Навума 3 разьдзел

Кніга прарока Навума
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бяда месту крыві: усе яно поўнае маны а глабаньня; глабаньне не адходзе ад яго.
 
Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак.

Сьвіст пугі, і грукат колаў, і іржаньне коні, і драганьне цялежак.
 
Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца.

Коньнік узьяжджае, палаючы меч а зігцячая дзіда; і забітых множасьць, і вялікі лік трупаў; і няма канца целам, спатыкаюцца на целы іхныя.
 
Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх.

За множасьць бязулства харошае бязулі, пані чараўніцтва, што прадаець народы бязулствамі сваімі і радзімы — чарамі сваімі.
 
Гэта — за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі — плямёны.

«Вось, Я на цябе, — кажа СПАДАР войскаў, — і загалю крысы твае на від твой, і пакажу народам голасьць тваю і каралеўствам — сорам твой.
 
Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю.

І кіну агідную брыду на цябе, і зраблю цябе абрыдай, і выстаўлю цябе як дзіва.
 
І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум.

І станецца, што кажны, каторы гляне на цябе, пабяжыць ад цябе й скажа: "Спустошана Нінева. Хто будзе плакаць па ёй?" ідзе я маю шукаць пацяшыцеляў табе?»
 
І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: «спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?»

Ці ты лепшая за Но-Амон, што жыў меж рэкаў, воды акружылі яго, катораму войскам было мора, і ад мора сьцяна яго?
 
Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму?

Ефіопа сіла яго, і Ягіпет, і без канца, Пут а Лібяне меж памачнікоў тваіх.
 
Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе.

Таксама ён выселены, і пайшоў у палон; таксама дзецяняты ягоныя былі разьбітыя на ростанях усіх вуліцаў, і праз пачэсьлівых ягоных кідалі на жэрабя, і ўсі вялікія людзі ягоныя былі спутаны зялезамі.
 
Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі.

Дык і ты ўп’ешся, і ты схаваешся, ты таксама будзеш шукаць абароны ад непрыяцеля.
 
Так і ты — сп’янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля.

Усі гарады твае — фіґі ізь сьпелымі фіґамі: калі трасануць іх, яны валяцца ў рот ядучаму.
 
Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці.

Вось, люд твой — жанкі ўнутры цябе: варагом тваім напіта рашчыненыя брамы зямлі твае; пажэрла цяпло завалы твае.
 
Вось, і народ твой — як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае.

Вады дзеля аблогі пашлі сабе; умацуй гарады свае; ідзі да глінішча, таўчы гліну, рабі моцную цэглу.
 
Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы.

Там зжарэць цябе цяпло, пасячэць цябе меч, паесьць цябе, як вусень; множся, як вусень, множся, як шаранча.
 
Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча.

Ты памножыла купцоў сваіх болей за гвезды на небе; шаранча пашырыцца й паляціць.
 
Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць.

Каранаваныя твае — як шаранча, вайводцы твае — як вялікія казельчыкі, каторых табар у платох сьцюдзёнага дня; як сонца ўзыйдзе, яны адлятаюць, і ня ведама месца іхнае, ідзе яны.
 
Князі твае — як саранча, і ваеначальнікі твае — як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, — і не пазнаеш месца, дзе яны былі.

Дрэмяць пастыры твае, каролю Асырскі, харобрыя твае супачываюць, разьвеяны люд твой па горах, і няма каму зьберці.
 
Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго.

Няма загаеньня больцы Тваёй, балючая рана твая; усі, што пачуюць дзейку празь цябе, будуць пляскаць у ладкі празь цябе; бо на каго бязупынку ня прыходзіла нягоднасьць твая?
 
Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?