Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык прашу вас, браты, на міласьць Боскую, аддавайце вашае цела ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу, на разумную службу вашу.
 
Дык прашу вас, браты, на міласьць Божую, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу для разумнае паслугі вашае.

А не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераіначцеся аднаўленнем розуму, каб дазналіся якой ёсьць воля Божая: што водле яе ёсьць добрае, што мілае, што дасканальнае.
 
А не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераменяйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць. Якая ёсьць воля Божая, што добрае, што прыемнае Богу ды што дасканалае.

Кажу бо, данаю мне лаксаю, ўсім з вас: ня думайце болей як трэба, але думайце ўмеру, водле надзеленага кажнаму ад Бога дару веры.
 
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас: ня думайце аб сабе (не зазнавайцеся) вышэй, чым належыцца, але хай думае аб сабе трэзва паводле дадзенаму кожнаму дару веры.

Бо як у вадным целе шмат маем складовых частак, а яны ня тую самую выконваюць дзейнасьць,
 
Як бо ў адным целе маем многа членаў, а ўсе члены (сучасткі) ня тую самую дзейнасьць (функцыю) спаўняюць,

гэтак усе мы зьяўляемся адным целам у Хрыстусе, а паасобку — адзін другога сустаўныя часьціны.
 
падобна ўсе мы супольна творым адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін другога (дапаўняем) састаўныя часьціны.

А паводле надзеленай нам ласкі маем розныя дары: ці-то прароцтва ў дзялянцы веры,
 
А паводле надзеленай нам ласкі маем розныя дары: Ці дар прароцтва — адносна (у справе) веры,

ці-то службовасьці ў выконванні ўраду, ці-то навуковасьці ў навучанні, ці-то напаміну ў настаўлянні;
 
ці дар службы для паслугаваньня, хто дар навукі для вучэньня,

і гэтак вось: калі абдарваеш (субожынай), дык — у прастаце; калі старшынюеш, дык — рупліва; калі міласэрдзішся, дык — пагодна.
 
ці дар заахвоты для заахвачэньня, ці дар успамогі для ўспамаганьня ў прастаце сэрца, дар кіраваньня — руплівага кіраваньня людзьмі, ці дар міласэрнасьці — для ахвотнага аказваньня міласэрдзя.

Любасьць ваша хай будзе бяз прытворства; брыдзьцеся благога, а гарнецеся якмага да дабра;
 
Любоў хай будзе бяз прытворства (крывадушнасьці), адварачайцеся ад зла (ліхоцьця), спагяняйце дабро.

ўзаемна любецеся па-брацку, ў ветлівасьці адзін другога апераджайце;
 
Шчыра любіце адзін аднаго брацкаю любоўю. Шануйце адзін аднаго, упераджаючы сябе ветлівасьцю.

у руплівасьці не слабейце, духам палайце; Усеспадару служэце;
 
Будзьце стараннымі — не лянуйцеся, будзьце душэўнымі у службе Госпаду,

пацяшайцеся надзеяй, будзьце ў горы цярплівымі, ў маліцьве вытрывалымі;
 
ажыўлены надзеяй, у горы цярплівымі, трывалымі ў маленьні,

ў патрэбе сьвятых успаможнікамі, ў гасьціннасьці сусьціжнікамі.
 
бярыце ўдзел у патрэбах сьвятых, спаганяйце гасьціннасьць.

Дабраслаўляйце прасьледуючых вас, багаслаўляйце, а не клянеце.
 
Багаслаўце сваіх прасьледавальнікаў, багаслаўце, а не кляніце!

Радуйцеся з радуючыміся, плачце з плачучымі.
 
Радуйцеся — з радуючыміся, а плачце — з плачучымі.

Будзьце міжсобку аднадумнымі, ня мудруючыся завысока, а хінецеся да пакорных; ня мройце надта аб самамудрасьці.
 
Жывіце між сабой у згодзе. Не зазнавайцеся, уступайце сабе ў пакоры (сьціпласьці). Не ўважайце сябе вельмі мудрых.

Нікому злом за зло не адплачвайце, але дбайце аб дабры ня толькі перад Богам, але і перад усімі людзьмі.
 
Не адгаджайце (аддавайце) злом за зло (ліхам за ліха). Дбайце пра тое, што добрае на віду (на ваччу) ўсіх людзей.

Калі магчыма ды калі гэта залежыць ад вас, будзьце з усімі людзьмі ў згодзе.
 
На колькі магчыма, ды колькі ад вас залежыць — жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

Ня мсьцеце, мілыя, самы за сябе, а пакіньце гэта гневу Божаму, напісана бо: Мне належыць помста і я адплачу — кажа Госпад. (Паўт. Пр. 32:35).
 
Ня мсьціце, даражэнькія самі, але пакінце гэта Таму, аб Кім напісана: "Да Мяне належыць помста, Я аднагараджуся" — кажа Госпад.

Але, каліб вораг твой быў галодны, накармі яго; каліб меў смагу, напаі яго: гэта бо робячы, ты вугальлё гарачае зьбярэш яму на голаў. (Прып. 25:21−22).
 
Але калі б быў галодны непрыяцель твой — накармі яго; калі б быў засьмягшы — напаі яго. Так вось робячы — вугольле гарачае насыпаеш яму на галаву".

Не дайся злу перамагчы сябе, але зло дабром паконывай.
 
Ня дайся перамагчы злу, але зло перамажы дабром.