Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

«Тады падобнае будзе гаспадарства нябёснае да дзесяцёх дзявушчых, што, узяўшы лянпы свае, вышлі на пярэймы маладому.
 
Тады Нябеснае Царства будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы лямпы, выйшлі насустрач маладому.

Зь іх пяць было мудрых і пяць неразумных.
 
Пяць з іх было неразумных і пяць разумных.

Неразумныя, узяўшы лянпы свае, не ўзялі із сабою алівы.
 
Неразумныя, узяўшы свае лямпы, не ўзялі з сабою алею;

Мудрыя ж узялі алівы ў судзінах ізь лянпамі сваімі.
 
Разумныя ўзялі алею ў пасудзінах заадно са сваімі лямпамі;

І як малады задлякаўся, то задрымалі ўсі й паснулі.
 
А калі малады затрымаўся, яны ўсе задрамалі і паснулі.

І а поўначы разьлёгся крык: "Гля, малады йдзець, выходзьце на пярэймы яму!’
 
Апоўначы ж крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце насустрач яму».

Тады ўсталі дзявушчыя тыя і агледзелі лянпы свае.
 
Тады ўсхапіліся ўсе тыя дзяўчаты і паправілі свае лямпы.

Неразумныя ж сказалі мудрым: "Дайце нам алівы вашае, бо лянпы нашыя гаснуць’.
 
Неразумныя ж сказалі разумным: «дайце нам вашага алею, бо нашы лямпы гаснуць».

А мудрыя адказалі: "Калі б нам і вам ня стала, валей пайдзіце да прадаўнікоў і купіце сабе’.
 
А разумныя казалі ў адказ: «каб не забракла нам і вам, пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе».

А як пайшлі яны купляць, прышоў малады, і гатовыя ўвыйшлі зь ім на вясельную чэсьць, і дзьверы замкнуліся.
 
Пакуль жа яны хадзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы зачыніліся.

Потым прыходзяць і іншыя дзявушчыя, кажучы: "Спадару, спадару! адчыні нам’.
 
Пасля ж прыходзіць і рэшта дзяўчат і кажа: «пане! пане! адчыні нам!»

Ён жа адказаў ім і сказаў: "Запраўды кажу вам: ня знаю вас’.
 
Ён жа сказаў ім у адказ: «папраўдзе кажу вам: я не ведаю вас».

Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, каторае прыйдзе Сын Людзкі.
 
Дык будзьце пільныя: бо вы не ведаеце ані дня, ні гадзіны, калі прыйдзе Сын Чалавечы.

«Бо Ён учыне, як чалавек, што, пакідаючы дом, гукнуў слугаў сваіх і паручыў ім маемасьць сваю:
 
Гэтак і адзін чалавек, ад’язджаючы, склікаў сваіх рабоў і перадаў ім сваё дабро.

І аднаму даў ён пяць таланёў, другому два і іншаму адзін, кажнаму подле здольнасьці ягонае; і зараз пакінуў дом.
 
I даў ён аднаму пяць талентаў, другому ж — два, а іншаму — адзін, кожнаму паводле яго сілы; і тут жа ад’ехаў.

Тый, што адзяржаў пяць таланёў, зараз пайшоў, і таргаваў на іх, і прыдбаў другія пяць таланёў.
 
Той жа, хто ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць.

Чыста так і тый, што адзяржаў два талані, прыдбаў другія два.
 
Гэтак жа і той з двума зарабіў другія два.

Тый жа, што адзяржаў адзін талань, пайшоў, і пакапаў зямлю, і схаваў срэбла спадара свайго.
 
А той, што ўзяў адзін, адышоўшыся, закапаў у зямлю — і схаваў серабро свайго гаспадара.

Па даўгім часе, прыходзе спадар слугаў тых і вымагае ў іх лічбы.
 
Праз доўгі ж час прыязджае гаспадар тых рабоў і зводзіць з імі рахунак.

І тый, што адзяржаў пяць таланёў, падышоўшы, прынёс другія пяць таланёў, кажучы: "Спадару! пяць таланёў ты перадаў імне; во другія пяць таланёў я прыдбаў’.
 
I, падышоўшы, той, хто ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: «пане! пяць талентаў ты перадаў мне: вось другія пяць талентаў я зарабіў на іх».

Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
 
Яго ж гаспадар сказаў яму: «прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара».

Прышоў і тый, што адзяржаў два талані, і сказаў: "Спадару! два талані ты перадаў імне; во другія два талані я прыдбаў на іх’.
 
I, падышоўшы, той, хто ўзяў два таленты, сказаў: «пане! два таленты ты перадаў мне: вось другія два таленты я зарабіў на іх».

Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
 
Яго ж гаспадар сказаў яму: «прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара».

Падыйшоў і тый, што адзяржаў адзін талань, і сказаў: "Спадару! я знаў цябе, што ты чалавек стродкі, жнеш, ідзе ня сеяў, і зьбіраеш, ідзе не рассыпаў;
 
I, падышоўшы, той, хто ўзяў адзін талент, сказаў: «пане! я ведаў цябе, што ты чалавек суровы: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;

І, баяўшыся, пайшоў і схаваў талань гвой у зямлі; во табе твае’.
 
