Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Галашэньне 4 Галашэньне 4 разьдзел

1 Як зацьмела золата, найчыстшае золата зьмянілася! камяні сьвятыні выкінены на ростані ўсіх вуліцаў.
2 Дарагія сынове сыёнскія, аднаважныя з чыстым золатам, як яны ўважаны за гліняныя судзіны, работу рук ганчаровых!
3 Нават дзіўствы морскія даюць іссаць, сояць дзецяняты свае; дачка люду майго неміласьціўная, як стравусы на пустыні.
4 Язык сысуна ліпне да паднябеньня ад смагі; дзецяняты просяць хлеба, няма, хто адломе ім.
5 Тыя, што жывіліся ласонікамі, гінуць на вуліцах; тыя, што адзяваліся ў шкарлат, абыймаюць кучы гною;
6 Бо павялічылася бяспраўе дачкі люду майго болей за грэх Содомы, што была перакулена якга, і рукі не дакраналіся да яе.
7 Назарэі ейныя былі чыстшыя за сьнег, бельшыя за малако, харошшыя за рубіны; выгляд іх — шафіры складам сваім.
8 Выгляд іх чарнейшы за чарноту; іх не пазнаюць на вуліцах; скура іхная прыліпла да касьцей іхных, высахла, стала як дзерва.
9 Валей быць забітымі мячом, чымся забітымі галадоўю, бо гэныя канаюць прабітыя, а гэтыя зь нястачы палявых пладоў.
10 Рукі жаласьлівых жанок варылі собскія дзеці свае, яны сталі ім ежаю ў патрышчаньню дачкі люду майго.
11 СПАДАР скончыў гнеў Свой, выліў палкі гнеў Свой і запаліў цяпло на Сыёне, і яно пажэрла поды яго.
12 Ня верылі каралі земныя і ўсі жыхары сьвету, каб праціўнік а вораг увыйшоў у брамы Ерузаліму,
13 За грахі прарокаў яго, за бяспраўі сьвятароў яго, што разьлівалі сярод яго кроў справядлівых.
14 Сноўдаліся нявісныя па вуліцах, плюгавіліся крывёю; ніхто ня мог датыкацца да адзежы іхнае.
15 «Адыйдзіце, нячыстыя!» — крычэлі на іх; «Адвярніцеся, адвярніцеся, не датыкайцеся!» яны ўцякалі й цягаліся; казалі меж народаў: «Яны больш ня будуць перабываць тут».
16 Від СПАДАРОЎ разьвеяў іх, ужо ня будзе глядзець на іх; відаў сьвятароў не паважаюць, не спагадаюць старым.
17 Што да нас, то выцяклі вочы нашы, дарма чакаючы помачы; із спадзеваю глядзелі мы на народ, каторы ня мог вывальніць.
18 Яны палююць на сігні нашы, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка, дні нашы выпаўніліся, прышоў наш канец.
19 Хіжшыя за паднебныя арлы былі перасьледаваньнікі нашы, па гарах гналіся за намі, на пустыні рабілі засаду на нас.
20 Дых ноздраў нашых, памазанец СПАДАРОЎ злоўлены ў ямы іхныя, а мы казалі: «Пад сьценям ягоным будзем жыць меж народаў».
21 Цешся а весяліся, дачка Едомава, што жывеш у зямлі Уц! і да цябе дойдзе чара, уп’ешся й аголішся.
22 Скончылася бяспраўе твае, дачка Сыёнская: Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён даведаецца да бяспраўя твайго, о, дачка Едомава, адкрые грахі твае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Галашэньне Ярэмава, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.