Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Як жа зышоў Ён із гары, за Ім пайшло шмат грудоў.
Калі ж ён сышоў з гары, шмат народу пайшло за Ім;
І вось, падышоў пракажаны і, кланяючыся Яму, сказаў: «Спадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
I вось пракажоны падышоў і пакланіўся Яму, кажучы: Госпадзе! Калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне.
Ісус, выцягнуўшы руку, даткнуўся да яго й сказаў: «Хачу, ачысьціся». І ён якга ачысьціўся ад праказы.
І Ісус, працягнуўшы руку, крануўся яго, кажучы: хачу, ачысцься. I ён тут жа ачысціўся ад праказы.
І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы; але пайдзі, пакажыся сьвятару і абрачы дар, які расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
I кажа яму Ісус: глядзі, не расказвай нікому; але пайдзі, пакажыся святару і прынясі дар, што прадпісаў Майсей, у сведчанне ім.
А як увыйшоў да Калернауму, да Яго падышоў сотнік і прасіў Яго:
А калі Ён увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы ў Яго
«Спадару! дзяцюк мой ляжыць дома, у яго паляруш, і ён вельма мучыцца».
I кажучы: Госпадзе! мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца.
Ісус кажа яму: «Я прыйду і ўздараўлю яго».
I кажа яму Ісус: Я прыйду і вылечу яго.
Сотнік жа адказаў і сказаў: «Спадару! я ня годзен, каб Ты ўвыйшоў пад страху маю; але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой;
I ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! я не варты, каб ты ўвайшоў пад мой дах; але толькі скажы слова і паправіцца мой слуга.
Бо я, і людзіна падуладная, і маю пад сабой вояў, кажу аднаму: ’Пайдзі’, і йдзець; і другому: ’Прыйдзі’, і прыходзе; і слузе свайму: ’Зрабі гэта’ і робе».
Бо і я, — чалавек падуладны, але маю пад сабою воінаў; і скажу аднаму: «пайдзі», і ідзе; а другому: «прыйдзі», і прыходзіць, а майму слугу: «зрабі гэта», і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзіваваўся й сказаў ідучым за Ім: «Запраўды кажу вам: у нікім такое веры ў Ізраелю не знайшоў Я.
Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за Ім: папраўдзе кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
Кажу ж вам, што шмат прыйдзе з усходу і із захаду і засядуць із Абрагамам, Ісаком а Якавам у гаспадарстве нябёсным;
Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Якавам у Нябесным Царстве;
А сынове гаспадарства выкінены будуць у цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі».
А дзеці Царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.
І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты ўверыў, няхай будзе табе». І ачуняў дзяцюк тае ж гадзіны.
I сказаў Ісус сотніку: ідзі і, як паверыў ты, няхай табе збудзецца. I паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну.
І прыйшоўшы да дому Пятровага, Ісус абачыў цешчу ягоную, што ляжала й была ў гаручцы.
А калі прыйшоў Ісус у хату Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць у гарачцы;
І даткнуўся да рукі ейнае, і гаручка пакінула яе; і яна ўстала а паслугавала ім.
I Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе; і ўстала яна і прыслугоўвала ім.
Як жа настаў вечар, да Яго прывялі шмат апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духоў словам, і ўсіх няўздолюючых уздаравіў,
А калі надышоў вечар, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выганяў духаў словам і вылечыў усіх хворых;
Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа: «Ён узяў на Сябе няўздоленьні нашы і панёс хваробы».
Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа: «Ён узяў нашы слабасці і панёс хваробы».
Як Ісус абачыў навокал Сябе вялікія груды, расказаў адплысьці на другі бок.
А ўбачыўшы вакол Сябе вялікія сціжмы людзей, Ісус сказаў адплыць на другі бок.
І дабліжыўся адзін із кніжнікаў, і сказаў Яму: «Вучыцелю! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
Тады адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б ні пайшоў Ты.
І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнезды, а сын людзкі ня мае йдзе галавы прытуліць».
I кажа яму Ісус: лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя, — гнёзды; а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.
Другі ж із вучанікаў Ягоных сказаў Яму: «Спадару! дазволь імне ўперад пайсьці і пахаваць айца свайго».
Другі ж з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне перш пайсці і пахаваць майго бацьку.
Але Ісус сказаў яму: «Ідзі за Імною і пакінь мертвым хаваць памерлых сваіх».
Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых.
І як увыйшоў Ён у струг, за Ім пайшлі вучанікі Ягоныя.
I калі Ён ступіў у човен, увайшлі за Ім Яго вучні.
І вось, узьнялася вялікая бура на мору, ажно хвалі залівалі струг; а Ён спаў.
I вось вялікае ўзрушэнне ўзнялося на моры, што аж човен залівала хвалямі; а Ён спаў.
І, дабліжыўшыся, яны пабудзілі Яго й сказалі: «Спадару! ратуй нас — гінем!»
I кінуліся Яго вучні і пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
І кажа ім: «Чаму вы баязьлівыя, малаверныя?» Потым, устаўшы, зганіў вятры а мора, і стала вялікая цішыня.
I Ён кажа ім: чаго баіцеся, малаверныя? Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору; і зрабілася вялікая ціша.
Людзі ж дзіваваліся й сказалі: «Што за Гэты, што вятры а мора слухаюць Яго?»
А людзі дзівіліся, кажучы: хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго?
І як Ён прыбыў на другі бок да зямлі Ґерґесынскае, Яго перанялі два апанаваныя д’яблам, вышаўшы з грабоў, надта злыя, ажно ніхто ня мог праходзіць тудэй.
I калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гергесінскую, перастрэлі Яго два апантаныя, што выйшлі з магіл, — вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю;
І вось, яны закрычэлі: «Што Табе да нас, Ісусе, Сыну Божы? Ты прышоў сюды без пары мучыць нас».
I вось закрычалі яны, кажучы: што Табе, Ісусе, Сыне Божы, да нас? прыйшоў заўчасна сюды, каб мучыць нас?
Далёка ж ад іх пасьцілася вялікая чарада сьвіньняў.
А воддаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
І нячысьцікі прасілі Яго, кажучы: «Калі выжанеш нас, то пашлі нас у чараду сьвіньняў».
I прасіліся ў Яго дэманы, кажучы: калі выганяеш нас, дазволь нам увайсці ў гурт свіней.
І сказаў ім «Ідзіце». І яны, вышаўшы, пайшлі ў сьвіньні. І вось, уся чарада сьвіньняў кінулася із стромы ў мора і загінула ў вадзе.
I Ён сказаў ім: ідзіце. I яны, выйшаўшы, увайшлі ў свіны гурт; і вось кінуўся ўвесь гурт свіней са стромы ў мора і загінуў у водах.
Пасучыя ж іх уцяклі і, прышоўшы да места, павядалі праз усе і праз тых апанаваных нячысьцікам.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі.
І вось, усё места вышла напярэймы Ісусу і, абачыўшы Яго, малілі, каб Ён адыйшоў ад граніцаў іхных.
I вось увесь горад выйшаў насустрач Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.