1 І ты, Бэтлехэм, Эфрата, ці ж найменшы ты паміж мностваў Юды, бо з цябе для Мяне выйдзе Той, Хто стане Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго ад даўніх часоў, ад дзён спрадвечных.
2 Таму Ён пакіне іх да часу, у якім народзіць Тая, Якая мае нарадзіць; і астатак братоў Яго вернецца да сыноў Ізраэля.
3 І Ён прыйдзе, і будзе пасвіць моцаю Госпада паводле велічы імя Госпада, Бога Свайго; і будуць жыць яны бяспечна, бо тады будзе Ён вялікі аж да краёў зямлі,
4 і будзе Ён супакоем. Калі асірыец уварвецца ў зямлю нашу і калі будзе хадзіць па палацах нашых, мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў з народа.
5 І будуць яны пасвіць зямлю Асірыі мечам і зямлю Німрода — дзідамі; і Ён вызваліць ад асірыйца, калі ён уварвецца ў край наш і калі ўвойдзе ў межы нашы.
6 І будзе рэшта Якуба сярод многіх народаў, як раса ад Госпада і як шчодры дождж на траву, якая не спадзяецца на чалавека, ані аглядаецца на сыноў чалавечых.
7 І рэшта Якуба будзе паміж народамі, паміж многімі плямёнамі, як леў сярод звяроў лясных і як ільвяня сярод статкаў авечых; ён, калі прыходзіць, і топча, і раздзірае, і няма такога, хто б уратаваў ад яго.
8 Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае загінуць.
9 «І будзе ў той дзень — кажа Госпад, — Я вынішчу коней тваіх у цябе, і раструшчу калясніцы твае,
10 і зруйную гарады на зямлі тваёй, і развалю ўсе ўмацаванні твае,
11 і забяру чараванні з рукі тваёй, і варажбітоў ужо не будзе ў цябе.
12 І Я знішчу розныя выявы твае і камяні твае ў цябе, і не будзеш болей пакланяцца творам рук сваіх;
13 Я павырываю ў цябе твае слупы і знішчу тваіх ідалаў
14 І ў гневе і абурэнні здзейсню помсту над усімі народамі, якія былі непаслухмянымі Мне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Міхея, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012
