1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003
А датычна таго, аб чым пісалі вы мне, дык добра чалавеку не закранаць жанчыны;
Адносна таго, што вы пісалі, дык добра чалавеку не дакранацца жанчыны.
але, з увагі на распусту, кажны хай мае сваю жонку й кажная хай мае свайго мужа.
Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.
Муж няхай аддае жонцы належнае, таксама і жонка — мужу.
Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але — муж; гэтак сама й муж ня мае ўлады над сваім целам, толькі — жонка.
Жонка не мае ўлады над сваім целам, але муж. Але падобна і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка.
Ня ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемазгодаю, да часц, каб аддацца маліцьве; потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрымнасьць вашу.
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысвяціць сябе малітве, і потым зноў будзьце разам, каб шатан не спакушаў вас праз неўстрыманасць вашую.
Гавару гэта як раду, а не як наказ.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Бо хацеўбы, каб усе людзі былі, як і я, але кажны мае свой дар ад Бога: адзін — так, а другі — гэтак.
Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой уласны дар ад Бога: адзін так, другі інакш.
Нежанатым-жа і ўдовам кажу: добра былоб, каб трывалі, як я;
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца так, як я.
а каліб не маглі паўстрымацца, няхай жэняцца; бо лепш ажаніцца, чым разьярвацца.
Калі ж не змогуць устрымлівацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца [жарсцямі].
Тым-жа, што жывуць у жанімсьцьве, загадваю не я, але Госпад: каб жонка не адлучалася ад мужа.
Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам.
А каліб разлучылася, павінна аставацца бяз мужа, або пагадзіцца з мужам сваім; такжа муж — хай не пакідае жонкі.
Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.
Іншым-жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку нехрысьціянку й яна згаджаецца зь ім жыць, то хай яе не пакідае;
Іншым жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.
і жонка, што мае няверучага мужа ды ён згаджаецца зь ёю жыць, няхай яго ня кідае;
Таксама і жонка, калі мае бязвернага мужа і калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.
бо няверны муж асьвянчаецца ў жонцы і жонка няверучая асьвянчаецца ў мужу; інакш — дзеці вашыя быліб нячыстыя, а цяпер яны сьвятыя.
Бо бязверны муж асвячаецца ў жонцы, а бязверная жонка асвячаецца ў мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — святыя.
Калі-ж няверны хацеўбы адыйсьці, няхай адыйходзіць; брат ці сястра ў гэткіх выпадках ня зьвязаны; а Бог паклікаў вас да згоды.
А калі бязверны хоча адысці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не прынявольваюцца. Да згоды паклікаў нас Госпад.
Скуль бо ты, жонка, ведаеш, ці ня збавіш мужа? Або скуль ты, мужу, ведаеш ці ня збавіш жонкі?
Адкуль, дарэчы, можаш ведаць, жонка, ці не збавіш свайго мужа? Або адкуль ведаеш, муж, ці не збавіш сваю жонку?
Хай толькі кажны паступае так, як Бог яму празначыў і да чаго паклікаў. Гэтак я навучаю і па ўсіх эклезіях.
Няхай бы кожны жыў так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.
Пакліканы хто абразаным, ня скрывайся; пакліканы хто неабразаным, то й не абразайся.
Пакліканы хтосьці як абрэзаны? Хай не хавае абразання! Пакліканы хтосьці як неабрэзаны? Хай не абразаецца.
Абразанне бо ці неабразанне — гэта нічогасьць; уся справа — ў выкананьні Божых прыказанняў.
Абразанне ёсць нішто, і неабразанне ёсць нішто, але важна выкананне прыказанняў Божых.
Кажны хай трывае ў тым, у чым быў пакліканы.
Дык хай кожны, у якім пакліканні быў закліканы, у такім і застаецца.
Быў ты пакліканы нявольнікам — ня журыся; а як можаш стацца вольным, дык карыстай з гэтага.
Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся!
Бо хто ў Богу пакліканы за свайго няволіцтва, той стаўся вызвольнікам Божым; таксама як нявольнікам Хрыстусавым стаецца той, хто пакліканы, будучы вольным.
Бо, хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, той нявольнік Хрыстовы!
