Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
 
У гэты саму час прыйшло некалькі людзей і расказалі Яму пра Галілейцаў, каторых кроў Пілат зьмяшаў з іхнімі ахвярамі.

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак?
 
У адказ сказаў ім Езус: "Ці вы думаеце, што гэныя Галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя Галілейцы, што так пацярпелі?

Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтаксама загінеце.
 
Ніякім чынам. А кажу вам, калі і вы пакутаваць ня будзеце, усе падобна пагінеце.

Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме?
 
Як гэных васемнаццаць, на якіх завалілася вежа у Сілёэ і забіла іх. Ці вы думаеце, што яны былі большымі грэшнікамі, чым усе людзі пражываючыя ў Ерузаліме?

Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтаксама загінеце».
 
Ніякім чынам — кажу вам, але калі пакутаваць ня будзеце, усе вы падобна папрападаеце.

І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў.
 
Затым разказаў ім гэтую прыповесьць: нейкі чалавек меў дрэва фігі, пасаджанае ў сваім вінаградніку. Раз прыйшоў шукаць фрукту на ім, але не знайшоў.

І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?”
 
Дык сказаў загадчыку вінаградніка: "Ужо тры гады прыходжу і шукаю фрукту на гэтым дрэве фігавым, але не знаходжу. Выкарчуй яго, бо нашто зямлю займае?"

Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,
 
Кажа яму загадчык: "Гаспадару, пакінь яго на гэты год, я яго абкапаю і абкладу навозам,

ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”».
 
можа стане пладаносіць, а калі не, пазней яго выкарчуеш".

У адной сынагозе Ён навучаў у суботу.
 
Аднойчы ў шабат навучаў Езус у адной сінагозе.

І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца.
 
А вось адна жанчына ад васемнаццаці гадоў мела духа немачы, хадзіла згорбеўшы і не магла ніяк глянуць уверх.

Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй».
 
Калі ўбачыў яе Езус, пазваў да Сябе ды сказаў ёй: "Жанчына, асвабоджана ты ад сваёй нядужасьці".

І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
 
Затым усклаў на яе рукі і яна адразу выпраставалася і славіла Бога.

На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы».
 
Тады начальнік сынагогі, абураны, што Езус аздараўляў у шабат, казаў да натоўпу: "Шэсьць дзён ёсьць, у каторыя належыцца працаваць, дык у тыя дні прыходзьце на лячэньне, а не ў дзень шабату".

Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць?
 
А Госпад у адказ казаў яму: "Крывадушнікі, ці ж кожны з вас не адвязвае вала свайго або асла ад жлобу, ды не вядзе напаіць у дзень шабату".

А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?»
 
А ці ж гэтае дачкі Абрагама, зьвязанай дэманам ад васемнаццаці гадоў, не належылася асвабадзіць ад увязі ў шабат?"

І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.
 
Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго праціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных Яго чынаў.

Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?
 
Дык далей казаў: "Да чаго падобнае Каралеўства Божае ды з чым мог бы яго параўнаць?

Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных».
 
Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы чалавек пасеіў у сваім агародзе. І вырасла яно і сталася дрэвам вялізным і нябесныя птушкі адпачывалі на яго галінах.

І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
 
І зноў гаварыў: да чаго параўняю Каралеўства Божае?

Яно падобнае да кіслі, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».
 
Яно падобнае да квасі, якое ўзяўшы жанчына і ўмішала ў тры меркі мукі і ад яе ўсё ўкісла".

І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму.
 
Езус хадзіў навучаючы па гарадах і вёсках, направіўшыся ў Ерузалім.

Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім:
 
Хтосьці сказаў Яму: "Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены? А Ён сказаў ім:

«Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць.
 
Пастарайцеся ўвайсьці праз цесную браму — бо кажу вам — многія будуць хацець увайсьці і ня змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”.
 
Бо калі гаспадар дому і запрэ дзьверы, будзеце стаяць на вонкі і стукацца ў дзьверы, кажучы: Госпадзе, адапры нам. А ў адказ скажа вам: ня ведаю, адкуль вы.

Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
 
Тады пачніцё гаварыць: елі мы і пілі з Табою і навучаў Ты на нашых вуліцах.

І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”.
 
Але Ён скажа вам: ня ведаю, адкуль вы? Адыходзіцеся ад Мяне ўсе, каторыя дапускаецеся беззаконьня".

Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч.
 
Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым, а самых сябе вон выкінутых.

І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым.
 
Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і засядуць у каралеўстве Божым

І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі».
 
Так апошнія стануць першымі, а першыя — апошнімі.

У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».
 
У той самы дзень падыйшло да Яго некалькі фарызэяў і сказалі Яму: "Выхадзі і ідзі адсюль, бо Гэрад хоча Цябе забіць.

І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”.
 
Ён сказаў ім: "Ідзіце і скажыце гэнаму лісу: "Вось Я выганяю дэманаў і лячу хваробы сёньня і заўтра, а трэцяга дня спынюся.

Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
 
Аднак трэба, каб Я сёньня і заўтра і пазаўтра быў у дарозе, нельга Прароку гінуць па-за Ерузалімам.

Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі.
 
О Ерузаліме, Ерузаліме, які забіваеш Прарокаў, камянуеш тых, што да цябе пасыланыя. Колькі раз хацеў сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад свае крыльлі, але ты не хацеў?

Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Бо сапраўды кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».
 
Дык застанецца вам ваш дом пустым. Бо, кажу вам, не ўбачыце Мяне датуль, аж пакуль ня скажыце: "Багаслаўлены той, хто прыходзіць у імя Госпада" (Пс. 117:26).