1 Не хачу, браты, каб вы ня ведалі пра духоўныя (дары).
2 Калі вы былі яшчэ паганамі, ведаеце, хадзілі вы да нямых балваноў, быццам вялі вас.
3 Заручаю вас, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа: "Анатэма, хай будзе Езус пракляты!" Ды ніхто ня можа сказаць: "Езус ёсьць Госпад", як толькі ў Духу Сьвятым.
4 Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
5 І розныя ёсьць паслугаваньні, але той самы Госпад.
6 І розная таксама дзейнасьць, але той самы Бог, каторы ўсё ў-ва ўсіх робіць.
7 Кожнаму даецца аб'яўленьне Духа для агульнага дабра.
8 Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому даецца тым самым Духам слова веданьня,
9 яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дар аздараўляньня тым самым Духам,
10 іншаму зноў даецца дар чыніць цуды, іншаму — праракаваньня, іншаму — распазнаваньне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэньне моваў.
11 Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі.
12 Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
13 Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
14 А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
15 Калі б нага сказала: "Я не належу да цела, таму што я — не рука", дык няўжо яна таму і не належыць да цела?
16 Або калі вуха скажа: "Я не належу да цела, бо я ня вока?", дык няўжо яно і не належыць да цела?
17 Калі б ўсё цела было вокам, дзе ж быў бы слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе тады нюх?
18 Але Бог разьмясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Яму спадабалася.
19 А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж тады цела?
20 Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.
21 Ня можа вока сказаць руцэ: "Ты мне непатрэбная!" або галава нагам: "Вы мне не патрэбныя".
22 Наадварот, члены цела, каторыя падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
23 ды каторыя нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, ахоўваем з тым большай стараннасьцю,
24 а нашыя прыстойныя часткі цела не патрабуюць таго. Так Бог уфармаваў наша цела, што даў больш пашаны тым членам, каторым не хапала,
25 каб не было ў целе разьдзяленьня, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
26 Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе іншыя члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
27 Вы — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.
28 І адных Бог устнавіў у Царкве найперш апосталамі, далей прарокамі, трэціх — настаўнікамі, пасьля тых, што маюць моц чыненьня цудаў, потым дар лячэньня, дар успамогі, дар гаспадараваньня, дар усялякіх моваў.
29 А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?
30 Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
31 Дабівайцеся харызматаў большых, а я вам пакажу шлях дасканалейшы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Карынцянаў, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
