1 Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху.
2 Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.
3 Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею.
4 Разумныя ж узялі алею ў посуд разам з лампадамі сваімі.
5 А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
6 А апоўначы ўзняўся крык: «Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач».
7 Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады.
8 Неразумныя ж сказалі разумным: «Дайце нам вашага алею, бо нашыя лампады гаснуць».
9 Адказалі разумныя, кажучы: «Каб раптам не было недахопу і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе».
10 Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся.
11 Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: «Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!»
12 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас».
13 Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны.
14 Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх слуг і даручыў ім сваю маёмасць.
15 І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін — кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся.
16 Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць.
17 Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
18 А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.
19 Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар слуг тых і выстаўляе рахунак ім.
20 І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: «Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў».
21 Гаворыць яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
22 Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: «Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два».
23 Гаворыць яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
24 А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: «Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.
25 Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё».
26 У адказ гаспадар яго сказаў: «Слуга благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
27 Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.
28 Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і ён будзе багаты; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.
30 А слугу нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
32 І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
33 І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
34 Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: «Прыходзьце, бласлаўлёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.
35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмяглы, і вы далі Мне піць; быў госцем, і вы прынялі Мяне;
36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне».
37 Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: «Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмяглым і далі Табе піць?
38 Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі?
39 Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?»
40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: «Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі».
41 Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.
42 Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмяглы, і вы не далі Мне піць;
43 быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне».
44 Тады адкажуць яны Яму, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмяглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?»
45 Тады Ён адкажа ім, кажучы: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі».
46 І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя — у жыццё вечнае».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
