Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Праўду кажу ў Хрыстусе, ня лгу — сьветчыць мне маё сумленне ў Духу Святым —
 
Праўду кажу ў Хрыстусе, ня лгу, сьведчыць аб гэтым маё сумленьне ў Духу Сьвятым,

што маю вялікую журбу й неадступны ад сэрца майго боль;
 
што адчуваю ў сэрцы сваім вялікі смутак (журбу) і заўсёды боль сэрца.

я бо сам гатоў быў на анатэму ад Хрыстуса за братоў маіх, родных мне целам;
 
Я гатоў сам быць праклятым (пад пракляцьцем), адлучаным ад Хрыста (для збаўленьня) за братоў маіх, каторыя па целу маім зямлякамі (роднымі).

гэта знача, Ізраэльцаў, якім належыцца усынаўленне і слава, і запавет, і заканадаўства, і багаслужба, і абяцанні;
 
Яны Ізраельцы, маючыя прыбранае сыноўства і хвалу, і прымірэньне і законадаўства, культ службы Божай ды абяцаньні.

іх-жа й айцы, ад іх і Хрыстус паводле цела, істы над усімі Бог багаслаўлёны навекі. Амэн.
 
Да іх належаць прабацькі, з іх па целу — Хрыстус. Ён над усімі, Бог праслаўлен у вякі вечныя. Амэн.

Алеж ня так, каб слова Божае ня збылося: ня ўсе бо тые з’яўляюцца Ізраэльцамі, што паходзяць ад Ізраэля
 
Гэта ня тое, каб слова Божае ня дзейсьнілася. Бо не ўсе, што з Ізраеля — Ізраельцы.

ды ня ўсе нашчадкі Абрагама ёсьць ягонымі сынамі, але: ад Ізаака звацімецца тваё насенне (Быць. 21:12),
 
Ды не ўсе нашчадкі Абрагама — яго сыны, але "у Ізааку прызнана будзе тваё патомства (насеньне)".

гэта знача: ня сыны цела ёсьць Божымі за насенне (патомкаў).
 
Гэта значыць: не сыны па целу дзецьмі Божымі, але сыны абяцаньня лічацца сынамі, патомствам,

А словы празначэння вось гэткія: у гэным-жа часе прыйду і Сара будзе мець сына (Быць. 18:10).
 
слова ж абяцаньня такое: "Прыйду ў той сам час, і Сара будзе мець сына".

дый ня толькі яна, але і Рэбэка, зачаўшая з Ізаакам айцом нашым за адным разам двух сыноў.
 
Ды ня толькі яна, але і Рэбэка пачала (двух, блізьняты) ад бацькі нашага Ізаака.

І калі яны яшчэ ня былі нарадзіліся ды не зрабілі яшчэ нічога добрага ні благога — каб пастанова Божага выбранства засталася ненарушанай —
 
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчыніўшы: ані дабра, ані зла — каб зьдзейсьніўся (споўніўся) намер (рашэньне) Божы,

не з учынкаў, але з волі Паклікаўшага, было ёй сказана: большы будзе служыць меншаму (Быць. 25:23),
 
сказана было ёй не дзеля ўчынкаў, але з волі паклікаючага: "Старшы будзе служыць (падчыняцца) малодшаму",

як напісана: Якуба я палюбіў, а да Эзава нехаць меў (Мал. 1:2−3).
 
як напісана: "Якуба ўзьлюбіў, а Эзава зьненавідзеў".

Што на гэта скажам? Мо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
 
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!

Бо-ж Ён сказаў Майжэшу: Зжалюся над тым, каго шкадую, а зласкаўлюся над тым, да каго літасьць чую (Быць. 33:19).
 
Ён жа Майсею: "Я пашкадую таго, каго захачу пашкадаваць ды буду міласьцівы таму, каму захачу быць міласьцівым".

Восьжа, не ад задаючага, ці ад забягаючага зьлітаванне залежыць, але ад Бога мілуючага.
 
Гэта (адбор) залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто бегае, але ад Бога міласэрнага.

Пісанне бо кажа Фараону: Натое Я й паставіў цябе, каб паказаць над табою моц маю, ды каб маё імя па ўсёй зямлі было абвяшчана (Вый. 9:16).
 
У Пісаньні кажа (Бог) фараону: "На тое Я разлаваў цябе, каб паказаць на табе моц (магуту) Сваю, ды каб разславіць імя Сваё па ўсёй зямлі".

Дык — каго хоча пашчаджае, а каго хоча закамяняе.
 
