Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У тыя дні, як шмат назбіралася народу, ды ня мелі чаго есьці, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім:
 
У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

Шкада мне грамады, што ўжо вось тры дні пры мне трывае, ня маючы чаго есьці;
 
«Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.

і калі пушчу іх галодных дамоў, паслабеюць у дарозе, некаторыя бо здалёку папрыходзілі.
 
І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».

Й адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх тут хлебам у пустыні?
 
І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»

І спытаў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны-ж адказваюць: Сем.
 
І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».

І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І, ўзяўшы сем хлябоў, ды ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і тыя грамадзе раздавалі.
 
І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.

І мелі некулькі рыбак, ды іх пабагаславіўшы, загадаў раздаць.
 
І мелі яны некалькі рыбаў. І, іх дабраславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

І елі і наеліся, і назбіралі астаўшыхся кавалкаў сем кашоў.
 
І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.

А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
 
А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.

І адразу ўвайшоўшы ў лодку із сваімі вучнямі, лучыў у межы Дальмануцкія.
 
І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.

І выйшлі фррызэі ды пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.
 
І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.

І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дапамінаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак роду гэтаму.
 
І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».

І адправіўшы іх, зноў увайшоў у лодку ды паплыў на другі бераг.
 
І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.

А забыліся ўзяць хлеба й ня мелі з сабою ў лодцы, апрача аднаго баханца.
 
І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.

І загадваў ім, кажучы: Глядзеце, сьцеражэцеся закісьлі фарызэйскае, й закісьлі Гэрадавай.
 
І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кі́сьлі фарысэйскай і кі́сьлі Ірадавай».

І разважалі міжсобку, гутарачы: Што хлеба ня маем.
 
І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».

Пазнаўшы гэта, Езус ім кажа: Чаго бядуеце, што хлеба ня маеце? Няўжэ яшчэ не разумееце? Няўжэ яшчэ маеце закамянелае сэрца?
 
І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня ця́міце і не разуме́еце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?

Маючы вочы ня бачыце, й маючы вушы, ня чуеце? Ды ня помніце,
 
Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?

як пяць хлябоў паламаў я на пяць тысяч, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Гавораць яму: Дванаццаць.
 
Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

І як сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі кошыкаў кускоў вы набралі? Кажуць яму: Сем.
 
«А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».

І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?
 
І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»

І прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі к яму сьляпога ды прасілі яго, каб дакрануўся да яго.
 
І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.

І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за вёску ды, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўзлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць.
 
І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.

А ён гледзячы кажа: Бачу людзей, моў дрэвы хадзячых.
 
І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».

Потым ізноў узлажыў рукі на ягоныя вочы і ён пачаў відзець. І аздаравеў так, што бачылі ўсё ясна.
 
Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.

І адаслаў яго дадому, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не расказвай.
 
І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».

І выйшаў Езус і вучні ягоныя ў сялібы Цэзарэі Філіпавай. А ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?
 
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»

Яны ў адказ яму гаварылі: За Яна Хрысціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.
 
Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелям, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».

Тады сказаў ім: А вы-ж за каго мяне маеце? У вадказ яму Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус.
 
І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»

І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.
 
І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

Ды пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшымі й архісвятарамі й кніжнікамі ды быў забіты й пасьля трох дзён згробуўстаў.
 
І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і па трох днях уваскрос.

І гаварыў гэтыя словы адкрыта. А Пётр, узяўшы яго, пачаў яму дакараць.
 
І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.

Ён-жа, абярнуўшыся й паглядзеўшы на вучняў сваіх, зганіў Пятра, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатан ты, бо думаеш не аб тым, што Божае, але што людзкое.
 
Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».

І паклікаўшы грамаду разам із сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча йсьці за мною, хай адрачэцца самога сябе, й хай возме крыж свой ды йдзе за мною.
 
І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.

Хто бо маніцца ўсьцерагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне й эванэліі, ўхавае яго.
 
Бо хто хоча выратаваць душу́ сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу́ сваю дзеля Мяне і дзеля Эва́нгельля, той збавіць яе.

Бо якая карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?
 
Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы́ сваёй пашкодзіць?

Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?
 
Або што дасьць чалавек у выкуп за душу́ сваю?

Бо хто пастыдаўся б мяне і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, пастыдаецца яго й Сын чалавечы, як прыйдзе ў хвале Айца свайго з анеламі сьвятымі.
 
Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».