Вы куплены дарагою цаною, дык не рабецеся нявольнікамі людзей.
Вялікаю цаною вы здабытыя! Дык не будзьце нявольнікамі людзей.
Хай кажны, браты, перад Богам у тым стане трывае, ў якім быў пакліканы.
Браты, хай кожны трывае перад Богам у тым, у чым быў пакліканы.
Адноснаж дзявоцтва, то наказу ад Усеспадара ня маю, а даю раду, як той, хто з Божае ласкі годзен даверу.
Што да дзявоцтва, загаду Госпада не маю, але даю параду як той, хто атрымаў ласку ад Бога быць дастойным веры.
Лічу восьжа, што, дзеля турботнай ростыркі, лепш чалавеку быць так.
Дзеля надыходзячых патрэб за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.
А зьвязаны ты з жонкаю? Ня шукай разводу. Разьвязаўся з жонкаю? Ня шукай жонкі.
Ты жанаты? Не шукай разводу! Ты без жонкі? Не шукай жонкі.
Каліжбы й ажаніўся, ня згрэшыш; і каліб дзяўчына выйшла замуж, ня згрэшыць; гэткія аднак для цела будуць мець гора; а мне шкада вас.
Калі ж ажэнішся, не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія, аднак, будуць мець клопаты паводле цела, а я вас шкадую.
Ды кажу вам тое, браты: час ужо кароткі, так што маючыя жонак, хай жывуць, якбы іх ня мелі;
Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонак, жылі, як быццам не маюць;
і тыя, што плачуць, якбы й не плакалі; а што вяселяцца, якбы й не весяліліся; ды што купляюць, якбы ня маючыя;
і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што цешацца, як бы не цешацца, і тыя, што набываюць, быццам не набываюць,
і выкарыстваючыя сьвет гэты, якбы не карыстаючыя, прамінае бо вобраз сьвету гэтага.
і тыя, што карыстаюцца гэтым светам, як бы не карыстаюцца. Бо праходзіць вобраз гэтага свету.
А я хочу, каб вы былі бястурботнымі. Хто нежанаты, клапоціцца аб тым, што Божае, як дагадзіць Богу;
Хачу, каб вы былі без клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра Госпада, як падабацца Госпаду.
а жанаты клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць жонцы; ён у разладзе.
А хто жанаты, рупіцца пра [справы] свету, як падабацца жонцы,
І жанчына незамужная й дзявіца турбуецца аб тым, што Божае, каб быць сьвятою целам і душою; а замужная клапоціцца аб справах сьвецкіх, як падабацца мужу.
і таму разгублены. І жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра Госпада, каб быць святой і целам, і духам; а якая замужам, рупіцца пра свецкія [справы], як падабацца мужу.
Кажу гэта вам на вашу карысьць, не каб накінуць вам путы, але каб вы прыстойна і бесперашкодна трымаліся Бога.
Кажу гэта на вашу карысць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і бесперапынна былі пры Госпадзе.
А калі хто ўважае за нягожае для свае дзяўчыны (дачкі), каб яна, перацьвіўшы, так і асталася, дык няхай робіць, як хоча, ня згрэшыць, хай выходзіць замуж.
Калі хто, аднак, лічыць ганебным адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзяць замуж.
Але хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім і ня зьвязаны патрэбай, але маючы ўладу над сваёю воляй, наважыўся ў сваім сэрцы захаваць дзявочасьць, той добра робіць.
А калі хто-небудзь, цвёрды ў сэрцы сваім, не маючы неабходнасці, мае, тым не менш, уладу над воляй сваёй, так пастановіць і вырашыць у сэрцы сваім захаваць дзяўчыну сваю, — добра робіць.
Таму вось, хто аддае замуж, робіць добра, а хто не аддае, робіць яшчэ лепей.
Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.
Жонка зьвязаная законам дакуль жыве ейны муж; а як памрэ муж, можа выйсьці за каго хоча, абы толькі пабожаму.
Жонка звязана, пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ, можа выйсці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.
Аднак шчасьлівейшаю будзе, калі вытрывае водле мае рады; а думаю, што і я маю Духа Божага.
Шчаснейшая, аднак, будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.