмат якія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі, а апошнія — першымі.