Ераміін Плач 4 разьдзел

Ераміін Плач
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.
 
Як зацьмела золата, найчыстшае золата зьмянілася! камяні сьвятыні выкінены на ростані ўсіх вуліцаў.

Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!
 
Дарагія сынове сыёнскія, аднаважныя з чыстым золатам, як яны ўважаны за гліняныя судзіны, работу рук ганчаровых!

І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народа майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:
 
Нават дзіўствы морскія даюць іссаць, сояць дзецяняты свае; дачка люду майго неміласьціўная, як стравусы на пустыні.

язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.
 
Язык сысуна ліпне да паднябеньня ад смагі; дзецяняты просяць хлеба, няма, хто адломе ім.

Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.
 
Тыя, што жывіліся ласонікамі, гінуць на вуліцах; тыя, што адзяваліся ў шкарлат, абыймаюць кучы гною;

Правіны дачкі народа майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.
 
Бо павялічылася бяспраўе дачкі люду майго болей за грэх Содомы, што была перакулена якга, і рукі не дакраналіся да яе.

Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;
 
Назарэі ейныя былі чыстшыя за сьнег, бельшыя за малако, харошшыя за рубіны; выгляд іх — шафіры складам сваім.

а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.
 
Выгляд іх чарнейшы за чарноту; іх не пазнаюць на вуліцах; скура іхная прыліпла да касьцей іхных, высахла, стала як дзерва.

Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.
 
Валей быць забітымі мячом, чымся забітымі галадоўю, бо гэныя канаюць прабітыя, а гэтыя зь нястачы палявых пладоў.

Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народа свайго.
 
Рукі жаласьлівых жанок варылі собскія дзеці свае, яны сталі ім ежаю ў патрышчаньню дачкі люду майго.

Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.
 
СПАДАР скончыў гнеў Свой, выліў палкі гнеў Свой і запаліў цяпло на Сыёне, і яно пажэрла поды яго.

Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.
 
Ня верылі каралі земныя і ўсі жыхары сьвету, каб праціўнік а вораг увыйшоў у брамы Ерузаліму,

Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;
 
За грахі прарокаў яго, за бяспраўі сьвятароў яго, што разьлівалі сярод яго кроў справядлівых.

бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.
 
Сноўдаліся нявісныя па вуліцах, плюгавіліся крывёю; ніхто ня мог датыкацца да адзежы іхнае.

«З дарогі! нячысты ідзе!» крычалі паперадзе іх; «сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!»; і саступалі ўбок; а людзі казалі: «іх болей ня будзе!
 
«Адыйдзіце, нячыстыя!» — крычэлі на іх; «Адвярніцеся, адвярніцеся, не датыкайцеся!» яны ўцякалі й цягаліся; казалі меж народаў: «Яны больш ня будуць перабываць тут».

Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць», бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.
 
Від СПАДАРОЎ разьвеяў іх, ужо ня будзе глядзець на іх; відаў сьвятароў не паважаюць, не спагадаюць старым.

Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.
 
Што да нас, то выцяклі вочы нашы, дарма чакаючы помачы; із спадзеваю глядзелі мы на народ, каторы ня мог вывальніць.

А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.
 
Яны палююць на сігні нашы, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка, дні нашы выпаўніліся, прышоў наш канец.

Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.
 
Хіжшыя за паднебныя арлы былі перасьледаваньнікі нашы, па гарах гналіся за намі, на пустыні рабілі засаду на нас.

Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.
 
Дых ноздраў нашых, памазанец СПАДАРОЎ злоўлены ў ямы іхныя, а мы казалі: «Пад сьценям ягоным будзем жыць меж народаў».

Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся.
 
Цешся а весяліся, дачка Едомава, што жывеш у зямлі Уц! і да цябе дойдзе чара, уп’ешся й аголішся.

Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.
 
Скончылася бяспраўе твае, дачка Сыёнская: Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён даведаецца да бяспраўя твайго, о, дачка Едомава, адкрые грахі твае.