Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2012

1 Цароў 5 1-я Цароў 5 разьдзел

1 А Саламон валодаў усім царствам ад Ракі аж да зямлі філістынцаў і аж да мяжы Егіпта; яны прыносілі яму дары і служылі яму ва ўсе дні яго жыцця.
2 А харчаваннем Саламона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсцьдзесят кораў звычайнай мукі,
3 дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, за выключэннем палявання на аленяў, сарнаў, і антылопаў, і кормных птушак.
4 Ён бо валодаў усім абшарам на той бок ракі, ад Тапсы да Газы, і ўсімі царамі тых земляў; і меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
5 І Юдэя і Ізраэль жылі без усякага страху, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дана да Бээр-Сэбы ва ўсе дні Саламона.
6 І меў Саламон чатыры тысячы стайняў для коней да калясніц сваіх і дванаццаць тысяч коннікаў.
7 І назначаныя намеснікі дастаўлялі на стол цара Саламона і яго сатрапезнікаў усё неабходнае з вялікай руплівасцю кожны ў свой месяц.
8 Таксама ячмень і салому для коней і жывёлы дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначана.
9 Таксама даў Бог Саламону вельмі вялікую мудрасць і разважлівасць, і розум вялікі, як пясок, які на беразе мора.
10 І Саламон мудрасцю сваёю перавышаў мудрасць усіх сыноў Усходу і егіпцян;
11 і быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, і Гемана, і Халхола, і Дарды, сыноў Махола, і быў слаўны ўва ўсіх навакольных народаў.
12 Таксама расказаў Саламон тры тысячы прыказак, і песень у яго было тысяча пяць.
13 І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, што расце на муры; гаварыў таксама пра звяроў, і пра птушак, і пра гадаў паўзучых, і рыбаў.
14 І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасці Саламона, ад усіх цароў зямлі, якія чулі пра мудрасць яго.
15 Таксама Гірам, цар Тыра, паслаў да Саламона паслугачоў сваіх; бо пачуў, што яго намасцілі на цара на месца бацькі яго, паколькі Гірам увесь час быў сябрам Давіда.
16 А Саламон паслаў да Гірама, кажучы:
17 «Ты ведаеш волю Давіда, бацькі майго, і што не змог пабудаваць дом імю Госпада, Бога свайго, дзеля войнаў, што пагражалі яму, аж пакуль Госпад не паклаў іх пад ногі яго.
18 Цяпер жа Госпад, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў; няма супраціўніка і няма нападзення ліхога.
19 Дзеля таго вырашыў я пабудаваць святыню імю Госпада, Бога майго, як загадаў Госпад Давіду, бацьку майму, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасля цябе, ён пабудуе дом імю Майму”.
20 Дык ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібана, а мае паслугачы хай будуць разам з тваімі паслугачамі; я ж буду плаціць табе за паслугачоў тваіх, колькі ты загадаеш: бо ведаеш, напэўна, што ў маім народзе няма чалавека, які б умеў ссякаць дрэвы, як сідонцы».
21 Так, калі пачуў Гірам словы Саламона, дужа ўзрадваўся і сказаў: «Дабраславёны сёння Госпад, Які Давіду даў сына наймудрэйшага над гэтым шматлікім народам».
22 І паслаў Гірам да Саламона, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне загадаў сказаць, і я споўню кожнае жаданне тваё адносна дрэў кедравых і яловых.
23 Паслугачы мае даставяць іх з Лібана да мора, і я злучу іх у плыты, і дастаўлю морам у месца, якое ты мне вызначыш, і там размяшчу я іх, і ты забярэш іх; і ты дасі мне ўсё неабходнае, каб меў хлеб дом мой».
24 Так Гірам дастаўляў Саламону кедравыя дрэвы і кіпарысы паводле кожнага жадання яго.
25 А Саламон даваў Гіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне дому яго і дваццаць кораў найчысцейшага алею; гэта дастаўляў Саламон Гіраму штогод.
26 Таксама даў Госпад мудрасць Саламону, як абяцаў яму; і быў мір між Гірамам і Саламонам, і яны абодва заключылі запавет.
27 І выбраў цар Саламон работнікаў з усяго Ізраэля лікам трыццаць тысяч чалавек.
28 І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысяч на змену, так што па два месяцы яны былі ў сябе дома; і Аданірам быў загадчыкам над імі.
29 І ў Саламона было яшчэ семдзесят тысяч тых, што насілі цяжары, і восемдзесят тысяч каменябойцаў у гарах,
30 апрача трох тысяч трохсот наглядчыкаў, прызначаных Саламонам наглядаць за народам, які выконваў работу.
31 І цар загадаў, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні дарагія для падмуркаў святыні, камяні квадратныя;
32 такім чынам, абчэсвалі іх работнікі Саламонавы, работнікі Гірамавы і жыхары Гібла, дрэвы і камяні, і падрыхтоўвалі іх на пабудовы святыні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Цароў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012