Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Як мінула сыбота, золкам першага дня тыдня, прышла Марыя Магдалена а другая Марыя глядзець гробу.
А калі скончылася субота, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
І вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, бо ангіл Спадароў, зышоўшы зь неба, прыступіўшы, адкаціў камень ад дзьвярэй і сядзеў на ім.
I вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні сышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень ад уваходу і сеў на яго.
Від ягоны быў, як маланьня, і адзецьце ягонае белае, як сьнег.
Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег;
І із страху яго вартаўнікі дрыжэлі й сталі, як мертвыя.
I ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі і зрабіліся як мёртвыя.
І, адказуючы, ангіл сказаў жанкам: «Не лякайцеся, бо я ведаю, што Ісуса ўкрыжаванага шукаеце:
Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса укрыжаванага.
Яго няма тут, бо Ён ускрэс, як сказаў. Падыйдзіце, абачча месца, ідзе Спадар ляжаў.
Няма Яго тут; бо Ен уваскрос, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад.
І борзда йдзіце, і скажыце вучанікам Ягоным, што Ён ускрэс ізь мертвых, і вось, Ён выперадзе іх да Ґалілеі; там абачыце Яго. Вось, я сказаў вам».
Ды ідзіце хутка і скажыце Яго вучням, што Ен уваскрос з мёртвых; і вось папярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам.
І, вышаўшы борзда з гробу, яны із страхам і радасьцяй вялікай пабеглі наказаць вучанікам Ягоным.
Яны ж, паспешна пайшоўшы ад магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі абвясціць Яго вучням.
І як яны йшлі наказаць вучанікам, вось, Ісус пераняў іх, кажучы: «Здаровы!» І яны, дабліжыўшыся, ухапіліся за ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.
I вось Ісус сустрэў іх, кажучы: радуйцеся! Яны ж, падышоўшы, абнялі Яго ногі і пакланіліся Яму.
Тады сказаў ім Ісус: «Не палохайцеся; ідзіце, накажыце братом Маім, каб ішлі да Ґалілеі, і там яны абачаць Мяне».
Тады кажа ім Ісус: не бойцеся; ідзіце, абвясціце Маім братам, каб пайшлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне.
Як жа яны адышлі, вось, некатрыя з вартаўнікоў, прышоўшы да места, наказалі найвышшым сьвятаром усе, што сталася.
А калі яны пайшлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, расказалі першасвятарам пра ўсё, што адбылося.
І гэтыя, зьбершыся із старцамі й зрадзіўшыся, узяўшы досыць срэбла, далі жаўнерам,
I яны, сабраўшыся са старэйшынамі і дамовіўшыся, далі немалыя грошы воінам,
Кажучы: «Скажыце, што вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, укралі Яго, як мы спалі.
Кажучы: гаварыце, што Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі.
А калі дзейкі праз гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас абясьпечым».
А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы яго ўгаворым і выбавім вас ад клопату.
Дык гэтыя ўзялі срэбла й зрабілі, як гэныя навучылі. І разьнеслася слова гэтае памеж Юдэяў дагэтуль.
Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. I разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга дня.
Адзінанцацёх жа вучанікаў пайшлі да Ґалілеі, на гару, куды прызначыў ім Ісус.
Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус.
І, абачыўшы Яго, пакланіліся Яму; але некатры сумляўся.
I, убачыўшы Яго, яны пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
А Ісус, дабліжыўшыся, гутарыў зь імі, кажучы: «Уся ўлада дана Імне на нябёсах і на зямлі.
Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
Дык ідзіце й рабіце ўсі народы вучанікамі Маімі, хрысьцячы іх у імя Айца а Сына а Сьвятога Духа,
Таму ідзіце, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысцячы людзей у імя Айца, і Сына, і Святога Духа.
Вучачы іх заховаваць усе, што Я расказаў вам; і вось, Я з вамі ўсі дні аж да сканчэньня веку». Амін.
Вучачы іх выконваць усё, што Я даручыў вам. I вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэння веку. Амін.