Навума 2 разьдзел
Кніга прарока Навума
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Тый, што трышча, прышоў да віду твайго: дзяржы аснаду, пазірай на дарогу, умацуй сьцёгны свае, вельма ўмацуй Сілу сваю;
Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу.
Бо зьвярнуў СПАДАР вялічча Якавава, як вялічча Ізраелява, бо спустошнікі іхныя спустошылі іх і вінныя пагоны іхныя вынішчылі.
Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі.
Шчырвавеў шчыт дужасілаў ягоных, харобрыя ў шкарлаце; цялежкі з пылаючымі сьветачамі ў дзень прыгатовы яго, і елкі страшна дрыжэць будуць.
Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца.
Цялежкі па вуліцах будуць грукатаць і рыпець будуць на шырокіх дарогах; будуць здавацца, як сьветачы, бегчы, як маланьні.
Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі.
Ён успомне выдатных сваіх, яны спатыкнуцца ў ходзе сваім; барзьдзяць на сьцяну яе, і гатуюць абарону.
Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо.
Брамы рэкаў адчыняцца, і палацы стаюць.
Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца.
І пастаноўлена: яна будзе адкрыта ўзьведзена, і служэбкі ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
Нінева — як стаў ад дзён быцьця свайго, яны, адылі, уцякаюць. «Стойце, стойце!» але ніхто не азіраецца назад.
Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. «Стойце, стойце!» Але ніхто не азіраецца.
Глабайце срэбра, глабайце золата, бо няма канца запасу а пазору з усёга дарагога спрату.
Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня.
Пустая а спустошаная а спарожненая, і сэрца тае, калоцяцца калені, і боль у вусіх сьцёгнах, і віды іх усіх шчарнелі.
Разрабавана, спустошана і спляжана яна, — і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі.
Ідзе бярлог лявіцаў і пасьцьбішча левянят, ідзе хадзіў леў, стары леў, і левянё жыло, і ніхто ня нудзіў?
Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх,
Леў, што даволі ірваў левянятам сваім, і душыў лявіцам сваім, напоўніў ямы свае разарваным і бярлогі свае разарваным.
леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае — схопленым?
«Вось, Я супроці цябе, — кажа СПАДАР войскаў, — і сярод дыму спалю цялежкі твае, і меч зжарэць левяняты твае, і адатну ізь зямлі здабытак твой, і ня будзе ўжо чуваць голасу паслоў тваіх».
Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.