Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
 
І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.

І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
 
І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,

Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
 
які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
 
Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.

Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
 
І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе каменьнямі.

Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
 
І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,

і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
 
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».

Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
 
Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».

Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
 
І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».

І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
 
І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.

А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
 
А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў.

І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
 
І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіняў, каб мы ў іх увайшлі».

Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
 
І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.

А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
 
А тыя, што пасьвілі сьвіняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.

ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
 
І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
 
І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіняў.

І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
 
І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.

Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
 
І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.

І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
 
Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».

І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
 
І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
 
І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.

І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
 
І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,

ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
 
і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».

І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
 
І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.

Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
 
І нейкая жанчына, хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,

ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
 
якая шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,

прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
 
пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,

казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
 
бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».

І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
 
І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.

Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
 
І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»

Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
 
І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»

Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
 
Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.

Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
 
А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
 
Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».

Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
 
Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
 
Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».

І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
 
І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
 
І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.

І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
 
І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».

І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
 
І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.

І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
 
І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта́ ку́мі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
 
І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.

І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.
 
І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.