1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

А што да таго бажком ахвяроўванага, то ведаем; бо-ж усе маем веду; хоць веда надымае, а любасьць будуе.
 
Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усякае веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе.

Каму здаваласяб, што ён нешта ведае, дык той яшчэ не знае, як ведаць яму трэба
 
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць.

але як хто любіць Бога, таму дана ад Яго веда.
 
А калі хто любіць Бога, той ведамы Яму.

Восьжа датычна ахвяроўванага бажком мяса мы ведаем, што бажок гэта нікчомасьць на сьвеце ды што няма іншага, апрача Бога Адзінага.
 
Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага.

А хоць і ёсьць гэтак званыя бажкі, ці-то ў небе, ці на зямлі (бо-ж многа багоў і многа паноў) —
 
А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў),

то для нас існуе толькі адзіны Бог Айцец, ад якога ўсё, а мы ад Яго; ды адзін Усеспадар Езус Хрыстус, празь якога сталася ўсё, і мы празь Яго.
 
але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго.

Але ня ўсе маюць гэткую сьведамасьць, некаторыя і дагэтуль з сумленнем бажкоў прызнаючым спажываюць ім ахвяраванае, ганьбячы гэтым немачнае сумленне.
 
Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль, прызвычаіўшыся да ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая.

Яда ня збліжае нас да Бога: бо анінам прыбывае што, як ямо, ані ня ўбывае, як не ямо.
 
А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

Аднакжа сьцеражэцеся, каб гэтая вашая свабода не сталася лдя слабых спакусаю.
 
Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася часам спакусай для слабых.

Бо каліб хто ўбачыў асьвечанага за сталом у паганскай бажніцы, дык ціж слабкае сумленне ягонае ня хінецца такжа есьці балванаахвяры?
 
Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім стале, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага?

І ад асьвячонасьці твае загіне твой брат, за якога памёр Хрыстус.
 
І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос!

Грэшачы так проці братвы, ранячы іх слабасьведамасьць, вы грэшыце і проці Хрыстуса.
 
А так робячы грэх супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста.

Дык калі яда надзіць майго брата, павек ня буду есьці мяса, каб не спакушаць брата майго.
 
Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго.