Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.
І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там чалавек, які меў сухую руку.
І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.
І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.
І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань на сярэдзіне!»
Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.
І кажа ім: «Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу́ выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
І, глянуўшы на іх з гневам, смуткуючы дзеля скамяненьня сэрца іхняга, кажа чалавеку гэтаму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і зрабілася рука яго здаровая, як і другая.
Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.
Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, каб Яго загубіць.
Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,
І Ісус разам з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, і вялікае мноства пайшло за Ім з Галілеі, і з Юдэі,
і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.
і з Ерусаліму, і з Ідумеі, і з-за Ярдану, і з ваколіцаў Тыру і Сідону, вялікае мноства, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.
І сказаў вучням Сваім, каб быў падрыхтаваны для Яго човен дзеля натоўпу, каб ня ціснулі Яго.
Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.
Бо многіх Ён аздаравіў, таму пхаліся да Яго ўсе, што мелі немачы, каб дакрануцца да Яго.
А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»
І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.
Але Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.
І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.
І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць,
І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.
і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў:
І даў Сымону імя Пётр;
Сымона, і даў яму імя Пётар,
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;
і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць “Сыны грому”,
І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,
і Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта,
і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.
і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго.
І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.
І прыходзяць у дом; і зноў зыходзіцца натоўп, так што не маглі яны нават хлеба паесьці.
А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.
І, пачуўшы [гэта], сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў.
І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.
А кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што мае Бэльзэбула і што моцай князя дэманаў выганяе дэманаў.
І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?
І, паклікаўшы іх, гаварыў да іх [Ісус] у прыповесьцях: «Як можа шата́н выганяць шата́на?
Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.
І калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца валадарства тое.
І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.
І калі дом разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца дом той.
А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.
І калі шата́н паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але канец яму.
Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.
Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа захапіць маёмасьць яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.
Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,
Сапраўды кажу вам, што будуць адпушчаны сынам чалавечым усе грахі і блюзьне́рствы, якімі б яны ня блю́зьнілі,
але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.
але хто будзе блю́зьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае вечнаму асуджэньню».
Бо казалі, ён мае духа нячыстага.
Бо яны гаварылі: «Мае духа нячыстага».
І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.
І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго.
А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.
І сядзеў кругом Яго натоўп, і сказалі Яму: «Вось, маці Твая і браты Твае вонкі, шукаюць Цябе».
А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?
І, адказваючы ім, гаворыць: «Хто маці Мая і браты Мае?»
І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.
І, агледзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: «Вось маці Мая і браты Мае!
Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».