I я збаяўся — адышоўшыся, схаваў твой талент у зямлю: вось маеш тваё».

Спадар жа, адказуючы, сказаў яму: "Нягодны а ляны слуга! ты ведаў, што я жну, ідзе не пасеяў, і зьбіраю, ідзе не рассыпаў;
 
Яго ж гаспадар сказаў яму ў адказ: «баязлівы раб і лянівы; ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;

Затым належыла табе аддаць срэбла мае пенязяменам, і я прышоўшы, адзяржаў бы маё з прыбыткам.
 
Таму трэба было табе даць маё серабро ліхвярам, а я, прыехаўшы, узяў бы ўсё сваё з ліхвою.

Дык вазьміце ў яго талань і дайце маючаму дзесяць таланёў,
 
Вазьміце ж ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

Бо кажнаму маючаму дасца, і ён будзе мець дастатак, а ў нямаючага адыймецца й тое, што мае.
 
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і ў яго будзе паддастаткам; а ў таго, хто не мае, будзе ўзята і тое, што мае.

А некарыснага слугу кіньце да цемрадзі навоннае; там будзе плач а скрыгот зубамі’.
 
А няздатнага раба выкіньце ў цемрузнадворную — там будзе плач і скрыгат зубоў».

«Як Сын Людзкі прыйдзе ў славе Сваёй, і ўсі сьвятыя ангілы зь Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае;
 
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Анёлы з ім, тады сядзе Ен на пасадзе славы Свае.

І зьбяруцца перад Ім усі народы; і адлуча адны ад адных, як пастыр адлучае авечкі ад казлоў;
 
I будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ен аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;

І пастанове авечкі па правіцы Свае, а казлы — па лявіцы.
 
I паставіць Ен авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Кароль тым, што па правіцы Ягонае: «Прыйдзіце, дабраславёныя Айца Майго, адзяржыце на спадак гаспадарства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету;
 
Тады скажа Цар тым, хто праваруч ад Яго: «прыйдзіце, бласлаўлёныя Бацькі Майго! атрымайце ў спадчыну Царства, прызначанае вам ад заснавання свету.

Бо Я прагнуў, і вы далі Імне есьці; сьмяг, і вы далі Імне піць; быў чужанінам, і вы частавалі Мяне;
 
Бо быў галодны Я, а вы далі мне есці; быў сасмяглы, а вы далі Мне піць; быў падарожны, а вы прынялі Мяне;

Быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы даведаліся Мяне; у вязьніцы быў, і вы прышлі да Мяне».
 
Быў голы, а вы адзелі Мяне; быў хворы, а вы адведалі Мяне; быў у цямніцы, а вы прыйшлі да Мяне».

Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, і далі есьці? альбо ўсьмяглага, і далі піць?
 
Тады адзавуцца Яму праведнікі, кажучы: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі? і сасмяглым і напаілі?

Калі мы бачылі Цябе чужанінам, і частавалі? альбо голага, і аддзелі?
 
Калі ж мы цябе падарожным бачылі і прынялі? ці голым і адзелі?

Калі мы бачылі Цябе хворага альбо ў вязьніцы, і даведаліся Цябе?’
 
Калі ж мы бачылі Цябе хворым або ў цямніцы і прыйшлі да Цябе?»

І, адказуючы, Кароль скажа ім: "Запраўды кажу вам: на колькі вы зрабілі гэта аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, то зрабілі Імне’.
 
I ў адказ Цар скажа ім: «папраўдзе кажу вам: зрабіўшы гэта аднаму з Маіх найменшых братоў, вы Мне зрабілі».

Тады скажа й тым, што па лявіцы: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны нячысьціку а ангілам ягоным;
 
Тады скажа і тым, хто леваруч ад Яго: «ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прызначаны д’яблу і яго анёлам.

Бо Я прагнуў, і вы не далі Імне есьці; сьмяг, і вы не далі Імне піць;
 
Бо быў галодны Я, а вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, а вы не далі Мне піць;

Быў чужанінам, і не пачаставалі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў вязьніцы, і не даведаліся Мяне’.
 
Быў падарожны, а вы не прынялі Мяне; быў голы, а вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў цямніцы, а вы не адведалі Мяне».

Тады й яны, адказуючы, скажуць: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, альбо сьмягнучага, альбо як чужаніна, альбо голага, альбо хворага, альбо ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?’
 
Тады адзавуцца яны, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, або падарожным, або голым, калі хворым, альбо ў цямніцы, і не ўслужылі Табе?»

Тады, адкажа ім, кажучы: "Запраўды кажу вам: як не зрабілі гэтага аднаму з гэтых найменшых, то не зрабілі Імне’.
 
Тады Ен скажа ім у адказ: «папраўдзе кажу вам: не зрабіўшы гэтага аднаму з гэтых найменшых, вы і для Мяне не зрабілі».

І пойдуць гэтыя на кару вечную, а справядлівыя да жыцьця вечнага»
 
I пойдуць гэтыя на вечную муку, а праведнікі ў жыццё вечнае.