Дык таму каго хачу — пашкадую, а каго хачу — закамяню.

Ты мо скажаш мне: заштож яшчэ вінаваціць грэшнікаў? Хто бо супрацівіцца волі Ягонай?
 
Дык можа мне: "Чаму тады наракаць? Хто зможа супрацівіцца волі Ягонай?

А штож ты за-такі, чалавеча, што з Богам спрачаешся? Ціж пытаціме гліняная знадоба зьляпіўшага яе: чаму ты мяне гэткім згарусьціў?
 
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог спорыць (спрачацца) з Богам? Ці ж можа зьлепак (пасуда) пытацца ў таго, хто яго зьляпіў: "Чаму мяне такім зьляпіў?"

Ці ня ўладны ганчар над глінаю, каб з тагож месіва зрабіць адну судзіну на пачэсную патрэбу, а другую на нізкую?
 
Ці ж ганчар ня мае моцы (волі), каб з таго самога мясіва зрабіць адну пасудзіну для важнага ўжытку, а другую — для простага ўжытку?

Штож, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і ўнаяўніць сваё магуцтва велецярпліва шчадзіў судзіны гневу, гатовыя ў патрату,
 
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магуту (моц) Сваю, з вялікім цярпеньнем шчадзіў пасудзіны гневу, празначаныя на загубу.

каб аказаць такжа багацьці свае хвалы і над судзінамі міласэрдзя, к хвале прыдбанымі,
 
Ды, каб выявіць багацьці хвалы сваёй над пасудзінамі міласэрдзя, каторыя ўпярэдня (наперад) прыгатаваў на хвалу,

гэта знача: над намі, пакліканымі ня толькі з Юдэеў, але і паганаў;
 
адносна нас, каторых паклікаў ня толькі спасярод Юдэяў, але таксама спаміж паганаў.

як у кнізе Озэаша (2:23) кажа: Ня мой народ назаву маім народам, а нялюбую — любаю;
 
Як кажа пра гэта Озій: "Ня Мой народ назаву Маім народам, а нялюбаю — любай (уміленьніцай)".

і станецца, што на тым месцы, дзе было ім сказана: «Вы ня мой народ» — там сынамі Бога жывога названыя будуць (Оз. 1:10).
 
І на тым месцы, дзе ім было сказана: "Вы ня Мой народ, там называць іх будуць сынамі Бога жывога".

а Ізаяш наўскліч прарочыць аб Ізраэлі: Хоцьбы сыны ізраэльскія лікам былі моў пясок у моры — збавяцца толькі астанкі!
 
Ізаія вясьціў пра Ізраеля: "Хоць бы лік сыноў Ізраеля быў як марскі (моравы) пясок, толькі Астаткі будуць збаўлены.

Давяршаючы бо слова і прысьпешваючы справядлівасьць, рашуча зьдзесьніць Госпад яго на зямлі (Із. 22−23).
 
Бо Госпад зьдзейсьніць на зямлі Сваё слова рашуча ды без адкладу.

І як запрарочыў тойжа Ізай: Каліб Госпад Сабаот не пакінуў быў нам патомства, дык мы сталісяб моў Содома ды ўпадобнілісяб да Гоморы (Із. 1:9).
 
Як таксам прадсказаў Ізаій: Калі б Госпад Магуцьцяў (Сабаот) не пакінуў нам патомства — сталі бы мы мо Садома ды былі бы падобнымі да Гаморы".

Штож скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, асягнулі праведнасьць, але праведнасьць зь веры;
 
Дык што можам сказаць? Гэта вось, што пагане не спаганялі справядлівасьці, а трымалі справядлівасьць, якая ўзьнікае з веры.

а Ізраэль, шукаўшы закону праведнасьці, не дасягнуў таго закону.
 
А Ізраель спаганяючы Закон справядлівасьці ды законнасьці не дайшоў.

Чаму? Бо шукаў яго ня ў веры, а ў учынках моў Закону: спатыкнуліся, бач, аб камень спатыку;
 
Чаму? Бо спаганяў справядлівасьць не з веры, але як бы па ўчынках (Закона). (Учынкі без веры — пустата). Яны спатыкнуліся аб камань абразы (спатыкненьня).

як напісана: Кладу вось на Сыоне камень спатыку і скалу абурэння, а кажны, хто ў яго верыць, ня будзе застуджаны (Із. 8:14).
 
Як напісана: "Вось жа кладу на Сыёне камень абразы (спатыкненьня) і скалу згаршэньня. Хто верыць у Яго ня будзе засаромлены".